Единый день информирования прошёл в УКП ЖКХ «Бешенковичский коммунальник»

Актуально Главное

У панядзелак інфармацыйна-прапагандысцкая група, якую ўзначальвае старшыня раённага выканаўчага камітэта Г. У. Унуковіч, сустрэлася з калектывам УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік». Зусім нядаўна адбылося адно з найважнейшых палітычных мерапрыемстваў — шосты Усебеларускі народны сход, якое азнаменавала сабой заканчэнне папярэдняга пяцігадовага перыяду развіцця краіны і пачатак новага этапу ў жыцці дзяржавы і грамадства. Ключавыя аспекты форуму і сталі асноўнай тэмай для размовы.

На мэтах і прыярытэтах будучага пяцігоддзя падрабязна спынілася начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай і юрыдычнай работы райвыканкама Т. М. Петрушэнка. Умацаванне дэмаграфічнага патэнцыялу і здароўя насельніцтва, садзейнічанне эфектыўнай занятасці, павышэнне якасці адукацыі, стварэнне магчымасцяў для развіцця і самарэалізацыі моладзі, рацыянальнае імпартазамяшчэнне, эфектыўная сельская гаспадарка— і гэта толькі частка задач, якія
стаяць перад краінай на 2021-2025 гады. Вынікамі рэалізацыі запланаваных мер стануць захаванне сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве, рост узроўню дабрабы-
ту і якасці жыцця насельніцтва, канкурэнтаздольная, экспартна арыентаваная эканоміка, развітае бізнес-асяроддзе і камфортныя ўмовы пражывання ва ўсіх рэгіёнах краіны. І галоўнае — захаваецца і ўзмоцніцца статус Беларусі як паспяховай, стабільнай і незалежнай дзяржавы.

Сваім меркаваннем пра падзею дзяржаўнай важнасці з прысутнымі падзялілася Г. У. Унуковіч, якая, як вядома, у ліку чатырох дэлегатаў прадстаўляла наш раён
на Усебеларускім народным сходзе. Галіна Уладзіміраўна не хавала, што яна дагэтуль знаходзіцца пад уражаннем ад мінулага форуму. Бясспрэчна, на ім сабраліся аднадумцы, у якіх баліць душа за будучыню Беларусі. Агучаныя падчас вялікай гутаркі Прэзідэнта з дэлегатамі пытанні сталі асновай для выпрацоўкі стратэгіі развіцця не толькі краіны, але і асобна ўзятых рэгіёнаў. Што тычыцца нашай Бешанковіччыны, нягледзячы на ўсе цяжкасці, яна працягвае паступальны рух наперад. Галоўнае, лiчыць Галіна Уладзіміраўна, каб мы ўсе разумелі: толькі ад нас, ад грамадзянскай адказнасці кожнага залежыць, якім будзе наш прыд-
звінскі край. А яшчэ трэба берагчы стабільнасць, мір і спакой, без якіх многія рэчы губляюць сэнс.

Пра эпідэміялагічную сітуацыю ў раёне расказала галоўны ўрач Бешанковіцкай ЦРБ С. А. Рошчына. Святлана Аляксандраўна ахарактарызавала яе як стабільную і кантралюемую. На момант сустрэчы 25 чалавек з дыягназам «пнеўманія» працягвалі лячэнне ва ўмовах стацыянара, у 20 з іх быў пацверджаны дыягназ COVID-19. У цяжкім стане знаходзіліся 3 хворыя, пацыентаў, падключаных да апарата ШВЛ, не было. Улічваючы, што любую хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць, С. А. Рошчына рэкамендуе ўсім вакцынавацца ад каранавіруснай інфекцыі, асабліва гэта тычыцца асоб, якія знаходзяцца ў групе рызыкі. Не варта забываць і пра меры індывідуальнай прафілактыкі — захаванне масачнага рэжыму і сацыяльнае дыстанцыяванне.

Начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў А. М. Рыбакоў звярнуў увагу работнікаў камунальнай службы на павелічэнне колькасці кіберзлачынстваў, распавёў, якія схемы махлярства атрымалі найбольш шырокае распаўсюджванне і як не стаць іх ахвярай. Таксама Аляксандр Міхайлавіч праінфармаваў, што з 15 па 28 лютага на тэрыторыі раёна праводзяцца спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы «Агульнымі намаганнямі спынім гвалт», накіраваныя на прафілактыку правапарушэнняў і злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін. У акцыі гэтага года акцэнт зроблены на інфармаванні грамадзян і прыняцці ўсімі зацікаўленымі суб’ектамі прафілактыкі мер адміністрацыйна-прававога ўздзеяння да грамадзян, што дапускаюць гвалт у сям’і, у першую чаргу, дзе пражываюць дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і састарэлыя. Кіраўнік бешанковіцкай міліцыі заклікае ўсіх, хто стаў сведкам недабрабыту ў сем’ях, паведамляць пра гэта па тэлефонах 102, 4-10-02, 4-87-38, 8 (029) 597-59-88.

Святлана ВАРОШКА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *