Воспоминания Придвинского ветерана

К 75-летию с начала Великой Отечественной войны

Невысокі плот, невялікі, але акуратны дом з зорачкай. Яго жыхары былі сведкамі даўніх падзей, пра якія шмат было сказана, а яшчэ больш – забыта. Але іх засталося няшмат. У той жа час, калі жывуць людзі, жыве і памяць пра тыя жахлівыя часы. Неяк наведалася ў адзін такі дамок да ветэрана Уладзіміра Ігнацьевіча Дышынскага. Захацелася пагаварыць пра мінулае, даведацца, чым зараз жыве ветэран.


Час ідзе, а сям’я жыве сціпла і ўтульна. На парозе мяне сустрэла гаспадыня дома Лізавета Іванаўна, праводзіла ў пакой. Уладзімір Ігнацьевіч здзівіўся нечаканаму візіту, але пагаварыць не адмовіўся. Муж і жонка па чарзе расказвалі пра сваю сустрэчу, пра тое, як з’явіліся сыны Аляксандр і Віктар, як пайшлі ўнукі-праўнукі. Ветэран нават павесялеў. Аднак узгадваць вайну ўсё роўна было цяжка, у вачах дзядулі паблісквалі слёзы. Было імгненне, калі крыху пашкадавала, што прымусіла вярнуцца да тых дзён. Няхай толькі ў думках, але ўсё ж туды, у час, калі бязлітасна знішчалі людзей…


Сяджу ціха, слухаю ўспаміны дзяцінства, пазіраю на дзядулю, а бачу маладога хлопца, які рос у вялікай сям’і, рана застаўся без бацькі. Іх было сямёра, дзяцей, якім трэба было неяк жыць. Хлопец пайшоў вучыцца на токара, хутка асвоіў прафесію, атрымаў разрад. І раптам – вайна, эвакуацыя. Так атрымалася, што ён не паспеў эвакуіравацца. Пакуль грузілі станкі, хлопец пабег дадому, каб папярэдзіць маці, што з’язджае. Аднак назад вярнуцца не паспеў – набліжаўся бой і ўсе з’ехалі без яго. Потым было жыццё, якое без слёз не згадаеш. Уладзімір Ігнацьевіч расказаў, як аднойчы ворагі схапілі яго і іншых людзей, некуды павялі. Ён думаў, што вядуць на расстрэл, але лёс даў шанец: ім удалося ўцячы.


Пабываў Уладзімір Ігнацьевіч і ў партызанах, і ў разведцы (крыху менш, чым паўгода). Невысокага росту хлапчына ні ў кога не выклікаў падазрэнняў, таму стаў для партызан ідэальным сувязным. Калі споўнілася 18 гадоў, партызанскае жыццё скончылася, юнак пайшоў на службу ў дзеючую армію. Уладзімір Ігнацьевіч падзяліўся ўспамінамі, як падчас службы мог адрамантаваць любую зброю. Ды і пасля вайны звязаў жыццё з тэхнікай: 30 гадоў працаваў майстрам вытворчага навучання па слясарнай справе ў Ульскім СПТВ №3.


Запыталася пра перамогу. Яе ветэран узгадвае як вялікую радасць, у якую спачатку нават не верылася. Вядома, пацікавілася і дзядулевымі медалямі. Сярод іх на пачэсным месцы – ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені. Гэтыя адзнакі мужнасці ўпрыгожваюць святочны пінжак, які сціплы мужчына рэдка калі апранае.


– Не люблю выхваляцца, – кажа Уладзімір Ігнацьевіч, – галоўнае ж – не медалі, якіх шмат, а сама перамога. Яна дала магчымасць жыць мірна.


Калі размова зайшла пра пасляваенны час, Лізавета Іванаўна ўзгадала ліст ад жанчыны, якую нейкі час хавала ад немцаў іх сям’я. Ганначка не забылася аб сваіх выратавальніках, нават абяцала наведаць, ды неяк не давялося. Аднак сям’я Дышынскіх захоўвае гэты ліст, як напамін пра мінулае.


Мы шмат размаўлялі, фатаграфаваліся і рассталіся ў добрым настроі. Старонкі не хопіць, каб перадаць усё гэта словамі. Прыемна, што ёсць такія людзі, шчырыя і адкрытыя, у якіх можна даведацца пра мінулае. Яны здабывалі перамогу і волю для нас. Не трэба пра гэта забываць.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *