Работница ГП ПолитотделецАгро О. А. Овчинникова преданно любит своё дело

Человек и его дело

Зямля, дзе мы нарадзіліся, выраслі і жывём – гэта зямля продкаў, апетая ў баладах, авеяная старадаўнімі легендамі. Няма больш пачэснай місіі, чым укладваць у яе свае душу, любоў і працу. Так лічыць і Вольга Анатольеўна Аўчыннікава, начальнік вытворчага ўчастка фермы «Паліцы» ДП «ПалітаддзелецАгра», удумлівы і здольны спецыяліст, адданы выбранай справе.


З усмешкай працаваць, з усмешкай сустракаць людзей. Гэтым прынцыпам жанчына і кіруецца. У сельскай гаспадарцы яна з 1989 года, пачынала працаваць галоўным заатэхнікам, вось ужо 8 гадоў – на пасадзе начальніка вытворчага ўчастка. У межах чалавечага жыцця амаль 30 гадоў – не такі ўжо і вялікі адрэзак часу. Але, з другога боку, колькі змен і розных падзей адбылося за гэты перыяд! Пад пільным вокам Вольгі Анатольеўны – фермы ў населеных пунктах Шаламы, Андрукі, Паліцы і 750 галоў жывёлы: цялушак і бычкоў. Сказаць, што яна з ранняга дзяцінства пра гэта марыла, значыць, адступіць ад ісціны. Аднак усведамленне таго, што ў выбары не памылілася, прыйшло пазней, падчас вучобы ў Ільянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Вольга Анатольеўна знайшла ў заатэхніі шмат цікавага, з ахвотай і стараннем вучылася. Пасля размеркавання прымяняць атрыманыя веды трапіла ў наш раён. Тут яе і напаткала каханне, згулялі вяселле і ў родныя мясціны (на Лепельшчыну) маладая працаўніца вырашыла не вяртацца.

.
– Яшчэ тады я зразумела: цяпер маё месца тут, побач з мужам Аляксандрам Віктаравічам, – з усмешкай кажа Вольга Анатольеўна. – Мы разам і працуем. Ён у мяне механізатар, жывёлам корм падвозіць. Выхавалі сыноў Уладзіміра і Віталя. Праца давалася нялёгка. Быў нават такі перыяд, калі я гады 3-4 працавала на пошце. Але ўсё роўна іду, бывала, і вачыма шукаю жывёл. Перажывала, думала, як яны без мяне. Сэрцам і душой усё роўна была там, на ферме, каля сваіх прыгажунь-рагуль, цялушак і цялятак. Усім кажу: калі няма любові да жывёлы, не будзе і радасці ад працы.Тут маё месца. І ўсе гэта ведаюць: і муж, і дзеці не адгаворваюць ад цяжкай працы. А як жа інакш? Мы прывыклі так жыць і па-іншаму ўжо не можам.


Час, праведзены разам з сям’ёй, з’яўляецца лепшым падарункам для гаспадыні дома, хоць і там у жанчыны таксама хапае клопатаў і на адпачынак часу няма. Даглядаюць агарод, гаспадарку трымаюць немалую. Каго толькі тут няма: свінні, куры, авечкі, карова, конь, качкі і іншая жыўнасць. Без гэтага ў вёсцы не выжыць.


Адпрацаваная ў жывёлагадоўлі гаспадаркі сістэма не дапускае паслаблення ні на хвіліну. Здаецца, калі на чалавеку ляжыць адказнасць за дзясяткі кароў, цялят, а наперадзе яшчэ столькі работы – не да пачуццяў, канвеер ідзе. Але ўсё ж знаходзяцца для жывёлы і ласка, і пяшчота. Сваёй любоўю, чалавечымі адносінамі да бычкоў і цялушак гераіня нашага аповеда і тлумачыць свой сакрэт поспеху ў працы. Пад яе кіраўніцтвам – 15 чалавек. Да справы працаўнікі адносяцца сур’ёзна. Вольга Анатольеўна расказвае пра іх з павагай.


– Добрасумленна, адказна працуюць Наталля Віктараўна Міклуш, Раіса Вячаславаўна Бабарэнь, Ірына Іванаўна Пальвінская, Яўген Іванавіч Міклуш, Дзмітрый Іванавіч Міклуш і многія іншыя работнікі, – расказвае жанчына. – Яны ўсе разумеюць: як накорміш жывёлу, такі і вынік атрымаеш. Гэта надае сілы і ўпэўненасці, а поспехаў, вядома, дасягае той, хто да іх імкнецца.
Шчырае жаданне Вольгі Анатольеўны працаваць, імкненне дабівацца вынікаў, адказнасць не на словах, а на справе ўражваюць. Яна незвычайная жанчына. У характары, здаецца, гарманічна спалучыліся сіла і слабасць, прастата і загадкавасць, рэальнае бачанне рэчаіснасці і крышачку летуценнасці. Свой выбар яна лічыць правільным, таму так упэўнена і цвёрда крочыць.


…Хутка ляціць час, за працай няма калі і азірнуцца назад, каб падвесці вынік. Працоўныя будні, святочныя дні перамяжоўваюцца, а Вольга Анатольеўна не ўяўляе жыцця без сваёй працы, без дружнага і згуртаванага калектыву палітаддзельскіх жывёлаводаў. Зараз за плячыма ўсмешлівай жанчыны – важкі багаж вопыту. Яна ж не скардзіцца на лёс,бо ведае: у кожнага чалавека – свая жыццёвая сцяжынка…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *