На базе ЗАО «АСБ-Агро Новатор» прошёл районный семинар

Актуально Год малой родины Заботы сельские

У мінулую пятніцу на базе ЗАТ “ААБ-Агра Наватар” прайшоў раённы семінар, дзе абмяркоўваліся пытанні нарыхтоўкі кармоў і вытворчасць малака. Удзел у нарадзе прынялі старшыня райвыканкама Г. У. Унуковіч, начальнік упраўлення земляробства, раслінаводства і кормавытворчасці камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама В. А. Нярозя, спецыялісты райсельгасхарчу, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў.

     На МТФ “Ржаўка” ўвагу надалі комплексу мерапрыемстваў па падрыхтоўцы жывёлагадоўчых аб’ектаў да будучага  зімова-стойлавага перыяду. Месца нарады выбралі невыпадкова: у гасдарцы пра зіму пачалі думаць ужо цяпер, тут поўным ходам ідзе ачыстка памяшканняў і траншэй. На дадзенай МТФ змяшчаецца больш за 200 галоў КРС. Да 10 чэрвеня сельгасарганізацыям даручана распрацаваць план мерапрыемстваў па рамонце аб’ектаў (што канкрэтна трэба зрабіць і якія фінансавыя затраты неабходны) і завяршыць першы этап – ачыстку. Крытыка ў дадзеным пытанні была адрасавана ААТ “Бешанковічы аграсэрвіс”, што яшчэ не прыступіла да справы (а да 1 верасня памяшканні ўжо павінны быць падрыхтаваныя). Між іншым, вясенне-палявыя работы ўжо на фінішнай прамой, і ў лік самых важных пытанняў выходзіць падрыхтоўка траншэй, наяўнасць у гаспадарках кансервантаў і пытанні іх набыцця.

     Намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама М. В. Кавалёнак звярнуў увагу на працэс завяршэння сяўбы яравых культур і пытанні падрыхтоўцы машынна-трактарнага парку да нарыўкі кармоў. В. А. Нярозя заўважыў, што ў спісе галоўных спраў зараз павінен заставацца яшчэ і падсеў траў. У цэлым гаспадаркі, як правіла, завяршылі сяўбу яравых. Аднак некаторыя, што справіліся з задачай першымі, яшчэ дзе-нідзе дасявалі плошчы, вызначаныя дадаткова. 

     Як правільна арганізаваць догляд за маладняком КРС, расказаў намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу А. В. Баранок. Асабліва падрабязна Аляксандр Віктаравіч спыніўся на асаблівасцях тэхналогіі кармлення, паколькі другая палова мая і чэрвень – самы крытычны перыяд для маладняку. Зялёную масу ў рацыёне цялят трэба правяліць, а ў памяшканнях абавязкава праводзіць санітарныя дні, якія павінны ўключаць у сябе таксама аэразольную апрацоўку для прафілактыкі захворванняў органаў дыхання. На парадку зрабіла акцэнт у сваім выступленні і кіраўнік раёна. Г. У. Унуковіч адзначыла, што яго трэба падтрымліваць як на саміх жывёлагадоўчых памяшканнях, так і на тэрыторыі ля фермы. Таксама Галіна Уладзіміраўна падкрэсліла важнасць захавання тэхналагічнага рэгламенту. “Кожны работнік павінен ведаць і добрасумленна выконваць свае абавязкі, імкнуцца павялічваць вытворчыя паказчыкі”, – заўважыла Г. У. Унуковіч.

     Больш дэталёвая размова адбылася на полі, куды перамясціліся ўдзельнікі семінара, каб абмеркаваць вытворчасць малака ва ўмовах пашавага перыяду і тэхналагічныя патрабаванні кругласутачнай загоннай сістэмы выпасу. Галоўная задача зараз – максімальна скарыстаць багацце зялёных кармоў, бо зіма спытае строга. Гаспадаркі раёна арганізавана вывелі статкі на пашу (сфарміравана 20 гуртоў кароў і 14 – цялушак). У цэлым прырост малака за 15 дзён мая склаў 104,1%, на адну галаву – 0,6 кг. У маі мінулага года на 10 тон павялічылі вытворчасць малака, сёлета чакаецца не менш. Наладжана трохразовае даенне на перасоўных даільных устаноўках, жывёла забяспечана вадой (дарэчы, ёй патрабуецца не менш за 80 л, а ў спёку – усе 100). Асобная размова і тут ішла пра тэхналогію: за гадзіну да пачатку даення кароў пераводзяць у новы загон, што, аднак, назіраецца не ва ўсіх гаспадарках. Не паўсюль гурты забяспечаны соллю, а дзесьці няма для яе належных ёмістасцяў (крытыка была звернута да кіраўніцтва і інжынерных службаў КСВУП “ДраздыАгра” і ДП “ПалітаддзелецАгра”). Прысутныя на дадзенай нарадзе ўзялі на заўвагу, якая дакументацыя павінна быць пра той ці іншы статак (схемы выкарыстання загонаў і інш.). Акрамя таго, вызначылі ўраджайнасць дадзенай пашы (50 ц/га), велічыню сутачнага загону (ва ўсіх прыкладна аднолькавы – 2,5-3 га, з улікам таго, што дзесьці каля 25% травы застаецца няўжытай). Не абышлі ўвагай і колькасць заработнай платы (даведзена да ведама кожнага працаўніка). Па працы, як кажуць, і ўзнагарода.

     Абмеркавалі таксама асноўныя аспекты тэхналогіі ветэрынарнага абслугоўвання жывёл і ўзнаўлення статка ва ўмовах пашавага перыяду. Галоўны ветэрынарны ўрач ДЛПУ “Бешанковіцкая райветстанцыя” С. А. Косцюшаў акрэсліў важнасць прафілактыкі шаленства, вакцынацыі, своечасовую апрацоўку жывёл супраць гнюса на працягу летняга перыяду. Як было адзначана, у спецыялістаў ветстанцыі усе неабходныя медыкаменты ёсць. Планы жывёлаводаў – дасягнуць максімальнай вытворчасці малака і мяса ва ўмовах выкарыстання танных травяных кармоў. Трэба адзначыць, тэхналогія ўсіх працэсаў будзе заставацца на кантролі райсельгасхарчу.

Марыя САНЬКО.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *