Хлеборобы УП «Свитино-ВМК» к уборочной готовы

Главное Заботы сельские

Вясковыя рупліўцы зараз у чаканні жніва. Пакуль жа можна лішні раз агледзець тэхніку, што будзе задзейнічана на ўборцы, ці, як свіцінскія рупліўцы, узяцца за ўборку азімага рапсу.

Працаўнікі СУП «Свіціна-ВМК» прыступілі да працы на пачатку тыдня, але намалацілі толькі крыху больш за 10 тон – дождж перашкодзіў. Аднак пачатак пакладзены і настрой ва ўсіх баявы. Першую машыну рапсу (дарэчы, яго ў гаспадарцы пасеяна 205 га) намалацілі Аляксандр Аляксандравіч Шкялёнак і Аляксей Уладзіміравіч Шчука.

Акрамя іх на ўборцы збожжавых і зернебабовых, якіх на палях прадпрыемства 1347 га, будуць задзейнічаны Віктар Мікалаевіч Дарожка, Анатоль Уладзіміравіч Асташонак, Аляксандр Аляксандравіч Воранаў, Юрый Рыгоравіч Галай, Анатоль Аляксандравіч Мачыха і Фёдар Фёдаравіч Заяц. Адвозкай зоймуцца Валерый Уладзіміравіч Альшэўскі, Уладзімір Віктаравіч Прошчанка і Аляксандр Міхайлавіч Васёха на «МАЗах», пазней да іх далучыцца Уладзімір Пятровіч Юшкоў на «МТЗ-1221». Зернеачышчальна-сушыльны комплекс «КЗСВ-30» і польская зернесушылка «М-819» у спраўным стане, іх запусцілі і праверылі.

Дырэктар прадпрыемства Л. П. Мамойка не забывае пахваліць кожнага, бо механізатары ўсе працавітыя, не першы год за штурваламі будуць. Працуюць рупліва, вядома ж, хто не працуе, той і не есць, а ў дадзеным выпадку – той так і зарплату атрымлівае. У кіраўніка да справы індывідуальны падыход: добра папрацаваў – добра зарабіў. У мінулым годзе сярэдні заробак па гаспадарцы склаў 622 рублі.

Сама Людміла Пятроўна таксама на месцы не сядзіць. У кабінеце яе заспелі толькі таму, што непагадзь выдалася. Разам з дырэктарам пабывалі на мехдвары, пагаварылі з механізатарамі, завіталі і на поле, што ля Драбушова, дзе размясціўся гурт рагуль – іх тут 179. Маладыя буронкі пад наглядам двух пастухоў – Васіля Яўгенавіча Семяніды і Аляксандра Фёдаравіча Шчукі.

Ехалі праз кукурузныя палеткі, і сэрца спявала-радавалася. Урадзіла царыца палёў на дзіва. У свіцінцаў гэта культура займае 325 га, аднагадовыя травы – 222 га.

– На ўмоўную галаву першым укосам нарыхтавалі 18 цэнтнераў кармавых адзінак, – паведаміла напрыканцы размовы дырэктар. – Будзем працягваць шчыраваць, бо заданне ў бізнес-плане – ад каровы за год надаіць 7200 кг. Калі пастарацца, то мэты дасягнём, усе ўмовы для гэтага створаны: і гарачае харчаванне двойчы за дзень, і матэрыяльнае заахвочванне. На 1 ліпеня валавая вытворчасць малака склала 336 тон, сярэднясутачныя прывагі – 669 грамаў. У першую ж чаргу трэба выканаць дзяржзаказ – 160 т рапсу. Ураджай сёлета добры. Дай Бог надвор’е толькі, каб з уборкай справіцца…

Імпэт, з якім вялася падрыхтоўка да справы, захапіў. Можна не хвалявацца за свіцінцаў, да працы яны гатовы.

Марыя САНЬКО.



Теги: