Экофестиваль Сбережем планету вместе прошёл в Бешенковичском районе

Мы -- молодые

Разнастайная і дзіўная прырода нашай сінявокай краіны: неаглядныя абшары, бязмежныя палі, магутныя лясы, паўнаводныя рэкі і азёры. Але, якой бы багатай ні была наша прырода, яе ўсё роўна трэба берагчы. Ніякія выгоды цяперашняй цывілізацыі не могуць замяніць чалавеку чыстае паветра і чыстую ваду, расліны і жывёл, ды і ўсю прыгажосць прыроды, з дапамогай якой ён маральна ўдасканальваецца. Таму так неабходна, каб усе людзі зразумелі сваю адказнасць перад будучыняй, каб кожны жыхар Зямлі ўсведамляў сваё дачыненне да гісторыі. Хто, калі не мы, паклапоціцца пра планету? Прырода – наш дом. Захаваць яго – задача ўсяго чалавецтва і кожнага чалавека паасобку. Толькі ад нас залежыць, ці здолеем мы зберагчы прыгажосць свету і перадаць яе сваім дзецям.


Адкрыўшы аднойчы для сябе хараство роднага краю, чалавек не зможа на яго забыцца, не стане абыякавым да экалагічных праблем. Зразумела, што вучыць адказнаму стаўленню да прыроды трэба з самага дзяцінства. Да разумення і бачання прыгажосці вакол нас шляхі розныя: школьныя заняткі, вандроўкі і безліч мерапрыемстваў. Адно з іх – раённы экафестываль «Зберажом планету разам», які адбыўся на базе экалагічнага аддзела ДУДА «Бешанковіцкі раённы Цэнтр дзяцей і моладзі». Удзел у ім прынялі творчыя калектывы ўстаноў адукацыі.


Вучні падышлі да справы арыгінальна. Кожны паказаў свае акцёрскія здольнасці, бо поспех залежаў ад работы ўсёй каманды. Дзеці спявалі і танцавалі, дэкламавалі вершы. У намінацыі «Агітбрыгада» выступілі тры каманды: прадстаўнікі Вярхоўскай БШ, гімназіі-інтэрната і СШ №1 райцэнтра. У намінацыі «Тэатр моды» – пяць: вучні з Астровенскай і Каранеўскай дзіцячых садоў-СШ, Бачэйкаўскай СШ, Вярхоўскай БШ і СШ №2 г. п. Бешанковічы. Дэфіле было асабліва захапляльным. Калекцыі, створаныя з другаснай сыравіны, уражвалі. Здавалася, фантазіі таленавітых мадэльераў няма мяжы. Пад іх рукамі газеты і часопісы, пакеты ператвараліся ў прыгожыя строі. Аднак шыкоўныя сукенкі трэба было адпаведна прадставіць. З задачай юныя модніцы справіліся выдатна. Атрымалася сапраўднае шоу, яркае і цудоўнае.


Журы нялёгка было вызначыць пераможцаў. Аднак, параіўшыся, яно абвясціла, што першынство ў намінацыі «Тэатр моды» заваявалі вучні Каранеўскай дзіцячага сада-СШ, дыплом ІІ-й ступені – СШ №2 райцэнтра, трэцяй – Астровенскай дзіцячага сада-СШ. У намінацыі «Агітбрыгада» прызёрамі сталі гімназісты і вучні СШ №1 г. п. Бешанковічы.


Усе ўдзельнікі, безумоўна, рыхтаваліся старанна. Сведчаннем гэтага сталі іх цікавыя работы. Усё ж сучасныя дзеці не застаюцца абыякавымі да нашай цудоўнай планеты, да лёсу раслін і жывёл. Бачна, як шчыра яны перажываюць. Ад гэтага прыемна і радасна на сэрцы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *