Областные Дожинки отпраздновали в Дубровно

Заботы сельские

Беларусы спрадвеку шанавалі і паважалі працу хлебаробаў. «Хлеб усяму – галава!» – гэтыя словы сталі своеасаблівым дэвізам для ўсіх працаўнікоў вёскі, якія сваёй працай, сабраным ураджаем прымнажаюць дабрабыт нашай дзяржавы. І невыпадкова хлебныя каласы, што сёлета ўзгадавала віцебская зямля ў няпростых умовах надвор’я, сталі сімвалам святочных мерапрыемстваў абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2017».


Свята ў мінулую суботу прымала Дуброўна. На «Дажынках» былі падведзены вынікі працы аграрыяў, ацэнена эфектыўнасць створаных холдынгаў, а самыя працавітыя хлебаробы, якія дасягнулі лепшых вынікаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, рапсу і сталі пераможцамі абласнога спаборніцтва, адзначаны дыпломамі, прэміямі і падарункамі.


Удзел ва ўрачыстасцях у Дуброўне прынялі У. П. Андрэйчанка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Л. В. Анфімаў, старшыня КДК Рэспублікі Беларусь, М. М. Шарснёў, старшыня Віцебскага аблвыканкама, У. У. Цярэнцьеў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, А. М. Субоцін, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь-інспектар па Віцебскай вобласці, а таксама кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання і ведамстваў Рэспублікі Беларусь, іх намеснікі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, дэлегацыі гарадоў і раёнаў вобласці, ветэраны працы, якімі ганарыцца Віцебшчына, лепшыя прадстаўнікі АПК, прамысловасці, работнікі будаўнічай галіны, ЖКГ, дарожнікі, духавенства.


На фестывалі-кірмашы ў Дуброўне пабывала і дэлегацыя Бешанковіччыны. Кіраўніцтва раёна і прадстаўнікі АПК у суправаджэнні творчых калектываў прынялі ўдзел у святочным шэсці працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2017», цырымоніі ўручэння прэмій пераможцам спаборніцтва. Напэўна ўпершыню ў гісторыі абласнога фестывалю-кірмашу побач з аграрыямі ішлі і будучыя працаўнікі вёскі, а сёння – навучэнцы ўстаноў прафтэхадукацыі. Былі сярод моладзі і выхаванцы Ульскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельгасвытворчасці імя Л. М. Даватара.


Па традыцыі старт урачыстасці дало ўручэнне каравая, выпечанага са збожжа новага ўраджаю, ад хлебаробаў Віцебшчыны кіраўніку вобласці. Такое права сёлета заваяваў экіпаж у складзе Сяргея Аляксеевіча Грэкава і Алега Іосіфавіча Сушкевіча з Аршанскага раёна, які першым у вобласці намалаціў тысячу тон збожжа, а затым устанавіў абсалютны рэкорд, намалаціўшы 4717 тон хлеба.


Строгае выкананне тэхналогій – залог поспеху ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Гэта адзначыў старшыня аблвыканкама М. М. Шарснёў падчас ушанавання перадавікоў жніва ў Дуброўне. «Ад стану спраў у сельскай гаспадарцы шмат у чым залежыць устойлівае развіццё грамадства, харчовая бяспека дзяржавы, поспех рэгіёна. Дасягненні аграпрамысловага комплексу – гэта вынік штодзённай напружанай працы як простых работнікаў сельскай нівы, перапрацоўчых і абслугоўваючых арганізацый, фермераў, так і спецыялістаў, кіраўнікоў, вучоных-аграрыяў, ветэранаў сельгасвытворчасці і моладзі, працаўнікоў сацыяльнай і культурнай сферы», – сказаў губернатар.


Ён падкрэсліў, што прыродныя катаклізмы часта з’яўляюцца сур’ёзнай перашкодай для аграрыяў. «Нават старажылы не ўзгадаюць настолькі складанага па ўмовах надвор’я сезона, з якім сёлета сутыкнуліся хлебаробы Віцебшчыны», – адзначыў кіраўнік вобласці і нагадаў пра снег у маі, зацяжныя дажджы, недахоп цяпла.


«І ўсё ж, нягледзячы на складанасці і капрызы надвор’я, паўночная вобласць краіны сабрала больш за 1 млн тон збожжа, валавы намалот – на 170 тыс. тон большы, чым летась», – канстатаваў Мікалай Мікалаевіч. Губернатар падвёў вынікі жніва і назваў лепшых. Так, прадпрыемства «Ларынаўка» Аршанскага раёна атрымала ўраджайнасць збожжавых 84,8 ц/га, «Альгоўскае» Віцебскага раёна – 66,8 ц/га, «Рудакова» Віцебскага раёна – 66,3 ц/га. 275 экіпажаў камбайнаў пераўзышлі тысячны намалот. Дзясяткі працаўнікоў хлебнай нівы ў гэты святочны дзень падняліся на галоўную сцэну «Дажынак» і атрымалі сваю хвіліну славы.


Кіраўнік вобласці сардэчна павіншаваў перадавікоў і падзякаваў усім аграрыям за добрасумленную працу. «Няхай хлебны каравай Віцебшчыны становіцца з кожным годам больш важкім, а наша зямля – багацей. Шчыра кажам: павага, пашана і слава нялёгкай сялянскай працы! Са святам, дарагія сябры!» – сказаў на заканчэнне губернатар.


Нельга не адзначыць, што Дуброўна да свята істотна змянілася. Многае зроблена для таго, каб людзі мелі годную інфраструктуру, хацелі працаваць, а моладзь – ствараць сем’і на малой радзіме. Больш за 200 аб’ектаў, 70 з якіх прыпадае на сацыяльную сферу, атрымалі другое нараджэнне.


На цэнтральнай плошчы сталіцы «Дажынак-2017» створана зона адпачынку з камфортнай дзіцячай пляцоўкай, жывымі зялёнымі кампазіцыямі, новым Фантанам сустрэч. Адкрыты зала ўрачыстых абрадаў, дзе прайшла першая цырымонія шлюбу маладых, разлікова-касавы цэнтр №28 філіяла ААТ «Белаграпрамбанк». Значныя пераўтварэнні закранулі гарадскі стадыён, пабудавана новая комплексная пляцоўка для гульнявых відаў спорту. Капітальна адрамантаваны сярэдняя школа №1, дзіцячыя сады №3 і №4, дзіцячая школа мастацтваў, Дом культуры і Дом рамёстваў.


У святочным Дуброўне прайшло мноства мерапрыемстваў, працавалі выставы-прэзентацыі творчасці навучэнцаў устаноў адукацыі вобласці, дэманстрацыйныя пляцоўкі МНС і ДАІ, была арганізавана выстава сельскагаспадарчай тэхнікі. Дарэчы, юныя спартсмены нашага раёна змаглі паказаць сябе ў Адкрытым абласным турніры па міні-футболе сярод навучэнцаў 2001/03 гадоў нараджэння. Дадому хлопцы вярнуліся з перамогай – яны заваявалі трэцяе месца.


Сваёй маляўнічасцю і дзействам здзівіў праект «Традыцыйны касцюм Віцебскай вобласці – грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і конкурс «Дажыначны сноп», у якіх прынялі ўдзел і майстры Бешанковіцкага раённага Дома рамёстваў. Была арганізавана работа рамеснага падворка: майстры Алена Анатольеўна Пагарэльская і Ганна Мікалаеўна Гудоўская правялі майстар-класы па вышыўцы і лепцы з гліны, таксама была прадстаўлена выстава-продаж сувенірнай прадукцыі. Ансамбль барабаншчыц «Рытм» выступіў у дэфіле барабаншчыц усіх раёнаў вобласці на цырымоніі ўрачыстага ўзняцця сцяга фестывалю.


Райпа годна абараніла гонар Бешанковіччыны на выставе караваяў раёнаў. Арыгінальны хлеб у выглядзе млына вырабілі ў аддзеле кааператыўнай прамысловасці і нарыхтовак. Дарэчы, на «Дажынках» у продажы было прадстаўлена 26 новых відаў хлеба Бешанковіцкага райпа. Пакарылі сэрцы гасцей фестывальнага Дуброўна і прысмакамі, у тым ліку прадукцыяй уласнай вытворчасці кандытарскага цэха і аддзела грамадскага харчавання. Таварам дня сталі курыца грыль, адкрытыя пірагі з брусніцамі, яблыкамі, капустай, павідлам, грыбамі. У продажы было прадстаўлена каля 60 найменняў кулінарных вырабаў (катлеты, стэйк са свініны і курыцы, шашлык, каўбаскі з індычкі, хачапуры з мясам птушкі і інш.).


Свята ў Дуброўне аздобілі канцэртныя праграмы, а завяршыліся «Дажынкі» вячэрнім феерверкам. У наступным годзе абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі будзе прымаць Верхнядзвінск, які таксама павінен істотна абнавіцца да свята.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *