Традыцыйна больш за ўсё работы па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі прыходзіцца на вясну, калі абуджаецца прырода і трэба ўбраць смецце, што збіраецца за зіму, аформіць кветнікі, а таксама на восень, калі дрэвы скідваюць сваё “адзенне”. Зразумела, што адной камунальнай службе справіцца з гэтымі задачамі не заўсёды па сілах і патрабуецца дапамога працоўных калектываў раёна. Таму па чацвяргах на Прыдзвінні праходзяць дні добраўпарадкавання.
Як паведамілі рэдакцыі ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, прадпрыемствы і арганізацыі раёна ў сваёй большасці ахвотна адгукаюцца на просьбы і выходзяць на ўборку замацаваных тэрыторый. Напрыклад, РВУ “Бешанковічырайгаз” падтрымлівае парадак у скверы на скрыжаванні вуліц К. Маркса і Свабоды, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама ўжо двойчы выходзіла на ўборку замацаванай за службай часткі парка на вуліцы Камуністычнай. Прыбіраліся на сваіх тэрыторыях раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, СШ №2, “Белько”, ТЦСАН, “РВЦ-лес”, аддзел культуры райвыканкама, дзіцячая школа мастацтваў, сацыяльна-педагагічны цэнтр і іншыя. Асобным даводзіцца напамінаць пра неабходнасць утрымліваць замацаваныя тэрыторыі ў належным санітарным стане па некалькі разоў.
Кастрычнік на завяршэнні, лісце амаль усё ляжыць на зямлі. Зараз самы час, каб убраць яго, не пусціць пад снег.
Фота Ларысы ПАДЖАРАЙ.