В унисон с песней жатвы звучат сердца бешенковичских хлеборобов

"Дажынкі -- 2021" Актуально Важное Заботы сельские Новости района Общество Человек и его дело

На працягу працоўнага года ў вясковых рупліўцаў існуе шмат праверак на трываласць — своеасаблівых экзаменаў, да якіх, каб здаць іх паспяхова, рыхтавацца трэба грунтоўна. Адзін з галоўных іспытаў — жніво. У гэтыя дні разам з іншымі такі экзамен трымаюць хлебаробы СУП «Свіціна-ВМК».

Цішыню над залатым морам парушае гучанне тэхнікі. Паветра насычана спякотай. Горача і на свіцінскіх палетках, тут разгарнуліся галоўныя падзеі жыцця калектыву: на ўборцы збожжа працаваў цэлы атрад. Налітыя спеласцю каласы выклікаюць адначасова і радасць, і хваляванне. Адзін за другім плывуць па шырокай ніве магутныя агракараблі. Гудуць натомлена маторы. Галасы іх, калі залатое збожжа напаўняе бункер, для камбайнераў — песня працы, гарачыя сэрцы гаспадароў жніва пульсуюць ім ва ўнісон.

– Такога, каб усе культуры адначасова падышлі да сваіх кандыцый, не было даўно, — расказвае дырэктар гаспадаркі Л. П. Мамойка. — Ды папярэднія намаганні дарэмна не прайшлі. Выкананы дзяржзаказ: 201 тона рапсу адпраўлена ў засекі краіны. У які ўраджай выліліся ўкладзеныя праца і сродкі? Пакуль, шчыра кажучы, ён візуальны.

На сённяшні дзень убрана 40,3% плошчаў, намалочана 1702 тоны збожжа ўраджайнасцю 30,2 ц/га. Аднак пра ўраджайнасць пагаворым, калі ўсё сабранае збожжа будзе ў засеках…

І ў гэтым — праўда дбайнага гаспадара! А мы тым часам уважліва назіраем за героямі жніва, што пад промнямі спякотнага сонца збіраюць ураджай. За штурваламі «КЗС‑1218» у свіцінцаў шчыруюць Дзяніс Міхайлавіч Казак, Аляксандр Аляксандравіч Шкялёнак, Васіль Мікалаевіч Сідаровіч, Анатоль Уладзіміравіч Асташонак, Мікалай Васільевіч Дзяцел, Юрый Рыгоравіч Галай і А ляксандр Аляксандравіч Воранаў, усе — камбайнеры вопытныя, працавітыя, шчыльна ідуць па працоўных паказчыках. Сэрца радуецца, калі пазіраеш на горы залатога зерня, здабытага іх працавітымі рукамі.

 Радкі залацістай саломы пакідаюць за сабой камбайны, не адстаюць ад таварышаў, імчаць следам на трактарах з ­прэс-падборшчыкамі Віктар Мікалаевіч Дарожка і Юрый Іванавіч Круцілін, хутка ператвараюць яе ў рулоны, якія неўзабаве дастаўляюцца да месцаў складзіравання. Уладзімір Віктаравіч Прошчанка, Мікалай Віктаравіч Шут і Аляксей Мікалаевіч Ачапоўскі адвозяць збожжа новага ўраджаю на зернеачышчальна-сушыльны комплекс «КЗСВ‑30», дзе яго даводзяць да ладу, інакш кажучы, да патрэбнай ступені вільготнасці. Захаванасць збожжа — пад пільным вокам загадчыцы склада Жанны Іванаўны Шэлест.

 Людзі магутнай волі і шырокай душы, свіцінскія рупліўцы самааддана служаць высакароднай справе. За імі — шчаслівае жыццё і росквіт. Ад штурвала камбайна механізатараў адрывае кароткі час для адпачынку і двухразовага гарачага харчавання. Жывуць людзі днём сённяшнім, але думаюць пра заўтрашні, дзе наперадзе — новыя рубяжы і працоўныя вяршыні. Стымул працаваць ёсць (кіраўніцтва гаспадаркі прадугледзела фінансавую матывацыю), а яшчэ вялікая адказнасць за новы ўраджай. Так, бывае, падводзіць тэхніка, але непаладкі ліквідуюць хутка, не прастойваюць дарэмна камбайны ў ціхай прахалодзе мехмайстэрні, жнуць, напаўняюць бункеры. «МАЗы» і «МТЗ‑82» адзін за другім пад’язджаюць за збожжам, каб даставіць яго на прасушку. І так з дня ў дзень, з раніцы і да таго часу, пакуль сонца не схіліцца за гарызонт…



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *