Семья Хацкевичей из Бешенковичского района стала «Властелином села-2018»

Актуально Год малой родины Мы -- молодые

Каханне, павага і працавітасць — аснова шчаслівага сямейнага жыцця. Нашы землякі — Іна
і Мікалай Хацкевічы з Вяжышча — гэта ведаюць як ніхто іншы. Сёлета яны прадстаўлялі
Віцебшчыну ў фінале рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла»
ў Слуцку і сталі пераможцамі конкурсу.

Сям’я Хацкевічаў з Вяжышча — пераможцы рэспубліканскага
сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла-2018».

Дом Хацкевічаў не заўважыць цяжка, ён стаіць узбоч дарогі і  бачны здалёк, а ўсё дзякуючы вялізным арэлям, што змайстравалі ў гонар нараджэння першынца. Ажурныя ўзоры ды і самі арэлі — сапраўдны шэдэўр і мясцовая славутасць, у іх змяшчаецца ўся сям’я, дзе цяпер ужо двое дзетак: чатырохгадовы Аляксей і Аляксандр, якому днямі споўнілася тры гады. А пачыналася гісторыя знаёмства так…

Дзяўчына-гараджанка гасціла ў стрыечнага брата ў в. Будзілава. Патрапіла на дыскатэку (вельмі ўжо хацелася паглядзець, як ладзяць танцы ў вёсцы!), тут упершыню і ўбачыла будучага мужа, ды і ён прыкмеціў незнаёмку. У наступны раз убачыліся на секцыі па баскетболе. У гэты час Мікалай пасябраваў з братам Іны і ў ліку іншых гасцей прыйшоў на яе дзень нараджэння. Муж і жонка разам восем гадоў і пяць, як жывуць у Вяжышчы.

— З роднага Віцебска паехала ў вёску, не раздумваючы, — расказвае наша субяседніца, спартсменка (мае разрад па баскетболе), спявачка ды і проста прыгажуня. — Спачатку было цяжка, не магла прызвычаіцца да распарадку, а цяпер ужо не ўяўляю іншага жыцця. Тут цішыня і спакой, вось яна, жывая прырода, за вакном. Адчуваеш сябе нібы птушка вольная.
Да таго, як пайшла на адпачынак па доглядзе за дзіцяці, Іна працавала ў ААТ «Еўраторг». Яна піша вершы, спявае ў вакальнай групе «Рэха» (да спеваў, дарэчы, прывучае і дзетак), заўсёды ўдзельнічае ў розных мерапрыемствах, што ладзіць Задарожскі СДК, выступае і на сцэне РЦК. Акрамя таго — яшчэ ўважлівая і клапатлівая маці і жонка. Кулінарнымі магчымасцямі гаспадыні не можа нарадавацца ўся сям’я, а цёплыя рэчы, звязаныя ёю з любоўю, не дадуць замерзнуць і самай сцюдзёнай зімой.

Мікалай жа — тэхнік-механік — два гады шчыраваў у калгасе, потым звольніўся, але застаўся працаваць на зямлі, якой у сям’і маецца дзесьці каля гектара. Тэхніка — гэта яго жыццё. Пачалося ўсё з трактара, сам сабраў яго, адрамантаваў. Наступным захапленнем стаў «ЗІЛ», цяпер — тры матацыклы, а ўжо падораны на «Уладары» мотакультыватар дык увогуле ўзнёс руплівага гаспадара на сёмае неба ад шчасця. Дарэчы, мужчына і каханую навучыў быць з тэхнікай на ты.
Хацкевічы трымаюць вялікую гаспадарку: ёсць і куры, і гусі, індыкі, свінні і быкі (гэта асноўная, акрамя катоў і сабак!), а сёлета з’явіліся яшчэ і перапёлкі. Калі толькі муж і жонка ўсё паспяваюць! Хоць шмат працуюць, але знаходзяць час і для адпачынку. Галава сям’і ўдзельнічае ў спартыўных, культурна-масавых мерапрыемствах, турыстычных злётах. Маецца ў іх і агульнае хобі — развядзенне сабак. Самы вялікі — 80-кілаграмовы аляскінскі маламут, ёсць яшчэ малы чорны шпіц, памеранскі белы шпіц і ёркшырскі тэр’ер.

— Ведаеце, сваю перамогу на конкурсе асэнсавалі толькі сёння. Натхнёныя тым, што сталі лепшымі ў раёне і вобласці, мы і на рэспубліку ехалі з намерам перамагчы. Усё з-за нашага вялікага кахання і жадання праславіць сваю малую радзіму. Але ж надта перажывалі, — дзеляцца адчуваннямі Іна і Мікалай. — Што гаварыць, калі агучылі вынікі, я нават плакала. Увогуле, хоць і было весела, мы моцна стаміліся, асабліва падчас сельскай эстафеты, калі лавілі курэй, за 4 хвіліны з 6-метровай дошкі змайстравалі лаўку. А якое было ралі на тачках!..
Вялікі дзякуй хочацца сказаць Любові Грыгаровіч, што давала карысныя парады пры падрыхтоўцы да конкурсу, а таксама ўсёй нашай камандзе (падтрымаць нас прыехалі 20 чалавек!).

Вы спытаеце, у чым сакрэт такога сямейнага шчасця? Скажам шчыра. У нас агульны жыццёвы прынцып, яго і будзем імкнуцца захаваць да самай старасці: ва ўсім падтрымліваць адзін аднаго і свой саюз ні на якія багацці і спакусы не разменьваць. Разам мы — сіла, якую нішто не здолее зламіць.

Пажадаем жа нашым героям ніколі не губляць запалу і пазітыву. Няхай сям’я год ад года мацнее, дзеці радуюць поспехамі, а дом, як і зараз, заўсёды будзе паўнюткі гасцямі і шчасцем.

Марыя САНЬКО.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *