Кіраўнік федэрацыі стралковага спорту аб выніках II Гульняў краін СНД: падрыхтоўка юніёраў вядзецца на высокім узроўні

Актуально

Старшыня Беларускай федэрацыі стралковага спорту Сяргей Дудко ў час прэс-канферэнцыі, прысвечанай вынікам выступлення нацыянальнай каманды на II Гульнях краін СНД, расказаў аб падрыхтоўцы да спаборніцтваў і прааналізаваў вынікі стралкоў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

На II Гульнях краін СНД прадстаўнікі беларускай каманды па кулявой стральбе заваявалі 21 медаль — 5 залатых, 7 сярэбраных і 9 бронзавых. Сяргей Дудко падзякаваў усім, хто мае дачыненне да арганізацыі спаборніцтваў і падкрэсліў, што падрыхтоўка да галоўнага турніру сезона пачалася задоўга да яго старту. «Па-першае, сумесна з трэнерскім складам мы распрацавалі план падрыхтоўкі нашых спартсменаў. Удзел у II Гульнях краін СНД у нашым відзе спорту прымалі толькі юніёры. Для іх быў вызначаны графік тэставых спаборніцтваў, у тым ліку і за межамі нашай краіны, напрыклад у Расіі. У час гэтых мерапрыемстваў і ажыццяўляўся адбор у каманду Беларусі на Гульні. Другім асноўным напрамкам нашай работы стала падрыхтоўка судзейскага складу. Для суддзяў была пашыта адзіная форма, праведзены семінары, у час якіх разгледжаны новыя патрабаванні Міжнароднай федэрацыі спартыўнай стральбы, асабліва ў правядзенні фіналаў. Некаторыя ўдзельнікі былі прыемна здзіўлены тым, што мы так хутка перабудаваліся і арганізавалі спаборніцтвы з улікам усіх апошніх змяненняў».

Таксама старшыня БФСС паведаміў, што вялікае значэнне было нададзена міжнароднай дзейнасці. «Мы рэгулярна падтрымлівалі сувязь з калегамі з краін СНД і іншых дзяржаў, не абмяжоўваючыся толькі адпраўленнем запрашэнняў. Мы імкнуліся зрабіць спаборніцтвы як мага больш канкурэнтнымі і цікавымі для нашых спартсменаў. У выніку ў Мінск прыехалі прадстаўнікі васьмі краін, дзявятай была наша. Каб напоўніць удзельнікамі ўсе дысцыпліны, было прынята рашэнне аб удзеле ў турніры двух беларускіх каманд — Беларусь-1 і Беларусь-2», — дадаў ён.

Пры падрыхтоўцы да II Гульняў краін СНД не засталася без увагі і матэрыяльна-тэхнічная база. «Была арганізавана падрыхтоўка зброі з запрашэннем спецыялістаў з Расіі, якія падстройвалі яе індывідуальна пад кожнага стралка, каб выключыць збоі ў час стартаў. Таксама хачу падзякаваць работнікам ціраў спартыўна-стралковага комплексу, якія перад Гульнямі асабіста ўстаранялі некаторыя непаладкі ў рабоце абсталявання. І ў выніку ў час правядзення спаборніцтваў не адбылося ні аднаго тэхнічнага збою і не быў пададзены ні адзін пратэст наконт гэтага», — падкрэсліў Сяргей Дудко.

У канцы сваёй прамовы кіраўнік Беларускай федэрацыі стралковага спорту адзначыў, што задаволены канчатковым вынікам. «У медальным заліку ў беларускай каманды другое месца пасля Расіі. Было заваявана шмат узнагарод менавіта ў камандных заліках. У нас шмат дастойных хлопчыкаў і дзяўчынак, падрыхтоўка юніёраў вядзецца на высокім узроўні. Гэта ж, дарэчы, гаварылі і нашы калегі з іншых краін, якім ёсць з чым параўноўваць. У ходзе Гульняў члены дэлегацый азнаёміліся з нашымі ўмовамі падрыхтоўкі спартсменаў, і многія нацыянальныя каманды зацікавіліся магчымасцю праводзіць зборы ў Беларусі».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *