У Ульскай сярэдняй школе Бешанковіцкага раёна абноўлены гісторыка-краязнаўчы музей

Событие

У год 70-годдзя Вялікай Перамогі ў Ульскай сярэдняй школе ва ўрачыстай абстаноўцы пасля рэканструкцыі быў адкрыты гісторыка-краязнаўчы музей.


На школьную лінейку, прымеркаваную спецыяльна да гэтай значнай падзеі ў жыцці навучальнай установы, былі запрошаны начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Леанідаўна Салоха, ініцыятар стварэння музея і яго першы дырэктар Лілія Уладзіміраўна Бабака, настаўнік працоўнага навучання школы і выканаўца ўсіх асноўных работ у адноўленым музеі Андрэй Мікалаевіч Пышны. Перад прысутнымі выступілі дырэктар школы Анатоль Сямёнавіч Старавойтаў, Лілія Уладзіміраўна Бабака, Святлана Леанідаўна Салоха. Уласны верш, прысвечаны вызваленню ад захопнікаў роднага пасёлка, прачытала вучаніца Алена Танькова.


Гонар перарэзаць чырвоную стужку выпаў С. Л. Салоха і А. М. Пышнаму. Першую экскурсію правяла Юля Гамзюк. Яна напомніла гісторыю музея. Спачатку гэта быў пакой баявой славы, адкрыты ў 1985 годзе. З 1990 года – музей баявой славы, з 2005-га – гісторыка-краязнаўчы музей.


Асноўныя яго раздзелы: гістарычная даведка пра Улу; археалагічныя прадметы, знойдзеныя на тэрыторыі Улы і сельсавета; баявы шлях 270-й стралковай дывізіі 6-й гвардзейскай арміі, якая вызваляла гэты населены пункт; дыярама «Вызваленне Улы». Астатнія раздзелы прысвечаны ветэранам Вялікай Айчыннай вайны пасёлка, успамінам землякоў і вызваліцеляў. Таксама тут зроблены стэнд з фотаздымкамі тых, хто праявіў выключную мужнасць і гераізм у час штурму пазіцый ворага ў Уле і яе наваколлі. У экспазіцыі музея прадстаўлена багата рэчаў часоў Вялікай Айчыннай вайны.


– Зразумела, што і экспанатаў, і альбомаў, і іншых прадметаў побыту ў нас сабрана значна больш, чым тут прадстаўлена, – гаварыў Андрэй Мікалаевіч Пышны. – У перспектыве думаем істотна пашырыць экспазіцыю, каб гісторыя Улы была прадстаўлена ў большым аб’ёме, чым цяпер.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *