Новогодние мюзиклы для детворы

Новости района

У мінулую пятніцу на базе УП «Вядзерава» адбыўся выязны семінар-нарада, на якім быў праведзены Савет упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама па падвядзенні вынікаў работы жывёлагадоўчай галіны за студзень-ліпень бягучага года. У ім прынялі ўдзел кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў раёна.


На парадак дня былі вынесены пытанні, якія датычацца вытворчасці малака, павелічэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы, вырошчвання і захаванасці маладняку, узнаўлення статка і атрымання прыплоду. Таксама былі вызначаны шляхі развіцця галіны, атрымання прадукцыі жывёлагадоўлі на жнівень-снежань.


З выступленнямі на гэтыя і іншыя тэмы да прысутных звярнуліся першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу С. Г. Акуневіч і яго намеснікі А. А. Булаўкін і М. В. Кавалёнак, намеснік начальніка аддзела вытворчасці, збыту прадукцыі і інтэнсіфікацыі сельгасвытворчасці райсельгасхарчу А. В. Баранок, в. а. галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна М. У. Глінская, в. а. дырэктара РУП па племянной справе і штучным асемяненні сельскагаспадарчых жывёл «Бешанковіцкая райплемстанцыя» І. В. Зубец.


Тэмп росту валавой вытворчасці малака па раёне за сем месяцаў бягучага года склаў 104,2%, прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы – 105,1%, колькасць жывёлы грамадскага сектара – 20940 галоў, ці 102,1%. Выдатна працуе з пачатку года УП «Свіціна-ВМК», дзе валавая вытворчасць малака дасягнула 118% да ўзроўню мінулага года. Дарэчы, прадпрыемства з’яўляецца лідарам і па рэалізацыі малака гатункам «экстра» – 95%. Нядрэнна спрацавала і ДП «ПалітаддзелецАгра», дзе з пачатку года рэалізаваны 71% малака самага высокага гатунку. Трэба адзначыць, што ў гэтым напрамку назіраецца рух і ў ДП «ПлісыАгра». У мінулым годзе прадпрыемства не рэалізоўвала малако гатункам «экстра», а ў гэтым – 16%.


Гаспадаркі раёна ўзялі курс на захаванне колькасці маладняку. Па павелічэнні пагалоўя лідзіруе ЗАТ «ААБ-Агра Наватар»: 5820 галоў буйной рагатай жывёлы, ці 107,5% (+409 галоў да ўзроўню мінулага года). Па прадукцыі вырошчвання БРЖ лепшыя паказчыкі зноў маюць УП «Свіціна-ВМК» (110,4%), ДП «ПалітаддзелецАгра» (107,9%) і ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» (106,7%). Самыя высокія сярэднясутачныя прывагі маладняку ў сельгаспрадпрыемстве «Вядзерава» (645 г), крыху менш у ДП «ПалітаддзелецАгра» (640 г) і УП «Свіціна-ВМК» (611 г), а ўдой на карову з пачатку года – у ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» (4071 кг). У лідарах таксама УП»Свіціна-ВМК» (3666 кг), ДП «ПалітаддзелецАгра» (3435 кг). За суткі на карову прыходзіцца 20,4 кг малака ў ЗАТ «ААБ-Агра Наватар», 18,2 кг – УП «Свіціна-ВМК» і 17,7 кг – ДП «ПалітаддзелецАгра». Гэта зусім нядрэнна, калі ўлічыць, што сярэдні паказчык па Віцебскай вобласці – 13,3 кг.


Усім сельгаспрадпрыемствам раёна было даведзена заданне: павысіць вытворчасць малака і мяса да 105% (у параўнанні з мінулагоднім), а таксама бездакорна захоўваць тэхналогіі вытворчасці, згодна з рэспубліканскімі рэгламентамі.


Другая частка нарады была прысвечана правядзенню сяўбы азімых збожжавых і прайшла на полі. Вядзераўцы прадэманстравалі, як ідзе сяўба азімага рапсу. А. А. Булаўкін нагадаў кіраўнікам і спецыялістам сельгаспрадпрыемстваў, каб тыя эканомна расходавалі паліва,актыўна ўключаліся ў сяўбу азімых і не зацягвалі тэрміны ўборкі збожжавых, бо за два тыдні працу трэба завяршыць.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *