Победу празднует многодетная семья Молоковых из Шарковщины

Мы -- молодые

Раніца 15 верасня выдалася пахмурнай, халоднай, дажджлівай, з пранізлівым ветрам. Але, нягледзячы на нялётнае надвор’е, у аграгарадок Астроўна Бешанковіцкага раёна з’ехаліся прадстаўнікі 12 рэгіёнаў вобласці – лепшыя маладыя сем’і Віцебшчыны, якія сталі пераможцамі раённых тураў рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла-2017», каб пазмагацца за перамогу ў абласным этапе і права прадстаўляць Віцебскую вобласць у фінале конкурсу.


Арганізатарамі абласнога этапа выступілі камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні і галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, Бешанковіцкі раённы выканаўчы камітэт, Віцебскі абласны камітэт грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», Віцебскі абласны камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Партнёрамі праекта сталі Віцебскае абласное аддзяленне «Беларускі фонд міру», Віцебская абласная арганізацыя «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа», Віцебская абласная арганізацыя РГА «Белая Русь» і «Белаграпрамбанк».


Дарэчы, упершыню такі конкурс стартаваў у Глыбоцкім раёне ў 2007 годзе. З 2008 года маладзёжная ініцыятыва рэалізуецца ва ўсіх рэгіёнах краіны як рэспубліканскі праект «Уладар сяла», галоўная мэта якога – садзейнічанне замацаванню маладых сем’яў на сяле, спрыянне падняццю прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій, умацаванню інстытута сям’і, адраджэнню працоўных дынастый, папулярызацыя традыцый беларускай вёскі, фарміраванне здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяроддзі.


Урачыстае адкрыццё абласнога этапу праекта «Уладар сяла-2017» сабрала на сцэне Астровенскага СДК усіх удзельнікаў. Старшыня Бешанковіцкага раённага Савета дэпутатаў Г. М. Шведаў павітаў пераможцаў раённых тураў праекта на нашай зямлі, пажадаў поспеху ўсім удзельнікам і падкрэсліў, што ўсе сем’і, якія сёння прадстаўляюць свае рэгіёны ў абласным конкурсе, – гэта тыя, на каго трэба раўняцца маладым людзям Віцебшчыны і краіны ў цэлым. У сваю чаргу другі сакратар Віцебскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» В. В. Хрол адзначыў, што пакуль у нас ёсць такая выдатная моладзь, мы можам жыць спакойна і ўпэўнена. Пакуль ёсць такія людзі, мы будзем квітнець, будзем рухацца наперад.


Варта адзначыць, што прадстаўнікі Віцебскай вобласці ўжо тройчы станавіліся пераможцамі рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла». Апошні раз – у мінулым годзе. Тады перамогу святкавалі нашы землякі з аграгарадка Ржаўка Сяргей і Юлія Адамовічы. Яны паказалі гасцям і ўдзельнікам цяперашняга сезону сваё фінальнае выступленне на праекце і сарвалі шквал апладысментаў.


А старт конкурснай праграме далі тэатралізаваныя замалёўкі «Вітаем па-беларуску». Абавязковай умовай спаборніцтва «візітных картак» з’яўляўся паказ беларускага нацыянальнага касцюма з улікам асаблівасцяў рэгіёна пражывання сям’і. Кожная маладая пара справілася з заданнем. Бацькі і іх дзеці расказвалі пра сябе, свае сямейныя традыцыі, звычкі, захапленні. Не абышлося тут без песень і вершаў, прэзентацый. Сем’і падрыхтавалі відэаролік «Лепшы сельскі падворак», паказалі, якія яны дружныя, дужыя і згуртаваныя.


Напрыклад, гонар Браслаўскага раёна абараняла сям’я Алены і Максіма Бальс з сынамі Уладам і Ільёй, Чашніцкага – Мікалай Кудэрка і Таццяна Аўраменка з сынам Крысцінам, Сенненскага – Аляксей і Алена Пархамчук з дачкой Лерай і сынам Вадзімам. Аляксандр і Аляксандра Анісімавы з сынам Уладам прадстаўлялі Верхнядзвінскі раён, Андрэй і Таццяна Раковіч з дочкамі Палінай, Карынай і Міланай – Талачынскі, Вікторыя і Павел Палас з дачкой Марго – Полацкі, Аляксандр і Наталля Крыкштуль з сынам Косцем – Глыбоцкі.


Прыемна было бачыць на сцэне і шматдзетныя сем’і. З Міёрскага раёна прыехалі Мікалай і Яўгенія Цітовіч з Мікітам і Віялетай (малодшая дачушка Ліза засталася дома з бабуляй), з Шаркаўшчынскага – Іван і Дзіяна Молакавы з Мікітам, Сафіяй і блізнятамі Ганнай і Анастасіяй, з Лёзненскага – Юрый і Галіна Жураўлёвы са Стасам, Лізай і Насцяй. Мікалай і Алена Новікавы з сынам Арцёмам і дочкамі Ганнай і Анастасіяй – з Шумілінскага.


Бешанковіцкі раён прадстаўлялі жыхары аграгарадка Астроўна – сям’я Кляменцьевых. Гаспадар дома Віталь – майстар на ўсе рукі: чырванадрэўшчык і цясляр, у хаце лепшы гаспадар, муж каханы, ласкавы і рахманы, ды й самы лепшы ў свеце тата, як лічуць сыночкі Цімур і Яраслаў, якіх маладым Бог падараваў. Дарэчы, зараз бацька знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцём. Таццяна – прыгажуня, чараўніца і майстрыца – выкладае харэаграфію ў Астровенскай ДШМ, гасцей любіць у хату запрасіць і пірагамі накарміць, даглядае сыночкаў-галубочкаў, пяе ім калыханку на ночку. Дэвіз сям’і Кляменцьевых просты, складаецца ўсяго з двух слоў – разуменне і любоў!


Потым увага гледачоў перамясцілася на «Выставы дасягненняў сямейнай гаспадаркі». Гаспадыні пастараліся: такія пачастункі падрыхтавалі, што пальчыкі абліжаш! Адным словам, стравы – проста любата, нават шкада было іх есці. Сем’і прадставілі на суд журы і плады сваёй творчасці: вышыўку, карціны, разьбу па дрэве, вырабы з металу. Словам, усё, што ўмеюць, паказалі не шкадуючы.


Тут кожны стол ламіўся ад страў. Каб выставіць балы, па падворках прайшлі і афіцыйныя госці, якія з цікавасцю распытвалі пра рэцэпты страў. Дарэчы, муж і жонка Клямецьевы здзіўлялі ўсіх юшкай, шашлыкамі з бульбы са свінінай, саленнямі, алкагольна-гастранамічнай кампазіцыяй «Госць на парозе», частавалі астровенскім бярозавікам «Чыстая сляза», а самыя смелыя маглі пакаштаваць і «паліва ўнутранага згарання».


Жыццё ў вёсцы лёгкім не назавеш, таму вельмі часта моладзь імкнецца ў горад. Яе не могуць спыніць перспектывы ў выглядзе добраўпарадкаванага жылля і пастаяннай працы. Аднак нямала і тых, хто сцвярджае адваротнае – сельскае жыццё не горш, чым у горадзе. І калі ты не лайдак, а сапраўдны гаспадар, любіш ціхае і мернае жыццё, а не шумную гарадскую мітусню, то вёска – гэта менавіта тое, што табе трэба. Гэта канкурсанты прадэманстравалі ў наступных выпрабаваннях.


У конкурсе «Па дровы» ўдзельнікі паказалі, як яны нарыхтоўваюць паліва на зіму. Ліха спраўляліся мужы і жонкі з пілой. А хуткасці колкі дроў моцнай паловы сем’яў можна было толькі пазайздросціць! Не падвялі і жонкі – акуратна склалі дровы ў касцёр. Вядома, куды на сяле без умення запрагаць каня? Тут і падыход да жывёлы патрэбен, і сіла. Гэтыя ўменні канкурсанты дэманстравалі падчас конкурсу «Святочны воз».


Конкурсная праграма планавалася з васьмі выпрабаванняў, падчас якіх удзельнікі павінны былі прадэманстраваць свае творчыя здольнасці, гаспадарлівасць, сялянскі спрыт і кемлівасць. Але надвор’е ўнесла свае карэктывы: з-за дажджу арганізатары адмянілі «Дранікі на калодзе», «Спартыўную» і «Вясковую» эстафеты.


За ходам конкурсу сачыла мудрае і кампетэнтнае журы. Яму трэба было рашыць нялёгкую задачу – вызначыць лепшых з лепшых. Бо на лідарства прэтэндавалі ўсе сем’і, у кожнай была свая разыначка. Пачэсная місія аб’явіць пераможцу лягла на плечы першага намесніка старшыні Бешанковіцкага райвыканкама С. Г. Акуневіча і другога сакратара Віцебскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» В. В. Хрола.


Трэцяе месца ў абласным этапе праекта «Уладар сяла-2017» заняла сям’я Жураўлёвых з Лёзненскага раёна, другое – пара Новікавых з Шумілінскага раёна. Шматдзетная сям’я Молакавых, якая прадстаўляла Шаркаўшчынскі раён, уразіла журы сваёй непасрэднасцю і арыгінальнасцю, а таксама творчым падыходам да выканання кожнага конкурснага задання. Яны заваявалі права прадстаўляць Віцебшчыну ў фінале праекта. Іван і Дзіяна разам з тытулам «Уладар сяла-2017» павезлі дадому і галоўны прыз конкурсу – бычка Федзю. Усе ўдзельнікі абласнога этапа сельскагаспадарчага конкурсу адзначаны падзякамі, дыпломамі, прызамі і падарункамі ад арганізатараў і партнёраў праекта.


Дарэчы, нашы землякі Віталь і Таццяна Кляменцьевы выступілі даволі ўдала, хоць і не ўвайшлі ў тройку пераможцаў. Скарбонка дасягненняў сям’і папоўнілася дыпломамі за 1-е месца ў конкурсе «Лепшы сельскі падворак», за 2-е месца ў спаборніцтвах «Вітаем па-беларуску» і «Па дровы», 3-е месца ў «Выставе дасягненняў сямейнай гаспадаркі».


Праект у чарговы раз паказаў, што і ў сельскай мясцовасці хапае таленавітай і працавітай моладзі, якая можа служыць прыкладам для астатніх. Яна ўмее і працаваць, і весяліцца, стварае моцныя сем’і і з’яўляецца асновай заўтрашняга дабрабыту краіны.


Падзяку за аказанае садзейнічанне ў падрыхтоўцы і правядзенні абласнога этапу рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла-2017» уручылі старшыні Бешанковіцкага райвыканкама А. А. Булаўкіну, яго першаму намесніку С. Г. Акуневічу, начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бешанковіцкага райвыканкама Н. М. Апанасёнак і дырэктару УП «Вядзерава» В. С. Бярозку.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *