У аўторак на полі ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» каля вёскі Рубеж прайшоў традыцыйны народны абрад «Засеўкі». Гэта падзея штогод збірае разам жыхароў раёна, прадстаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, каб сімвалічна адкрыць новы сельскагаспадарчы сезон.

«Ва ўсе часы перад пачаткам сяўбы сяляне прасілі ў Бога блаславення на паспяховую працу і спрыяльнае надвор’е, аддаючы даніну зямлі, — адзначыла кіраўнік раёна Галіна Унуковіч. — Пасяўная кампанія — гэта не проста сельскагаспадарчая праца, гэта харчовая бяспека, залог будучыні кожнай сям’і, раёна, вобласці і краіны ў цэлым. А яравы клін у нас не маленькі, складае больш за 12 тысяч гектараў!»


Перад раёнам пастаўлена сур’ёзная задача — сабраць ураджай не менш за 42 тысячы тон збожжа, зернебабовых і кукурузы. Ад таго, наколькі добрасумленна аграрыі падыдуць да яе выканання, залежыць будучы ўраджай. Наш раён заўсёды меў дастойны вынік. Галіна Унуковіч упэўнена, што сёлета ёсць рэальныя магчымасці перавысіць леташнія паказчыкі.
«У нас для гэта ёсць усё, — падкрэсліла старшыня райвыканкама. — У 2025 годзе пры падтрымцы дзяржавы было закуплена 33 адзінкі тэхнікі на агульную суму больш за 6 мільёнаў рублёў. У 2026-м за кошт субвенцый з рэспубліканскага бюджэту плануецца закупка яшчэ 22 адзінак на суму больш за 4 тысячы рублёў, на палях ужо працуюць новыя трактары і культыватары. Сумеснымі намаганнямі мы пераадолеем усе цяжкасці і атрымаем высокі ўраджай!»




Галіна Уладзіміраўна нагадала, што Прэзідэнт ставіць перад Віцебскай вобласцю, а значыць, і перад намі, задачу забяспечыць дысцыпліну і тэхналагічнасць у правядзенні вясенне-палявых работ, патрабуючы рэальнага адраджэння рэгіёна, падкрэслівае неабходнасць захавання вёскі для дзяржавы і, нягледзячы на складанасці, ісці наперад, прызнае, што «нам ёсць чым ганарыцца, але трэба рухацца далей».
➢ «Сёння, знаходзячыся тут, на гэтым полі, я адчуваю пачуццё глыбокай павагі да вашай нялёгкай, але неверагодна важнай працы, — звярнулася да аграрыяў Галіна Унуковіч. — Вы, не пабаюся гэтага слова, — карміцелі нашай краіны. Ад вашай самаадданасці, прафесіяналізму і ўмення працаваць залежыць будучы ўраджай, а значыць, і наш дабрабыт. Жадаю ўсім нам лёгкай пасяўной, добрага надвор’я і багатага ўраджаю! Хай тэхніка не падводзіць, а зямля аддзячыць за працу і прынясе дастатак у кожны дом!»
Урачыстая цырымонія пачалася з абраду асвячэння збожжа, глебы і тэхнікі, які правёў протаіерэй Віталь, настаяцель храма Святога прарока Іллі. Затым ганаровыя госці разам кінулі ў зямлю першае насенне. Гэта дзейства стала сімвалам згуртаванасці і сумеснай працы, неабходнай для дасягнення высокіх вынікаў у аграрным сектары. Як заўсёды, святочны настрой землякам дарылі работнікі культуры.
Наперадзе цяжкія, але натхнёныя дні палявых работ, поўныя надзей на добрае надвор’е і паспяховы сезон.
Святлана ВАРОШКА.




