У рамках рэспубліканскага праекта «Кожная пятніца — роднае, сваё» ў СШ №2 г.п. Бешанковічы імя М.М. Ткачэнкі прайшоў незвычайны кулінарны батл «Дранік-бургер. Родны смак па-новаму».

Арганізатар мерапрыемства, дырэктар ПВГУП «Рэум» Вікторыя Каваленка, паставіла простую і зразумелую мэту: паказаць, што нацыянальная беларуская кухня можа быць сучаснай, моднай і вельмі смачнай.
Перад тым, як узяцца за таркі і патэльні, удзельнікі паразважалі на тэму «сваёй ежы». Што першае прыходзіць у галаву, калі гучыць слова «Беларусь»? Адказы былі розныя: хтосьці ўзгадаў бабуліны дранікі са смятанай, хтосьці — духмяную бульбяную бабку, а для кагосьці сімвалам Радзімы стала смачная мачанка з блінамі.




Першым сур’ёзным “выпрабаваннем” стаў конкурс «Хуткая чыстка». Каманды атрымалі па тры бульбіны і цыбуліну. Трэба было хутка і акуратна, з найменшай колькасцю адходаў падрыхтаваць гародніну да далейшай апрацоўкі. Тут важная была не толькі хуткасць, але і якасць.
Наступны этап —«цярушкі». Удзельнікі на хуткасць церлі бульбу і цыбулю, ператвараючы іх у аднародную масу.
Калі бульбяная маса была гатова, надыйшоў час самага адказнага моманту — замяшання цеста. Кожная каманда павінна была дадаць яйка, муку, соль. Але складанасць заключалася ў тым, што дакладных прапорцый ніхто не ведаў.
Удзельнікам давялося дамаўляцца, спрачацца і шукаць кампрамісы.




Кульмінацыяй стаў конкурс на лепшую начынку для дранік-бургера. Кожная каманда атрымала аднолькавы набор прадуктаў: памідоры, агуркі, сыр, зеляніну, смятану і кетчуп.
Аднак арганізатары дадалі і сюрпрызы — адной камандзе дасталася ікра і лімон, другой — кавалачак сала і журавіны. Гэта дало магчымасць праявіць фантазію і стварыць сапраўды непаўторны бургер.

Калі асноўныя конкурсы скончыліся, удзельнікаў чакаў галоўны сюрпрыз. Кожны з прысутных змог адчуць сябе сапраўдным шэф-поварам і сабраць бургер сваёй мары.



«Смачна есці!» — гэтыя словы сталі дэвізам, які ператварыў просты ласунак у сапраўдны сімвал нацыянальнай кухні.
Кулінарны батл «Дранік-бургер. Родны смак па-новаму» яшчэ раз даказаў: нацыянальная кухня — жывая. Яна можа быць сучаснай, адпавядаць сусветным трэндам, але пры гэтым захоўваць сваю душу і самабытнасць. Галоўнае — не баяцца эксперыментаваць.



