Придвинский кузнец — герой нашего времени

Человек и его дело

14 лістапада ў Беларусі адзначаецца Дзень каваля. Несумненна, гэта свята мае глыбокія гістарычныя карані. Першапачаткова ў гэты дзень шанавалі Кузьму. Людзі верылі, што менавіта ён з’яўляецца заступнікам усіх майстроў кавальскай справы. Але, як кажуць, час зрабіў сваю справу, і гэта свята стала называцца «Дзень каваля». Дзень, калі ўшаноўваюць саміх майстроў.


– Успомніце, у старадаўнія часы першым чалавекам у кожнай вёсцы быў менавіта каваль, яго паважалі і шанавалі, яго рамяство з’яўлялася адным з самых складаных, таму праца майстра заўсёды высока цанілася ў народзе, – адзначыў жыхар Бешанковіч А. В. Трубецкі, які захапляецца кавальствам. – Раней пры кожным калгасе была кузня, дзе, вядома ж, быў і майстар на ўсе рукі. А сёння ўжо нешматлікія гаспадаркі могуць пахваліцца такім майстрам, бо дзеля засваення гэтага рамяства патрабуецца не адзін год карпатлівай працы над сабой, а часам, для спазнання ўсіх тонкасцяў кавальскай справы можа спатрэбіцца і ўсё жыццё.


Кавалі змаглі падпарадкаваць сабе ўсе чатыры стыхіі – агонь, ваду, паветра і зямлю. Гэтыя моцныя людзі пры дапамозе агню і молата з распаленага кавалка жалеза вырабляюць разнастайныя шэдэўры.


– Усяму таму, што ўмею, я абавязаны Анатолю Герасімаву, Уладзіміру Гарбунову і Уладзіміру Дзямідаву. Менавіта гэтыя людзі вучылі мяне асновам кавальскай справы, – працягвае Андрэй Віктаравіч. – У наш час гэтае рамяство далёка не так запатрабавана, як у мінулым. Цяпер на змену чалавеку з молатам і кавадлай прыйшла прамысловая вытворчасць, значна таннейшая і больш эфектыўная. Але гэта не значыць, што прафесія каваля мёртвая. Пагадзіцеся, даволі прыемна сёння валодаць адзінкавым і сапраўды эксклюзіўным вырабам, які, несумненна, можна аднесці да твораў мастацтва.


Прыдзвінскі каваль таксама раскрыў адзін сакрэт, які дапамагае яму ствараць нешта па-сапраўднаму непаўторнае:


– Калі ведаеш аснову любімай справы, то ўжо потым пачынаеш фантазіраваць і эксперыментаваць, дадаваць штосьці сваё, ад душы. Не адразу і ў мяне ўсё атрымалася. Так, у нас дома стаіць мая самая першая работа – падсвечнік. Шчыра кажучы, гэта яркі прыклад таго, як рабіць не трэба. Але ўсё ж такі выкінуць рука не падымаецца, ён для мяне дарагі як памяць.


Кавальская праца складаецца з дзевяці асноўных аперацый, як музыка з сямі нот. Таму гэта рамяство можна назваць музыкай метала.


Андрэй Віктаравіч неаднаразова падкрэсліваў, што каваць заўсёды трэба ў добрым настроі, з пазітывам, зараджаць метал дадатнай энергіяй, менавіта тады, усё атрымаецца так, як задумана.


Напрыканцы нашай гутаркі майстар вядзе мяне на экскурсію ў кузню. Распальвае горан – агонь раздзьмухваецца. У ім метал звычайна награваецца да 900 градусаў, пры 1200 градусах ён ужо пачынае плавіцца. Каваль бярэ сталёвы дубец і кладзе яго ў агонь. Праз некаторы час дастае чырвона-руды металічны дубец з печы і кладзе на кавадлу. Удар молатам, затым яшчэ некалькі… І як вынік, завяршыўшы каванне, апускае гарачы выраб у ваду і працягвае мне новенькую бірульку для ключэй.


Дзякуй вам, Андрэй Віктаравіч, за цікавую размову і відовішчны майстар-клас. Прыемна, што сярод нас ёсць яшчэ такія людзі, якія атрымліваюць асалоду ад сваёй справы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *