Нет права на ошибку

"Стоп: Сovid-19! " Актуально В трудовых коллективах

— Колькі сябе памятаю, заўсёды марыла стаць урачом і ў старэйшых класах цвёрда вырашыла паступаць у медыцынскі інстытут, — распавяла ўрач анестэзіёлаг-рэаніматолаг УАЗ «Бешанковіцкая ЦРБ» В. М. Карпава падчас нашай з ёй сустрэчы. — Пасля шасці гадоў вучобы і года стажыроўкі па размеркаванні трапіла ў Бешанковічы. Так і працую тут амаль 25 гадоў.

Вольга Мікалаеўна карэнная віцябчанка, але, адпрацаваўшы належны тэрмін, ўсё ж засталася ў нашым гарпасёлку. За гэты час жанчына настолькі прывыкла да калектыву, мясцовай прыроды і яе маляўнічых пейзажаў, што паехаць адсюль было б няправільна. Ды і людзі ўсюды хварэюць аднолькава.

    — Яшчэ больш у правільнасці выбару спецыяльнасці я стала пераконвацца напрыканцы другога курса. Калі праходзіла практыку, усвядоміла, што ўрач — самая неабходная і высакародная прафесія, ён — анёл на зямлі, баец за жыццё і здароўе людзей. Бачыць пакуты чалавека — гэта зможа не кожны, — падзялілася В. М. Карпава. — А галоўнае, што дзейнічаць трэба без мітусні — усё максімальна выразна, строга, прафесійна.

     Не многія дакладна ведаюць, у чым заключаецца праца ўрача анестэзіёлага-рэаніматолага. Анестэзія — толькі невялікая частка працы. На самай справе гэта адна з самых цяжкіх прафесій, якая патрабуе глыбокіх тэарэтычных ведаў, вытрымкі, адказнасці. Трэба імгненна прымаць рашэнні, паспець за секунды пралічыць магчымыя варыянты і выбраць адзіны верны, каб выратаваць жыццё чалавека. А яшчэ прыём пацыентаў, лячэнне, вядзенне дакументацыі.

    Таксама анестэзіёлаг-рэаніматолаг сочыць за ходам аперацыі, за работай усіх жыццёва важных функцый арганізма чалавека. Дасведчаны спецыяліст ведае ход любой аперацыі, ён павінен разумець, на якім этапе неабходна ўзмацніць кантроль над станам пацыента або павялічыць дозу прэпарата. Бо з моманту падачы наркозу і да заканчэння аперацыі ўся жыццядзейнасць чалавека, усе яго жыццёвыя функцыі, дыханне, біццё сэрца знаходзяцца ў руках урача, і тут няма права на памылку.

   У бальніцы створаны добрыя ўмовы для аказання меддапамогі: аперацыйная, аддзяленне рэанімацыі аснашчаны ўсім неабходным, рэгулярна абнаўляецца абсталяванне. Ды і каманда медработнікаў выдатная. Тут працуюць 4 урачы, 9 медсясцёр, а таксама санітаркі і сястра-гаспадыня. Узначальвае аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі Альберт Рыгоравіч Аўласёнак, чалавек адукаваны, разважлівы і адказны.

    —  У сувязі з нечаканай новай інфекцыяй працаваць стала складаней, — прызналася жанчына. — Замест звыклых халатаў, пальчатак і масак неабходна апранацца ў спецыяльны касцюм, насіць рэспіратар і ахоўны экран, бахілы, але мы прывыклі і ўсё вытрымаем і пераадолеем.

Кацярына ПЕТУХОВА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *