Придвинская труженица уверена, что жизнь удалась

Человек и его дело

Прафесія жанчыны, з якой мы сёння пазнаёмім нашых чытачоў, не такая простая, як здаецца. Уставаць трэба рана, працаваць да позняга вечара і практычна заўсёды быць у напружаным стане: варта толькі расслабіцца, як любімыя пяструшкі ды рагулі могуць і характар паказаць. Так што вы ўжо, напэўна, здагадаліся, што быць аператарам машыннага даення – не ўсім па сілах. Аднак працаўніца ДП «ПалітаддзелецАгра» Таццяна Аляксандраўна Радзіонава не шкадуе, што аднойчы зрабіла такі выбар.


Жывёлаводы і даяркі, механізатары – усе яны аднолькава імкнуцца да поспеху. Кожны працоўны дзень, кожную змену гэтыя людзі, як і многія іншыя ў ДП «ПалітаддзелецАгра», не проста сумленна выконваюць працу, а ўкладваюць у яе часцінку сваёй душы.


– І няхай прафесію сваю я выбрала не адразу (давялося папрацаваць і ў магазіне, і ў камунальнай гаспадарцы), затое ў ёй – сэнс майго жыцця, – падзялілася гераіня нашага аповеду, з якой мы сустрэліся на полі напярэдадні абедзеннай дойкі. – Таму работу сваю люблю! Што пра сябе расказаць? Мясцовая, тут, у Бешанковічах, нарадзілася і жыву. Маю дарослых сыноў – Ігара і Аляксандра. З гаспадаркі ў мяне – толькі агарод, жывёл не трымаю, бо нязручна, адно што графік работы такі, добра за ўласнымі рагулямі няма калі наглядаць, а па-іншаму я не ўмею. Ды і калі паехаць трэба куды, гаспадарку не кінеш. Затое ў мяне заўсёды шмат хатніх кветак. З нядаўніх часоў самыя любімыя – архідэі.


Таццяна Аляксандраўна – вельмі прыемная жанчына, шчыры і ветлівы чалавек. Яе светлая ўсмешка імгненна ўзнімае настрой. Гэта зразумела адразу, таксама, як і факт, што кідаць пачатае на паўдарозе – не па ёй. Працаўніца вяла размову і выконвала штодзённыя звыклыя справы.


– У нас рэжым: 12 гадзін – і каровы (а іх у мяне 49) ужо паглядаюць на даільную ўстаноўку, ідуць самі, падганяць не трэба, – з замілаваннем расказвае жанчына. – Усё робіцца хутка і (што галоўнае) своечасова. Раніцай у чатыры пачынаем даіць, а ўвечары – у сем. Спачатку цяжка было, але нічога, цяпер нават у выхадны дзень прачынаешся рана. Са сваімі рагулямі я ўжо другі год, узяла яшчэ цялушкамі, раздаіла. Увогуле ж у сельскай гаспадарцы працую восем з паловай гадоў. З кожным днём няпростая прафесія падабаецца ўсё больш і больш. Летам працаваць лягчэй, бо каровы на полі, чысценькія і задаволеныя. Аднак усё роўна не кіну гэтую нялёгкую, але займальную працу.


За размовай час бяжыць хутка, таму працаўніца паклікала жывёлу да сябе, прылашчыла, тая паслухала, што сказала гаспадыня, потым накіравалася да ўстаноўкі. У кожнай каровы – нумар, але Таццяна Аляксандраўна дае ім імёны, ды якія! Ёсць тут і Багіра, і Мацільда, а яшчэ Зорка і Венера. Усе рагулі для яе – самыя-самыя і надоі даюць нядрэнныя. Дарэчы, пра надоі: за мінулы месяц на адну фуражную карову надаіла 644 кг, з пачатку года – 3191 кг. Між іншым, малако гэта – ў асноўным класа «экстра». Нічога дзіўнага, калі ў чалавека адносіны да справы адказныя і зацікаўленыя.


– Што казаць, – усміхаецца субяседніца. – Справа па душы, дзеці. Штодзень ідзеш на любімую працу ў выдатным калектыве. Жыццё склалася!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *