Представители Бешенковичского района приняли участие в областном фестивале-ярмарке тружеников села «Дожинки-2020»

Актуально Важное Заботы сельские

У мінулыя выхадныя Віцебшчына падвяла вынікі аграрнага сезона. У Віцебску адбыўся абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі  «Дажынкі – 2020».

Сталіца паўночнага рэгіёна краіны сустракала шматлікіх гасцей абноўленай і святочнай. У яе маштабнае ператварэнне было ўкладзена нямала сродкаў, а таксама сіл і часу. Работы, як гаворыцца, вяліся па ўсіх франтах: у рэкордныя тэрміны ўзведзены Полацкі пуцеправод, пабудаваны важныя сацыяльныя аб’екты, урачыстае адкрыццё некаторых з іх адбылося ў разгар свята.

Гэты год для аграрыяў Віцебшчыны склаўся лепш за папярэднія. Вобласць сабрала важкі ўраджай – 1 мільён 77 тысяч тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 31,1 ц/га. На ўборцы працавалі 1172 экіпажы камбайнераў, 173 з іх – маладзёжныя, 55 – сямейныя. Тысячны намалот перасягнуў 401 экіпаж, двухтысячны – 44. Рубеж у 3 тысячы тон пакарыўся 11 экіпажам. 2 экіпажы намалацілі больш за 4 тысячы тон. Абсалютны рэкорд сёлетняй уборачнай кампаніі – больш за 5 тысяч тон – устанавілі 2 экіпажы, пры гэтым адзін з іх маладзёжны.

Надвор’е спрыяла яркаму параду сельскагаспадарчых працаўнікоў вобласці. Яна нібы вярнула героям свята доўг: ні дажджу, ні ветру, цёплы сонечны дзень – гуляць па горадзе было адно задавальненне. Выставы, гандлёвыя рады, забавы для дарослых і дзяцей, яркае воднае шоу ад МНС – усё гэта ў гонар лепшых аграрыяў Віцебшчыны. Вялікую цікавасць у гасцей фестывалю-кірмашу выклікала імпартная i айчынная сельскагаспадарчая тэхніка, прадстаўленая на плошчы Перамогі. Менавіта адсюль пасля ўскладання вянкоў і кветак да манумента воінам-вызваліцелям стартавала святочнае шэсце. Дружная калона прайшла па вуліцы Леніна да Летняга амфітэатра.

Штодзённая ўпартая праца ад пасяўной да ўборачнай, барацьба за кожны каласок, і вось засекі на зіму запоўненыя. «Віцебшчына першай сярод іншых рэгіёнаў поўнасцю выканала дзяржаўны заказ па пастаўцы харчовага збожжа, – адзначыў старшыня аблвыканкама М. М. Шарснёў, звяртаючыся са сцэны амфітэатра да працаўнікоў вёскі і гасцей «Дажынак». – Аграрыям дапамагала ўзрослая культура земляробства. Мы пачалі больш увагі надаваць догляду за пасевамі, акрамя таго павышаецца адказнасць кіраўнікоў і спецыялістаў у адносінах да тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур».

Мікалай Мікалаевіч падкрэсліў, што практычна чвэрць ад усяго ўраджаю далі Аршанскі і Віцебскі раёны, якія намалацілі 125 і 118 тысяч тон збожжа адпаведна. Пры гэтым больш за 60% ураджаю сабралі менавіта аграпрамысловыя аб’яднанні.
Як адзначыў кіраўнік віцебскага рэгіёна, у вобласці вельмі важна займацца вырошчваннем не толькі збожжавых культур. Варта звярнуць увагу на бабовыя і крыжакветныя, бо яны з’яўляюцца асноўнай крыніцай забеспячэння галіны жывёлагадоўлі ўласным танным раслінным бялком. Характэрна, што сёлета па ўраджаі зернебабовых Віцебшчына саступіла толькі Брэсцкай вобласці, сабраўшы 90 тысяч тон зернебабовых.

Гаворачы пра планы на будучыню, М. М. Шарснёў назваў важную аграрную дамінанту – асучасніць галіну, павысіць яе імідж, укараніць прынцыпова новыя падыходы ў гаспадаранні, шырэй распаўсюджваць вопыт паспяховых арганізацый. А таксама павысіць прадукцыйнасць працы за кошт выкарыстання высокапрадукцыйнай тэхнікі.
Прывітанне ад Кіраўніка дзяржавы ўдзельнікам свята зачытаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанка. Уладзімір Паўлавіч таксама ўручыў старшыні аблвыканкама Падзяку Прэзідэнта за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу.

Свае заслужаныя ўзнагароды атрымалі і віноўнікі ўрачыстасці – работнікі сельскай гаспадаркі. Сярод лепшых з лепшых, дасягненні якіх з’яўляюцца вынікам умелага гаспадарання ў спалучэнні з вопытам і тэхналогіямі, былі і прадстаўнікі Бешанковіцкага раёна. Вадзіцель ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» А. У. Аксюта стаў пераможцам абласнога спаборніцтва за дасягненне лепшых вынікаў на ўборцы ўраджаю ў намінацыі «Сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць перавозку збожжа ад камбайнаў». Дырэктар СУП «Свіціна-ВМК» Л. П. Мамойка адзначана нагрудным знакам «За заслугі ў сельскай гаспадарцы». Ганаровай граматы Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў удастоены трактарыст-машыніст КСВУП «ПалітаддзелецАгра» С. М. Гусакоў, Падзякі Міністра сельскай гаспадаркі – галоўны аграном КСВУП «ПалітаддзелецАгра» В. Ю. Аўчыннікаў. Прыемным падарункам для палітаддзельскіх працаўнікоў стаў новенькі трактар.

Святлана ВАРОШКА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *