В очередном заседании Бешенковичского райисполкома приняла участие заместитель Министра экономики А.А.Никитина

Актуально Важное

Развіццё прадпрымальніцтва – адна з важных задач, якая стаіць як перад дзяржаўнымі, так і перад мясцовымі органамі ўлады. Сёння малы і сярэдні бізнес аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах актыўную частку насельніцтва, якая гатова ўдзельнічаць у вырашэнні многіх сацыяльных пытанняў, накіраваных на паляпшэнне жыцця грамадзян.

Пра важнасць падтрымкі прыватнай ініцыятывы ішла размова на чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. Удзел у ім прынялі намеснік Міністра эканомікі Беларусі А. А. Нікіціна, начальнік аддзела прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама А. І. Трафімаў, у зале пасяджэнняў райвыканкама сабраліся таксама прадстаўнікі камерцыйных структур, індывідуальныя прадпрымальнікі, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і службаў раёна. Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Г. У. Унуковіч заклікала прысутных да канструктыўнага дыялогу, прапанавала выказвацца па тэме, уносіць прапановы па вырашэнні праблемных пытанняў, паляпшэнні вядзення бізнесу, адзначыўшы, што ўсе думкі будуць пачуты і ўлічаны.

Цэлы спектр пазіцый, якія спрыяюць развіццю прадпрымальніцкай ініцыятывы ў раёне, у сваім выступленні акрэсліла намеснік старшыні райвыканкама Т. І. Ждановіч. Па словах Таццяны Іванаўны, сёння на Бешанковіччыне суб’екты прадпрымальніцтва працуюць практычна ва ўсіх галінах эканомікі. Найбольшая іх колькасць задзейнічана ў сферы аптовага і рознічнага гандлю – каля 40%, у сельскай гаспадарцы – 12,1%, у прамысловасці – 9,2%, у будаўніцтве – 7,3%, транспартныя паслугі аказваюць 11,4%, у іншых сферах – 20,6%. На сённяшні дзень суб’екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва фарміруюць па раёне шэраг паказчыкаў. Іх удзельная вага ў аб’ёме прамысловай вытворчасці – больш за 70%, у экспарце тавараў і паслуг – каля 100%, у тавараабароце – 53,3%, у інвестыцыях у асноўны капітал – больш за 30%, у прамых замежных інвестыцыях на чыстай аснове – 100%, у выручцы ад рэалізацыі прадукцыі, работ, паслуг – 67,2%, у падатковых даходах раёна – больш за 50%.

Па стане на 1 кастрычніка 2020 года ў раёне налічваецца 307 суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, у тым ліку 110 юрыдычных асоб (з іх 5 – малых, 6 – сярэдніх, 99 – мікраарганізацый) і 197 індывідуальных прадпрымальнікаў. Сваю дзейнасць ажыццяўляюць 23 сялянскія (фермерскія) гаспадаркі, землекарыстанне якіх складае 7,1 тыс. га сельгасугоддзяў (асноўным відам дзейнасці з’яўляецца вырошчванне збожжавых культур).

                                                                    Намеснік Міністра эканомікі Беларусі А. А. Нікіціна

Развіццё прыватнай ініцыятывы з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў забеспячэння стабільна высокага ўзроўню занятасці і эканамічнага росту. У прыватным сектары ў 2019 годзе было занята 1813 чалавек, або 28,1% ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы раёна (па вобласці – 23,6%). За студзень-верасень 2020 года на зноў створаныя працоўныя месцы працаўладкавана 36 чалавек (пры заданні – 25 чалавек), і практычна ўсе на прадпрыемствах прыватнага бізнесу.
– Для вырашэння праблем, якія стрымліваюць развіццё прадпрымальніцтва, у мэтах шырокага прыцягнення прадпрымальнікаў да вырашэння сацыяльна-эканамічных задач, а таксама ўдасканалення сістэмы падтрымкі прадпрымальніцкага сектара пры райвыканкаме створаны і функцыяніруюць Саветы па развіцці прадпрымальніцтва і індывідуальных прадпрымальнікаў, – адзначыла Т. І. Ждановіч. – Дадзеная форма работы дазваляе суб’ектам бізнесу падняць розныя хвалюючыя пытанні і атрымаць па іх кансультацыю ад кампетэнтных службаў, шляхам дыскусіі і абмену думкамі выпрацаваць найбольш эфектыўныя рашэнні.

Таццяна Іванаўна падкрэсліла, што для развіцця малога і сярэдняга бізнесу, адкрыцця новых суб’ектаў прадпрымальніцтва з боку органаў дзяржаўнага кіравання аказваецца маёмасная, фінансавая і інфармацыйная падтрымка.
Жыхарам раёна, якія жадаюць займацца сваёй справай, аказваецца фінансавая падтрымка ў выглядзе аднаразовай бязвыплатнай грашовай субсідыі за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. З 2018 года па цяперашні час такая падтрымка аказана 8 беспрацоўным грамадзянам на суму 26,2 тыс. рублёў. З мэтай развіцця малых і сярэдніх прадпрыемстваў распрацаваны крэдытныя прадукты на бягучую і інвестыцыйную дзейнасць. Праз ААТ «ААБ Беларусбанк» і ААТ «Белаграпрамбанк» крэдытная падтрымка ў 2019 годзе і бягучым перыядзе 2020 года прадастаўлена 32 суб’ектам нашага раёна на агульную суму 1,9 млн рублёў.

Маёмасная падтрымка прыватнай ініцыятывы ажыццяўляецца шляхам продажу, перадачы суб’ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва невыкарыстоўваемых і неэфектыўна выкарыстоўваемых аб’ектаў дзяржаўнай уласнасці. З мэтай пошуку эфектыўнага ўласніка існуе магчымасць рэалізацыі аб’ектаў з пачатковай цаной продажу, роўнай адной базавай велічыні. За апошнія пяць гадоў у нашым раёне суб’ектам малога і сярэдняга бізнесу прапанавана 19 невыкарыстоўваемых і неэфектыўна выкарыстоўваемых аб’ектаў агульнай плошчай 25,1 тыс. квадратных метраў. Пад рэалізацыю інвестыцыйнага праекта бязвыплатна перададзены 3 аб’екты, 12 прададзены праз аўкцыён, у тым ліку 10 за базавую велічыню (з іх 5 – гэта комплексы капітальных будынкаў былых школ, у якіх плануецца ажыццяўленне вытворчай дзейнасці). У выніку продажу ў бюджэт раёна паступіла 28,3 тыс. рублёў. Толькі за мінулы перыяд 2020 года ў рамках Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №169 на тэрыторыі раёна прададзена 4 капітальныя будынкі: 3 аб’екты з устанаўленнем пачатковай цаны продажу, роўнай адной базавай велічыні, і 1 аб’ект па першапачатковым кошце. І як вынік – раённы бюджэт папоўнены на 4,7 тыс. рублёў.

– Станоўчыя прыклады эфектыўнай дзейнасці прыватнага бізнесу ў рамках бязвыплатнай перадачы невыкарыстоўваемай маёмасці ў нашым раёне ёсць, – заўважыла Т. І. Ждановіч. – Сярод такіх прадпрыемстваў можна назваць ТАА «Вітконпрадукт», за кошт якога на 25% фарміруецца структура вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі Бешанковіччыны. Прадпрыемствам працаўладкавана на зноў створаныя рабочыя месцы каля 200 чалавек. Паспяхова рэалізаваны бізнес-план інвестыцыйнага праекта «Рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў пад свінагадоўчы комплекс на 5000 галоў» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт» у вёсцы Сокарава. Гонар і візітная картка нашага раёна – СТАА «НАЦІВІТА», з 2015 года дадзеным прадпрыемствам у эканоміку раёна інвесціравана больш за 24 млн рублёў, прыцягнута каля 4 млн долараў ЗША прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове. На базе маёмасці былой рымарскай фабрыкі знайшла сваё развіццё абутковая прамысловасць – вытворчы ўчастак СТАА «Белвест». У цяперашні час на прадпрыемстве працуюць 80 чалавек, да канца бягучага года плануецца пашырэнне вытворчай дзейнасці са стварэннем 40 новых працоўных месцаў.

Сёння неабходна больш увагі надаваць развіццю фермерскіх гаспадарак, упэўнена Таццяна Іванаўна, бо яны могуць замяшчаць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, якія абанкруціліся. І такі прыклад у нас таксама маецца. Гэта СФГ «Тэра Ностра Сэрвіс», якой перададзены землі былога сельгаспрадпрыемства «ПлісыАгра».

Вялікае значэнне ў развіцці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва маюць прынятыя дзяржавай нарматыўна-прававыя акты. У адпаведнасці з нормамі Дэкрэта №6 «Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці» скарысталіся прэферэнцыямі па падатковых ільготах 3 індывідуальныя прадпрымальнікі. 2 прыватныя прадпрыемствы ў рамках рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 верасня 2017 года №345 «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання» скарысталіся правам ажыццяўляць рознічны гандаль алкагольнымі напоямі ў гандлёвых аб’ектах гандлёвай плошчай менш за 50 кв. метраў, размешчаных у сельскай мясцовасці. 4 прыватныя арганізацыі і 4 індывідуальныя прадпрымальнікі вызвалены ад выплаты падаткаў у сувязі з ужывальнай сістэмай падаткаабкладання. Рознага роду падтрымка аказвалася прадстаўнікам малога і сярэдняга бізнесу ў сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй.

З 2018 года па цяперашні час у раёне ў розных сферах пачалі ажыццяўляць дзейнасць больш за 20 новых арганізацый, створана каля 200 новых працоўных месцаў.

У рамках рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 красавіка 2020 года №143 «Аб падтрымцы эканомікі» 2 суб’ектам прадастаўлены льготы на суму 4,4 тыс. рублёў. За кошт змяншэння ставак адзінага падатку ў 2 разы для індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб паступленне даходаў за 9 месяцаў 2020 года зніжана на 9,5 тыс. рублёў. Ужываліся ў нашым раёне і асноўныя палажэнні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», накіраваныя на спрашчэнне пачатку дзейнасці прадпрымальнікаў, мінімізацыю ўмяшання дзяржавы ў працу суб’ектаў гаспадарання.

Працягваючы тэму рэалізацыі прынятых дзяржавай нарматыўна-прававых актаў, намеснік Міністра эканомікі А. А. Нікіціна адзначыла, што ў цяперашні час у міністэрстве разглядаюцца канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні заканадаўчай базы ў частцы падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу. Яны датычацца падатковых ільгот, выплат узносаў у ФСАН, ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці, адчужэння дзяржаўнай маёмасці, узаемаадносін паміж інвестарамі і дзяржавай і г. д. Ведамства ў сваю чаргу, па словах Анжалікі Аляксандраўны, заўсёды адкрыта для дыялогу і заклікае прадстаўнікоў прыватнага сектара эканомікі праяўляць ініцыятыву і выказваць свае пажаданні для паляпшэння дзелавога клімату ў краіне. У хуткім часе адбудзецца Усебеларускі народны сход, на якім будуць вызначаны задачы па развіцці Беларусі на будучую пяцігодку. Менавіта таму так важна зараз, на падрыхтоўчым этапе, пачуць прапановы па ўсіх галінах эканомікі, у тым ліку і ў сферы прадпрымальніцтва.

Аб неабходнасці праяўлення больш актыўнай пазіцыі з боку прадпрымальнікаў, падводзячы вынікі пасяджэння райвыканкама, казала і кіраўнік раёна Г. У. Унуковіч. Як інфармацыя да разважання прагучалі словы аб тым, што ў раёне недастаткова ўвагі надаецца развіццю аграэкатурызму. Гэта галіна эканомікі развіваецца хуткімі тэмпамі і з’яўляецца добрай крыніцай паступленняў замежнай валюты. Тым больш, што наш раён мае ўсе ўмовы для прыцягнення турыстаў – прыгожая прырода, геаграфічнае становішча, захаванне традыцыйных промыслаў. У цэлым жа на Бешанковіччыне ёсць яшчэ нямала свабодных ніш для прадпрымальнікаў. Таму, на думку Галіны Уладзіміраўны, трэба больш працаваць з ініцыятыўнай часткай насельніцтва, з тымі, хто сапраўды жадае адкрываць свой уласны бізнес і хто гатовы ўкладваць грошы ў развіццё рэгіёна. Бо толькі сумеснымі намаганнямі можна дасягнуць умацавання сацыяльна-эканамічнага становішча раёна, адкрыць новыя прадпрыемствы і стварыць для жыхароў раёна новыя працоўныя месцы. А гэта ў сваю чаргу будзе працаваць і на павышэнне ўзроўню даходаў насельніцтва, і на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў рэгіёне.

Святлана ВАРОШКА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *