Шчодры вечар

2017 год - Год науки

Стары Новы год – гэта рэдкі гістарычны феномен, дадатковае свята, якое атрымалася ў выніку змены летазлічэння. З-за дадзенага разыходжання календароў мы адзначаем два Новых года – па старым і новым стылі.

У ноч з 13 на 14 студзеня кожны можа дазволіць сабе «дасвяткаваць» самае любімае свята. Бо для многіх вернікаў Стары Новы год мае асаблівае значэнне, паколькі ад душы адсвяткаваць яго яны могуць толькі пасля заканчэння Каляднага паста.

Вечар напярэдадні Старога Новага года носіць назву Шчадрэц ці Шчодры вечар. Святкаванне яго вядзецца ад старажытнага, верагодна, яшчэ дахрысціянскага звычаю.

На святочнае мерапрыемства «Шчодры вечар» жыхароў райцэнтра сёлета запрасілі культработнікі СДК, школы мастацтваў і бібліятэкі аграгарадка Астроўна. Тэатралізаванае прадстаўленне разгарнулася на імправізаванай сцэне на цэнтральнай плошчы Бешанковічаў (на здымку). І хоць вечар выдаўся марозным, але гэта не спалохала людзей, якія сабраліся ля елкі, каб сустрэць Стары Новы год.

Па сцэнарыі гаспадар Сцяпан і гаспадыня Ганна, у хаце якіх пасяліўся Дамавік, сустракалі калядоўшчыкаў з Казой, Мядзведзем, Механошай, Павадыром, Звездаром і Музыкантам. Шчадруючыя прыходзілі ў дом з добрымі пажаданнямі, вясёлымі песнямі, танцамі, шчадроўкамі і жартамі. Гаспадары не скупіліся на пачастункі, надзялялі калядоўшчыкаў мёдам, салам, каўбасамі, сырам, блінамі і іншымі прысмакамі. Працягам святочнай праграмы стаў калядны канцэрт.

Шчадрэц атрымаўся багатым на пажаданні дабрабыту, здароўя і радасці. Спадзяёмся, што і ўвесь новы год пройдзе без смутку і турбот, будзе шчодры і шчаслівы, прынясе нам толькі лепшае.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *