Шумят июльские травы: как аграрии Бешенковичского района заготавливают корма

Актуально Заботы сельские

Ліпеньская спёка — самы разгар лета. Бешанковіцкія аграрыі, звыклыя да капрызаў прыроды, актыўна вядуць нарыхтоўку травяных кармоў, вынік якой шмат у чым вызначыць прадуктыўнасць малочнага статка, яго здароўе і захаванасць. Паглядзець, як ідзе зялёнае жніво, на гэтым тыдні завіталі да свіцінскіх рупліўцаў.

Дарэчы, менавіта тут працаўнікі нарыхтавалі больш за ўсіх у раёне кармавых адзінак на 1 галаву жывёлы (6,78). Здрабняе зелёную масу на «КВК-800» вопытны механізатар Уладзімір Віктаравіч Прошчанка. Адвозка даручана Юрыю Рыгоравічу Галаю, які шчыруе на «МТЗ-3022», і Уладзіміру  Уладзіміравічу Бяляўскаму — на «МТЗ-1221». Яшчэ адзін добрасумленны працаўнік — Аляксей Мікалаевіч Ачапоўскі — на «МТЗ-1221» задзейнічаны на зграбанні. Віктар Мікалаевіч Дарожка на
«МТЗ-1523» з «ПП-1250» займаецца назапашваннем сенажу ў палімерную плёнку.

Адказная справа — трамбоўка зялёнай масы на «Амкадоры-352» — і ў Івана Аляксеевіча Чачанца (яго прозвішча сёлета ўпрыгожвае раённую Дошку гонару). Дадзеным відам работ займаўся і Уладзімір Мікалаевіч Лебедзеў, зараз шчыруе на пагрузцы сена.

— Сучасныя тэхналогіі, магутная тэхніка, кваліфікаваныя кадры — гэта дазваляе праводзіць усе віды работ хутка і якасна. Не пакідаючы ніводнага гектара, рацыянальна выкарыстоўваючы тэхніку. Закладка сенажу ў траншэі знаходзіцца пад пастаянным кантролем спецыялістаў,—
расказала дырэктар СУП «Свіціна-ВМК» Людміла Пятроўна Мамойка.— Ля сянажнай траншэі заўсёды дзяжурыць працаўнік, які вымярае вільготнасць і тэмпературу масы (звычайна — раз у тры гадзіны). У свіцінцаў яны ў межах нормы: тэмпература — да 37 0С, вільготнасць — 50%.

Рупліўцы сельгаспрадпрыемства работы не баяцца, ставяцца да яе адказна, усё імкнуцца выконваць якасна. Ведаюць, што ад іх напрамую залежыць, наколькі будзе сытнай зімоўка жывёлы і, адпаведна, прыбытак сельгаспрадпрыемства, заработная плата кожнага з іх.

Гатовы свіцінцы і да асноўнай гарачай пары — уборкі збожжавых. Плануецца, што за штурвалам камбайнаў будуць Васіль Мікалаевіч Сідаровіч, Юрый Рыгоравіч Галай, Аляксандр Васільевіч Шэлест і Фёдар Фёдаравіч Заяц. Адвозіць збожжа — Мікалай Віктаравіч Шут і Уладзімір Уладзіміравіч Бяляўскі. Сваёй чаргі чакае ячмень, першыя яго гектары (іх 12) ужо ўбралі, ураджайнасць склала 27,5 ц/га. Працы наперадзе шмат, а, як вядома, летні дзень год корміць.

Пра харчаванне саміх жа механізатараў двойчы ў дзень клапоцяцца загадчык сталовай Ала Мікалаеўна Шут і Вольга Міхайлаўна Прылуцкая, якая разам з Аляксандрам Уладзіміравічам Дарожкам і Аляксандрам Міхайлавічам Духовічам падвозяць гарачыя і смачныя абеды на поле.

…Хутка паплыве па жытнёвым моры магутны агракарабель, ён будзе не адзін у полі воін. Праца закіпіць паўсюль. Нялёгкая. Адказная. Неабходная.

Марыя САНЬКО.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *