Г. В. Унукович: «На первом месте — качество жизни людей»

Актуально Важное Общество

  Не прайшло і пяці месяцаў з часу прызначэння на пасаду старшыні Бешанковіцкага райвыканкама Г. У. Унуковіч, а пазітыўныя перамены, пачынаючы ад навядзення парадку на зямлі і заканчваючы канкрэтным рашэннем надзённых праблем прыдзвінцаў, усім відавочныя. Аб гэтым і пойдзе размова ніжэй.

  — Галіна Уладзіміраўна, Вы ўзначалілі раён не так даўно. Якія першапачатковыя задачы ставілі перад сабой?

   — Па-першае і галоўнае – паляпшэнне якасці жыцця людзей. А для гэтага нам трэба значна павялічыць аб’ёмы вытворчасці, стварыць умовы для вядзення бізнесу і прыцягнення інвестыцый, атрымаць эканамічны вынік, прыбытак, папоўніць бюджэт раёна. Ёсць да чаго імкнуцца ў сельскай гаспадарцы, у развіцці  сацыяльнай сферы і інфраструктуры, малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Перад намі стаяць сур’ёзныя задачы  па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку як у райцэнтры, так і ў населеных пунктах. Важны накірунак – падтрымка ініцыятыў, якія зыходзяць ад грамадскіх арганізацый, аб’яднанняў, дэпутацкага корпусу, саміх жыхароў раёна. Канструктыўны дыялог – аснова рашэння многіх надзённых пытанняў.

   У нашага раёна ёсць патэнцыял, і яго трэба выкарыстоўваць. Поспех прыходзіць да таго, хто да яго імкнецца. У нас для гэтага ёсць самае галоўнае – людзі, якія могуць і жадаюць працаваць.

  — Аснова развіцця любога рэгіёна на сучасным этапе – гэта, у першую чаргу, эфектыўная эканоміка. Якія накірункі дзейнасці рэалізоўваюцца ў раёне паспяхова, а над якімі неабходна яшчэ працаваць?

    — Штогод распараджэннем Віцебскага аблвыканкама раёну даводзяцца паказчыкі эфектыўнасці работы, іх 14. На дадзены момант выкананы 10. Раён справіўся з выкананнем задання па экспарту тавараў, уводу ў эксплуатацыю агульнай плошчы жылля, па працаўладкаванні грамадзян на новаствораныя працоўныя месцы, рэнтабельнасці продажаў, аб’ёму будаўніча-мантажных работ і прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове. Забяспечаны рост аб’ёмаў прамысловай вытворчасці, выкананы параметры па энергазберажэнні, зніжэнні ўзроўню выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі, па стварэнні новых арганізацый, а таксама росце заработнай платы.

    На жаль, не выканана ў поўным аб’ёме заданне па рознічным тавараабароце. Значна знізіўся тавараабарот грамадскага харчавання, а таксама тэмп росту экспарту паслуг. Асноўная прычына таму —складаная эпідэміялагічная абстаноўка, закрыццё межаў. Але найбольшую заклапочанасць выклікае зніжэнне вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі.

   — Што перашкодзіла аграрыям атрымаць неабходны вынік? 

 — За 6 месяцаў бягучага года аб’ём вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 83,9% да узроўню мінулага года. Гэта звязана з тым, што з-за эпізаатычнай сітуацыі прыпынена работа вытворчага ўчастка “Свінакомплекс “Свіціна” УП “Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў”. Пагалоўе свіней у раёне зменшылася на 21 тысячу (а гэта 14% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў раёне). У цяперашні час у памяшканнях комплексу ў мэтах папярэджання афрыканскай чумы свіней праведзены неабходныя мерапрыемствы. Адабрана свінапагалоўе для пастаноўкі біялагічнай пробы. У бліжэйшы час участак адновіць работу ў рэжыме прадпрыемства закрытага тыпу.

     На зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі значна паўплывала і перапрафіляванне памяшканняў ВУ “Сокарава  ЗАТ  “Віцебскаграпрадукт”. На ўчастку вядуцца работы па рэканструкцыі памяшканняў для вырошчвання рамонтнага маладняку, прызначанага для далейшага ўзнаўлення свінапагалоўя. Дарэчы, за чэрвень гэтага года тут выраблена ўсяго толькі 16 тон прадукцыі, або 28,3% да мінулагодняга ўзроўню.

   Не выкананы паказчык па валавой вытворчасці малака. Прычын некалькі: гэта ліквідацыя ў 2019 годзе КСВУП «ПлісыАгра», недастатковая кармавая база, нізкая забяспечанасць канцэнтраванымі кармамі. Патрабуе ўдасканалення праца па ўзнаўленні статка буйной рагатай жывёлы, асабліва дойнага. Будзе малако — будуць грошы. Галоўнае – не забываць пра зарэкамендаваўшыя сябе тэхналогіі і дысцыпліну. У перспектыве – вялікая праца па пошуку і развіццю новых накірункаў у сельскай гаспадарцы, у тым ліку шляхам узаемадзеяння сельгаспрадпрыемстваў з інтэграцыйнымі структурамі.

     Са станоўчага боку адзначу працу СУП “Свіціна-ВМК», ДП «ПалітаддзелецАгра», СУП «Вядзерава», дзе і калектывы моцныя, і заработная плата годная.

— Пачалася  ўборачная кампанія. Якія задачы пастаўлены  перад хлебаробамі?

— Галоўная задача – правесці жніво своечасова і без страт. Якасная падрыхтоўка збожжаўборачных камбайнаў і зернесушыльных гаспадарак, прыцягненне неабходных людскіх рэсурсаў, выкананне тэхналагічнай дысцыпліны дазволяць нам выканаць дзяржзаказ і забяспечыць работу жывёлагадоўчай галіны ў аптымальным рэжыме.

— Галіна Уладзіміраўна, як Вы можаце ахарактарызаваць сітуацыю на рынку працы?

— Як стабільную. Па стане на 1 ліпеня, у раёне колькасць занятых у эканоміцы склала 6374 чалавекі. На ўліку знаходзяцца 22 беспрацоўныя (у 2019 годзе іх было 34). Узровень зарэгістраванага беспрацоўя да эканамічна актыўнага насельніцтва склаў 0,3% пры гранічна дапушчальным не больш за 2%. За студзень-чэрвень гэтага года аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні 173 грамадзянам, 121 з іх быў беспрацоўным.

— А як ідуць справы са стварэннем новых вытворчасцей і працоўных месцаў? Ці ёсць прыклады паспяховай і эфектыўнай дзейнасці ў вытворчай сферы?

   — З пачатку года на Бешанковіччыне створана 24 працоўныя месцы (заданне на першае паўгоддзе — 15). Зарэгістраваны 4 новыя арганізацыі малога і сярэдняга бізнесу. Гэта ТАА “Тэра Ностра сэрвіс” (від дзейнасці — раслінаводства), ТАА  “МІНКАБ” (вытворчасць ізаляваных правадоў і кабеляў), ПГУП  “Наследнікі і партнёры” (рознічны гандаль) і СФГ  “Каландэй-Агра» (развядзенне малочнай буйной рагатай жывёлы). Тым не менш, стварэнне новых высокатэхналагічных вытворчасцей і развіццё створаных раней прадпрыемстваў застаюцца прыярытэтнымі задачамі для эканомікі раёна.

   На працягу 30 гадоў візітнай карткай нашага раёна з’яўляецца НВП “Белкатламаш” ТАА, якое займае лідзіруючыя пазіцыі ў прамысловай сферы. На яго долю прыпадае больш за 60% вырабленай прамысловай прадукцыі і каля 10% падатковых паступленняў у бюджэт. У мінулым годзе прадпрыемствам  асвоены выпуск новага віду вадагрэйных катлоў магутнасцю да 7 МВт, атрыманы сертыфікат уласнай вытворчасці на фільтр рукаўны. Працягваецца работа па асваенні вытворчасці паравых катлоў магутнасцю 20 МВт.

   У нагу з часам ідзе ДЛГУ “Бешанковіцкі лясгас”. У гэтым годзе на прадпрыемстве праведзена мадэрнізацыя лесапільнай вытворчасці. У сферы дрэваапрацоўкі працягваюць развівацца і створаныя ў 2019 годзе прадпрыемствы ТАА “АМІС ВУД” і ТАА “Бешлесінвест”.

Паспяхова ажыццяўляе дзейнасць ТАА “Вітконпрадукт”. На тэрыторыі раёна працуюць цэхі па вырошчванні бацькоўскага статка, птушкі-маладзіцы, куранят-бройлераў, пабудаваны ўласны інкубатар, што дазволіла прадпрыемству арганізаваць тэхналагічны ланцужок ад вытворчасці кармоў да рэалізацыі канчатковай прадукцыі.

   Занялі трывалыя пазіцыі і ўпэўнена нарошчваюць свае абароты ПВТУП “ТАНДЫПАК” і СТАА “Белвест”. Першае займаецца вытворчасцю і рэалізацыяй упакоўкі з асінавага і бярозавага шпону, другое — вытворчасцю загатовак верху абутку.

    Асаблівы гонар раёна — СТАА «НАЦІВІТА». Прадпрыемства працуе над стварэннем інавацыйных лекавых сродкаў. Сёння кампанія ўяўляе сабой міжнародную навукова-вытворчую пляцоўку, якая прыцягвае самыя перадавыя інавацыйныя рашэнні ў галіне біятэхналогій з розных краін. Толькі на развіццё вытворчасці прадпрыемствам накіравана больш за 24 мільёны рублёў інвестыцый, прыцягнута каля 4 мільёнаў долараў ЗША прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове.

— Дарэчы, аб інвестыцыях. Наколькі яны дапамагаюць раёну развівацца?

—   У цэлым з пачатку года на развіццё эканомікі раёна і сацыяльнай сферы накіравана 9,6 мільёна рублёў інвестыцый у асноўны капітал, або 108,2% (у супастаўных цэнах) да аналагічнага перыяду 2019 года.

Па выніках першага паўгоддзя заданне па прыцягненні прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове выканана дзякуючы

СТАА “НАЦІВІТА” і ЗАТ “Цэрэрас груп”.

   Але на гэтым спыняцца нельга. У нашым раёне ёсць свабодныя пляцоўкі, якія патэнцыйна могуць прыняць інвестараў. Работа ў дадзеным накірунку працягваецца.

— Галіна Уладзіміраўна, вышэй Вы адзначылі, што адным з прыярытэтаў у рабоце раённай улады з’яўляецца павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва? Што гэтаму спрыяе?

— У раёне паляпшаецца якасць і культура гандлёвага абслугоўвання насельніцтва. З пачатку бягучага года плошчы рознічных гандлёвых аб’ектаў у раёне павялічыліся больш чым на 600 квадратных метраў. Бешанковіцкім філіялам Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства праведзена рэканструкцыя магазіна “Родны кут”, што ў мікрараёне вуліцы Маладзёжнай (пашырэнне гандлёвай плошчы больш чым у 2 разы дазволіла павялічыць асартымент тавараў), у рэстаран “Спадарожнік” закуплена новая мэбля і абсталяванне для раздачы. Філіялам аблспажыўтаварыства плануецца ўстаноўка гандлёвых павільёнаў у аграгарадку Бачэйкава і ў мікрараёне вуліцы Маладзёжнай. На гарадскім рынку ў райцэнтры вядуцца работы па замене гандлёвых навесаў і добраўпарадкаванні тэрыторыі. Абнаўляюць і пашыраюць свае гандлёвыя аб’екты і прыватныя прадпрыемствы.

   У раёне працягваецца будаўніцтва жылля: у гэтым годзе будзе ўведзены ў эксплуатацыю новы 40-кватэрны дом. Рыхтуецца неабходная дакументацыя для  будаўніцтва такога ж дома і ў наступным годзе.

        Вядуцца работы па добраўпарадкаванні вуліц і дарог. На вуліцы Чарняхоўскага ў райцэнтры  пракладзены новы тратуар, прыводзіцца ў парадак праблемны ўчастак дарогі ў мікрараёне вуліцы Маладзёжнай. Адрамантаваны  асфальтабетонныя пакрыцці на дарогах Задарожжа – Забелле — Вялікія Паўлавічы (1,3 кіламетра), Бачэйкава — Чашнікі (1,95 кіламетра), працавалі дарожнікі і на гравійнай дарозе Бачэйкава – Сокарава (1,5 кіламетра).

    Уведзены ў эксплуатацыю станцыі абезжалезвання ў Бешанковічах, Драздах і Сініцах. Дзякуючы будаўніцтву станцыі палепшыцца якасць вады і ў вёсцы Двурэчча.   

    Пад пастаянным кантролем улады знаходзяцца пытанні  асвятлення вуліц, капітальнага і бягучага рамонту дамоў, аўтатранспартнага абслугоўвання насельніцтва і іншыя.

— А якіх вынікаў дабілася сацыяльная сфера?

— Дынамічна развіваецца сістэма адукацыі Бешанковіччыны. Усе дашкольнікі нашага раёна забяспечаны месцамі ў дзіцячых садках. У школах функцыянуюць класы педагагічнай і аграрнай накіраванасці, у якіх дзеці рыхтуюцца да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы па адпаведных  напрамках. Роўныя магчымасці для навучання маюць дзеці з асаблівасцямі развіцця. Дастаткова высокім застаецца працэнт паступлення нашых выпускнікоў у вну краіны. Нашы дзеці таленавітыя. 46 вучняў устаноў адукацыі адзначаны за перамогу ў абласных і рэспубліканскіх алімпіядах па вучэбных прадметах, за ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях, у спартыўных спаборніцтвах, конкурсах, выставах, фестывалях…        

    Паступальна ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі. Сёлета  пры падтрымцы Сусветнага Банка рэканструкцыі і развіцця будзе праведзены капітальны рамонт з мадэрнізацыяй Астровенскай дзіцячы сад — сярэдняй школы. У планах рамонт даху ў будынку раённага цэнтра пазашкольнай работы, праводзіцца экспертыза распрацаванай праектнай дакументацыі на мадэрнізацыю СШ №1 райцэнтра. Дарэчы, лічу, што нам неабходна больш актыўна працаваць па прыцягненні ў раён сродкаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

   Удасканальваецца і сістэма медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. За апошні час у цэнтральную раённую бальніцу набылі новы УГД-апарат, прыложкавыя маніторы для рэанімацыйнай сістэмы сутачнага маніторынгу, дэфібрылятар і іншае абсталяванне. Палепшана  база фізіятэрапеўтычнага аддзялення, працягваюцца дахавыя работы ў карпусах бальніцы. Вядома, сёлета нагрузка на ахову здароўя раёна выпала небывалая, але нашы медыкі годна прынялі выклік пандэміі. З 1 ліпеня бальніца працуе ў звычайным рэжыме, пацыентам аказваецца неабходная медыцынская дапамога.  

   З улікам дэмаграфічных паказчыкаў (насельніцтва раёна, на жаль, старэе) будуюць сваю працу ўстановы сацыяльнай абароны. З’яўляюцца новыя формы абслугоўвання састарэлых людзей. Удасканальваецца безбар’ернае асяроддзе. Вялікая ўвага надаецца падтрымцы сем’яў і дзяцей. За 6 месяцаў года дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу атрымалі 277 чалавек на агульную сумму 97,4 тысячы рублёў, сямейны капітал прызначаны 14 сем’ям Бешанковіччыны.

    Працягваецца рэканструкцыя Бешанковіцкай дзіцячай школы мастацтваў. З пачатку правядзення работ асвоена каля 900 тысяч рублёў. Дарэчы, вучні школы мастацтваў у 2019-2020 навучальным годзе сталі лаўрэатамі першай і другой ступені 4-га абласнога конкурсу вакалістаў і інструменталістаў, першай і трэцяй ступені фестывалю маладых выканаўцаў імя М. М. Пятрэнкі. Харэаграфічны калектыў В. Жукавай стаў лаўрэатам трэцяй ступені ў 11-м рэгіянальным конкурсе дзіцяча-юнацкай творчасці “Парусы надзеі — 2020” у Оршы… Ёсць чым ганарыцца раёну і ў сферы спорту і турызму. 

— Галіна Уладзіміраўна, якое Ваша стаўленне да надыходзячых выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь?

    — Да галоўнай палітычнай падзеі краіны застаецца менш за два тыдні. Лічу, што большасць беларусаў зацікаўлена ў захаванні   стабільнасці і далейшым сацыяльна-эканамічным развіцці рэспублікі. Залаты запас Беларусі – людзі: працалюбівыя, таленавітыя, самаадданыя.  Менавіта яны сваімі рукамі з нуля стварылі нашу новую, незалежную краіну, усе дасягненні якой можна пералічваць гадзінамі. І гэтым сёння трэба ганарыцца. Ёсць і пытанні, якія трэба вырашаць, чым мы і займаемся.

     Сёння кожны грамадзянін краіны мае магчымасць самарэалізоўвацца, вучыцца, развівацца, атрымліваць прафесію, працаўладкоўвацца. Каб усё гэта зберагчы і памножыць, кожны з нас павінен прыняць правільнае рашэнне і зрабіць выбар на карысць міру, бяспекі  і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Наша краіна – наша будучае. І за гэта мы адказваем усе разам.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *