Придвинские школьники на литературном вечере по творчеству И. П. Шамякина

2017 год - Год науки

Год культуры насычаны юбілеямі беларускіх пісьменнікаў. На моладзі ляжыць адказнасць за ўшанаванне памяці славутых людзей, якія пакінулі нашай краіне неўміручы скарб мастацтва.


Напярэдадні 95-ай гадавіны з дня нараджэння таленавітага сына беларускай зямлі Івана Шамякіна ў Ульскай сельскай бібліятэцы прайшоў літаратурны вечар «Глыбокая адданасць часу». На мерапрыемства былі запрошаны вучні Ульскай СШ. З матэрыялам пра жыццё Івана Пятровіча, які прайшоў шлях ад вясковага хлапчука з сям’і лесніка да знакамітага пісьменніка, прысутных пазнаёміла студэнтка філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Юлія Прышчэпа. Былі ўзгаданы шматлікія назвы твораў, напісаных у розныя гады творчай дзейнасці Шамякіна. У сваёй творчасці пісьменнік закранаў розныя тэмы, але, безумоўна, галоўная тэма творчасці Івана Шамякіна – Вялікая Айчынная вайна. Больш падрабязна вучні пазнаёміліся з пенталогіяй «Трывожнае шчасце» і яе аўтабіяграфічнай асновай напісання. У творы ёсць цудоўная рамантыка маладосці, першага кахання, юнацкіх роздумаў аб жыцці.


І. П. Шамякін – адзін з першых, хто пачаў пісаць пра чарнобыльскую трагедыю, рэалістычна ўзнімаў маральна-этычныя праблемы грамадства ў апошнія дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя.

Напрыканцы літаратурнага вечара вучні пазнаёміліся з кніжнай выставай «Веліч таленту», прагледзелі фотаздымкі родных мясцін Шамякіна, яго сям’і і сустрэч з сябрамі.


У Беларусі ведаюць Шамякіна не толькі як прафесійнага літаратара, але і як дзяржаўнага дзеяча, вучонага. За вялікія заслугі ў развіцці савецкай літаратуры, плённую грамадскую дзейнасць Івану Пятровічу Шамякіну было прысвоена ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы.


Галіна СМАЛЯРОВА, загадчыца Ульскай сельскай бібліятэкі.