Менавіта так 26 чэрвеня Бешанковіччына адзначыла 76-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Чараду святочных мерапрыемстваў адкрыў мітынг-рэквіем на мемарыяльным комплексе «Узрэчча». Тут усе прысутныя ўспомнілі пра адну з найвялікшых трагедый мінулага стагоддзя – Вялікую Айчынную вайну, пра неўміручы подзвіг вызваліцеляў.
Больш за тысячу вогненных дзён і начэй наш раён знаходзіўся пад акупацыяй нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яго вызваленне дасталася дарагой цаной. Паводле апошніх звестак, у баях за вызваленне раёна аддалі свае жыцці звыш трох тысяч салдат. За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры вызваленні Прыдзвіння, звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены больш за сто пяцьдзясят воінаў Чырвонай Арміі, 24 з іх – пасмяротна.
– Сёння мы, жыхары бешанковіцкага краю, адзіныя сваёй любоўю да роднай зямлі, павінны памятаць пра тыя подзвігі, якія здзяйсняліся ў імя свабоды нашай краіны, пра тых людзей, якія паклалі свае жыцці дзеля агульнай Перамогі, – звярнулася да прысутных на мітынгу кіраўнік раёна Г. У. Унуковіч. – Народ будзе жыць да таго часу, пакуль будзе памятаць урокі мінулай вайны. Вечная памяць паўшым! Вечная Слава Героям!
Вайна… Колькі болю і горычы, страху і смерці нясе яна людзям. За гады Вялікай Айчыннай загінулі мільёны. Няма ніводнай беларускай сям’і, якую б не закранула гэта вайна. Як балюча было матулям губляць сваіх сыноў, жонкам – мужоў, дзецям – бацькоў… Боль незаменнай страты… Тэатралізаваная пастаноўка, пранізаная гэтым горкім пачуццём, нікога не пакінула раўнадушным, яна кранула да слёз, да глыбіні душы…
Ушанаваўшы памяць загінуўшых у гады вайны хвілінай маўчання, удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да брацкай магілы.
А крыху пазней удзячныя нашчадкі зноў сабраліся, але ўжо ля брацкай магілы ў в. Саннікі, каб яшчэ раз аддаць даніну памяці і павагі героям-вызваліцелям, сярод якіх былі людзі розных узростаў, розных нацыянальнасцяў.
У гады вайны на тэрыторыі Беларусі ў радах Чырвонай Арміі і партызанскіх атрадах змагаліся тысячы грузін. У іх ліку быў і паэт Грузіі Мірза Гелавані. Прайшоўшы шлях ад радавога, курсанта танкавага вучылішча, ён даслужыўся да капітана і камандзіра батальёна. Вытрымаў цяжкія баі ва Украіне, на маскоўскім накірунку. Апошні бой, які скончыўся для Мірзы Гелавані трагічна, ён прыняў на Бешанковіччыне…
У Грузіі пра лёс паэта не было вядома да 1963 года. Менавіта тады родныя атрымалі з Беларусі доўгачаканую вестку. Гэта быў ліст на імя маці загінуўшага афіцэра ад піянераў Ржаўскай школы, у якім дзеці расказалі ёй пра месца пахавання сына. З тых часоў магілу Мірзы Гелавані амаль штогод наведваюць яго суайчыннікі. На гэты раз з ганаровай місіяй бешанковіцкі край наведаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, вядомы тэлежурналіст Тэнгіз Думбадзэ. Ён прывёз на магілу, дзе спачывае герой, зямлю з радзімы паэта – Тыянецкага муніцыпалітэта Грузіі.
– Я ганаруся, што ў маіх жылах цячэ кроў двух сапраўды вялікіх і добрых народаў – беларускага і грузінскага, – не хаваў сваіх пачуццяў Тэнгіз Думбадзе. – Мне цяжка знайсці словы, каб выказаць удзячнасць вам, усім тут прысутным, за тое, што захоўваеце памяць аб загінуўшых сынах брацкіх рэспублік, для якіх Бешанковіцкі раён стаў месцам вечнага спакою…
Паказальна, што ў гэты знамянальны для нашага прыдзвінскага краю дзень беларуска-грузінскія сувязі сталі яшчэ больш цеснымі, яшчэ мацнейшымі. Гэтаму паспрыяла падпісанне Мемарандума аб гандлёва-эканамічным, сацыяльным і культурным супрацоўніцтве паміж Бешанковіцкім раёнам і Тыянецкім муніцыпалітэтам Грузіі. Дадзеная падзея стала магчымай дзякуючы арганізаванаму тэлемосту «Бешанковічы – Тыянеці». Землякі Мірзы Гелавані ад усёй душы павіншавалі жыхароў Бешанковіччыны с Днём вызвалення раёна, а таксама падзякавалі за ўважлівае стаўленне да славы герояў.
Эпілогам святочнага дня стаў канцэрт у цэнтральным парку гарпасёлка, дадзены ўдзельнікамі Нацыянальнага акадэмічнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча. Сказаць, што калектыў на бешанковіцкай зямлі прынялі цёпла і сардэчна – напэўна, нічога не сказаць. Кожнае выступленне гледачы суправаджалі бурнымі авацыямі, не змаўкалі крыкі «Брава». Аркестр, хор, танцавальная група выклаліся цалкам, падарыўшы прыдзвінцам гадзіну шчасця.
Святлана ВАРОШКА.