Ремонтные работы в Бешенковичской детской школе искусств продолжаются

Актуально Год малой родины

Радасна назіраць, як на нашых вачах новае аблічча набывае Бешанковіцкая дзіцячая школа мастацтваў. Хоць рамонтныя работы тут ідуць не так хутка, як хацелася б (прычына таму – адсутнасць дастатковай колькасці фінансавых сродкаў), яны ўсё ж не спыняюцца, а ўпэўнена рухаюцца наперад.

На рэканструкцыю ўстанова адукацыі была зачынена вясной гэтага года. На сённяшні дзень работнікі КБУП «Бешанковіцкая ПМК-41» ужо цалкам завяршылі будаўніцтва даху, заканчваюць усталяванне ўнутраных перагародак, падлог, правялі вадаправод і каналізацыю, цяпер будаўнікі займаюцца ўладкаваннем санвузлоў, прыступілі і да электрыкі. Дарэчы, навучальны працэс, нягледзячы на тое, што ў будынку школы вось ужо больш за паўгода замест крэслаў для гледачоў – будаўнічыя лясы, а замест музыкі – шум тэхнікі, не спыняўся ні на дзень.

Па словах намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДШМ Г. М. Казаковай, вымушанае «перасяленне» педагогам і іх выхаванцам далося нялёгка. Але трэба адзначыць, што да змены абстаноўкі дзеці і іх бацькі паставіліся з разуменнем. Бо школа, будынак якой з’яўляецца помнікам архітэктуры пабудовы канца XVII – пачатку XVIII стагоддзя, мела патрэбу ў рамонце даўно.

– Мы выказваем велізарную падзяку ўсім, хто даў нам часовы прытулак, – адзначае Галіна Мікалаеўна. – Сёння нашы выхаванцы (а іх усяго больш за 250 чалавек) займаюцца ў памяшканнях СШ №1 і №2 райцэнтра, раённага цэнтра культуры, ДЮСШ, нядзельнай школы пры Свята-Ільінскай царкве, цэнтральнай раённай бібліятэкі, дома фальклору. Так як заняткі праводзяцца ў асноўным у цэнтры гарпасёлка, недалёка ад нашай школы, нам удалося не «згубіць» навучэнцаў.
Дарэчы, з адкрыццём школы пасля рамонту адміністрацыя звязвае вялікія планы. Напрыклад, мяркуецца дадаткова арганізаваць заняткі па харэаграфіі для дарослых (для гэтага ствараюцца ўсе ўмовы, у прыватнасці, пасля напружаных трэніровак наведвальнікі змогуць скарыстацца душавымі, іх тут будзе дзве), ёсць і іншыя задумкі. А пакуль рэканструкцыя працягваецца. «Зара» будзе трымаць сваіх чытачоў у курсе ходу рамонтных работ.

Святлана ВАРОШКА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *