В Бешенковичах с размахом отпраздновали Масленицу

Актуально Важное

Няма, напэўна, чалавека, які б мог застацца абыякавым да традыцый Масленічнага тыдня. Таму не дзіва, што ў нядзелю на цэнтральнай плошчы райцэнтра на развітанне з зімой прыйшло столькі людзей. Нават дождж, які пачаўся з раніцы, не перашкодзіў бадзёраму настрою землякоў.

Любіць трэба ­працаваць, але ж любіць трэба і весяліцца! Занятак тут знайшоўся і дарослым, і дзецям. Адны глядзелі тэатралізаванае прадстаўленне і святочны канцэрт бешанковіцкіх артыстаў, падпявалі і пускаліся ў скокі, іншыя спрабавалі сілы ў конкурсах і бяспройгрышнай латарэі (на здымках).

Якіх толькі прысмакаў не было на падворках сельсаветаў! Журы было цяжка вызначыць, які з іх лепшы. Адзін перад адным выхваляліся хто юшкай, хто — гарачымі, толькі што прыгатаванымі на калодзе блінамі, запрашалі імі частавацца і завітаць на памятную фотасесію. Аддавалі свой голас за самы-самы і гледачы: крыху воддаль арганізавалі куточак для галасавання, дзе можна было пакінуць жэтон за падворак, што спадабаўся больш за астатнія.

У конкурсе сярод сельсаветаў перамогу заваявалі гасцінныя астровенцы. Другое і трэцяе месцы адпаведна ў Вярхоўскага і Соржыцкага, апошні, дарэчы, займеў і прыз глядацкіх сімпатый. Сярод устаноў адукацыі лепшым прызнаны падворак дзіцячых садкоў г. п. Бешанковічы.

Але ж гэта яшчэ не ўсё! У лялечным конкурсе «Бліннае цуда» перамога была на баку раённага цэнтра дзяцей і моладзі. У той час, пакуль увесь народ весяліўся і частаваўся блінамі, непадалёку спаборнічалі мясцовыя асілкі. Армрэстлінг, гіравы спорт, дартс і перацягванне каната — іх спартыўныя забавы. У армрэстлінгу першынство ўзяў Мікалай Жалтоўскі, другое месца — Віктар Казак, трэцяе — Ілья Яскевіч. Аляксей Варанько, Юрый Цапота і Віктар Казак — мацнейшыя гіравікі. Самыя трапныя гульцы ў дартс — Марына Сухвалова, Аляксей Садоўнікаў і Ян Савіла. Самая дужая каманда ў перацягванні каната — прадстаўнікі Бешанковіцкага РГЗ.

Весялілі народ і скамарохі. Ад жартаў і смеху на вуліцы стала горача. Праверылі, хто больш за ўсіх можа з’есці бліноў (выклікаліся трое добраахвотнікаў). Трое самых адважных землякоў асілілі «Ледзяны слуп». Калі ж запалілі пудзіла, нібы прыйшла сапраўдная вясна: з-за хмар выйшла сонейка і асвятліла зямлю. Свята працягвалася, і ад гэтага было радасна. Цудоўна, што ёсць у нас традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне як каштоўнасць, як спадчына…

Марыя САНЬКО.

 

 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *