Годам малой радзімы аб’яўлены 2018 год у Беларусі

Год малой родины

Аб гэтым Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў на ўрачыстай цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод лепшым работнікам аграрнай галіны рэспублікі.


Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што прыняцце такога важнага рашэння выклікалі разважанні аб важнасці малой радзімы ў лёсе кожнага чалавека і падкрэсліў, што настаў час кожнаму не толькі ўспомніць аб сваіх каранях, аб месцы, дзе засталася часцінка душы, але і аддаць доўг гэтаму кавалачку зямлі. «Вельмі хочацца, каб дапамога ішла ад сэрца, стала ўласнай ініцыятывай. Яна можа быць матэрыяльнай, стваральнай, асветнай, творчай – хто як можа і хто колькі можа. Залежыць ад магчымасцей, фантазіі і жадання кожнага. Настаў момант праявіць сябе і ўпісаць сваё імя ў гісторыю гэтай малой радзімы, гэтага кавалачка нашай зямлі», – заявіў беларускі лідар.


Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Беларусь – прыгожая і добраўпарадкаваная краіна з чыстымі ўтульнымі гарадамі, дагледжанымі сельгасугоддзямі, багатай прыродай. Гэта наш агульны дом, і ў нашых інтарэсах зрабіць яго ўтульным і ўзорным. «Давайце пакажам, што мы сапраўдныя і руплівыя гаспадары сваёй зямлі. Нас шмат, і таму нават самы сціплы ўклад кожнага адыграе сваю ролю, зробіць краіну яшчэ прыгажэйшай», – сказаў Прэзідэнт Беларусі.


Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, асабісты ўдзел кожнага ў гэтым працэсе будзе для новых пакаленняў прыкладам сапраўднага патрыятызму, калі прыгожыя лозунгі і словы падмацоўваюцца канкрэтнымі справамі і ўчынкамі. «І гэта не задача аднаго года. Магчыма, некалькіх гадоў. А лепш, калі стане нормай жыцця. Нашай роднай зямлі патрэбна энергія любові кожнага жыхара, яго вера ў сваю краіну і клопат аб ёй. Беларусь такая, якой мы яе бачым, такая, якой мы яе ствараем. І самае галоўнае – якія мы, такая і яна, наша Беларусь. Чым больш людзей паспяховых, упэўненых у сабе і сваёй краіне – тым мацнейшая дзяржава. І разуменне гэтай сувязі трэба перадаць, як ген, сваім дзецям», – лічыць Аляксандр Лукашэнка.


Гэта немагчыма без выхавання гордасці за сваю краіну, горад, вёску, сям’ю. Каб прывіць гэтыя пачуцці, трэба самім быць адказнымі за словы, справы, учынкі, за блізкіх людзей. Усвядоміць сябе гаспадарамі ўласнага жыцця, самадастатковымі людзьмі, якія не толькі шчыра радуюцца поспехам сваёй краіны, але і адчуваюць да іх асабістую прыналежнасць падчас урачыстай цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод лепшым работнікам аграрнай галіны рэспублікі змаглі і нашы землякі.


Як мы ўжо паведамлялі, у складзе дэлегацыі з 51 чалавека на ўрачысты прыём да Кіраўніка дзяржавы былі запрошаны галоўны заатэхнік ДП «ПалітаддзелецАгра» Т. Л. Кавалёнак і механізатар ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» В. І. Целяпнёў. Таццяна Леанідаўна і Вячаслаў Іванавіч атрымалі ад Прэзідэнта сертыфікаты на тэлевізары. Як падзяліліся з рэдакцыяй «Зары» аграрыі, паездка ў сталіцу і сустрэча з Кіраўніком краіны пакінулі ім шмат хвалюючых імгненняў і пазітыўных успамінаў.