Л. П. Зайцева из УП Вядерево очередной раз победила в областных соревнованиях по производству животноводческой продукции

Заботы сельские

Чалавек працы – чалавек будучыні. Ад яго штодзённых прафесійных поспехаў залежаць дабрабыт і эканамічная стабільнасць раёна, вобласці, краіны. Таму і доля такая выпадае, нялёгкая.
Вось, напрыклад, звычайны вясковы працаўнік.
Рана прачынацца трэба, позна класціся. На рабочым месцы – усё больш гумавыя боты (у туфліках на абцасіках па полі ці ферме асабліва ж не пабегаеш). Рукам мазольным нават дома спакою няма: гаспадарку справіць, на агародзе пазавіхацца… Людзі прыходзяць у сельскую гаспадарку, але застаюцца толькі тыя, для каго гэта праца становіцца прызваннем, хто не ўяўляе сябе на іншым месцы. Працаваць тут – значыць аддаваць зямлі, раслінам, жывёле цеплыню сваіх рук, увагу, клопат, укладваць душу і талент у справу, каб яна стала сэнсам жыцця. Тады і атрымліваецца дасягаць высокіх вытворчых паказчыкаў і, адчуўшы смак перамогі (а ён жа самы салодкі!), не зважаючы на стому, хочацца ісці далей, да новых вышынь.
Найлепшым прыкладам самаадданасці, добрасумленнасці і працавітасці з’яўляецца Л. П. Зайцава, аператар па вырошчванні і адкорме маладняку буйной рагатай жывёлы УП «Вядзерава». Чатыры месяцы запар вядзераўская працаўніца была пераможцай абласнога спаборніцтва па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі (нагадаем, што ў красавіку сярэднясутачныя прывагі яе падапечных склалі 1206 г). Уручалі Людміле Паўлаўне пачэсную ўзнагароду – Дыплом і грашовую прэмію – на рабочым месцы ў прысутнасці калектыву фермы «Вядзерава». Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Я. С. Фіешка дадала да віншаванняў салодкі падарунак. Як адзначыла сама віноўніца ўрачыстасці, з калегамі яна добра спрацавалася, разумеюць адзін аднаго з паўслова, бо ўсе зацікаўлены ў агульным выніку.
– Да кожнага цяляці патрэбен індывідуальны падыход. Тут без вопыту ніяк не абысціся. А так у мяне ніякага сакрэту няма, – сціпла ўсміхаецца напрыканцы размовы Людміла Паўлаўна. – Проста сачу за станам цялятак, рацыёнам. Перадавыя паказчыкі – гэта яшчэ і калектыўная заслуга, бо паю ж тым малачком, што надаілі калегі – аператары машыннага даення.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *