Поздравляем Ольгу Кисель с высоким званием — «Женщина года-2020»

Важное

 

У Віцебскай абласной філармоніі прайшла цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года – 2020”, які штогод праводзіцца ГА “Беларускі саюз жанчын”. Удзел у ім прынялі жанчыны з усіх раёнаў Віцебшчыны. 30 з іх адзначаны ў намінацыях “Паспяховы кіраўнік”, “Актыўная жыццёвая пазіцыя”, “Мацярынская слава”, “Гаспадыня вёскі”, “Сэрца аддаю людзям” і “Духоўнасць і культура”. Сярод узнагароджаных ­— кіраўнік гуртка аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН В. А. Кісель.

     Шматдзетная матуля разам з мужам Мікалаем Вітальевічам, благачынным цэркваў Бешанковіцкай акругі, выхоўвае траіх непаўналетніх дзетак, але паспявае і дома, і на працы, прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна. У ТЦСАН пра Вольгу Аляксандраўну можна пачуць толькі самае добрае: пісьменная, выканаўчая, творчая, ініцыятыўны кіраўнік, які размалёўвае ў цёплыя колеры жыццё пажылых людзей. Жанчына рэгулярна займаецца самаадукацыяй, што станоўча адбіваецца на яе працы, вучыцца ў Смаленскім дзяржаўным педагагічным універсітэце, дзе атрымлівае спецыяльнасць “Сацыяльная работа”.

Гурток і клуб, якімі кіруе Вольга Аляксандраўна, не толькі навучаюць, але і развіваюць. Спецыяліст старанна адбірае матэрыял, імкнецца да павышэння якасці ведаў, якія трэба данесці да наведвальнікаў аддзялення. Сваю дзейнасць выбудоўвае з улікам узроставых і фізічных асаблівасцяў “вучняў”, умела спалучае сучасныя тэндэнцыі ў сферы інфармацыйных тэхналогій. Забяспечвае індывідуальны падыход, праяўляе ўвагу і клопат да кожнага .

Максімальна спагадная і добрая да людзей, В. А. Кісель прымае актыўны ўдзел і ў валанцёрскіх мерапрыемствах, уваходзіць у склад сястрынства, разам з іншымі аднадумцамі дапамагае асаблівым катэгорыям грамадзян адчуць сябе патрэбнымі і не забытымі. А яшчэ кіруе нядзельнай школай пры Свята-Ільінскім храме ў г.п. Бешанковічы, надае вялікую ўвагу духоўна-маральнаму выхаванню дзяцей, якія прыходзяць сюды на заняткі. Штогод Вольга Аляксандраўна прымае разам з імі ўдзел у дабрачыннай акцыі “Белая кветка”, дзе выстаўляюцца разнастайныя работы дэкаратыўна-прыкладнай творчасці, зробленыя рукамі непаўналетніх. Ладзіцца гэта мерапрыемства ў Віцебску, выручаныя сродкі ідуць на дабрачыннасць.

Бешанковіцкая нядзельная школа і яе выхаванцы ўдзельнічаюць таксама ў “Траецкім фестывалі”, які праходзіць у аграгарадку Астроўна. Дзеці спяваюць і паказваюць тэматычныя сцэнкі (у скарбонцы школы маюцца 3 граматы і 2 падзякі). Сваіх і чужых дзетак Вольга Аляксандраўна выхоўвае ў духу праваслаўнай веры, захавання сямейных каштоўнасцей. Усе, хто ведае гэтую маладую, але мудрую не па ўзросце жанчыну, адзначаюць яе спагадлівасць, ветлівасць, патрабавальнасць і строгасць да сябе.

У клубе “Вера. Надзея. Каханне” для дарослых, які дзейнічае на базе нядзельнай школы, Вольга Аляксандраўна пастаянна праводзіць тэматычныя сустрэчы, гутаркі, лекцыі, накіраваныя на ўмацаванне праваслаўнай веры і духоўнага адраджэння душы. У працы з дарослымі і дзецьмі яна дасягае згуртаванасці, дружбы, узаемаразумення, любові, добразычлівага стаўлення не толькі да блізкіх, але і да навакольных. Таму і карыстаецца павагай і аўтарытэтам сярод прыхаджан храма і калег па працы, чым вельмі даражыць.

У 2018 годзе В. А. Кісель узнагароджана дыпломам і прэміяй імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка. Актыўная жыццёвая пазіцыя Вольгі Аляксандраўны дазваляе ёй прымаць удзел і ў жыцці пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” ТЦСАН, членам якой яна з’яўляецца з 2016 года. (У Віцебскай вобласці гэта грамадская арганізацыя аб’ядноўвае 14,5 тысячы жанчын).

Віншуем Вольгу Аляксандраўну з высокім званнем жанчыны і маці!

Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *