В Бешенковичах состоялась 36-я очередная сессия районного Совета депутатов 28-го созыва

Актуально Важное Общество

У мінулую сераду адбылася 36-я чарговая сесія раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання. У яе працы прыняла ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Г. У. Унуковіч. Са справаздачай аб сваёй рабоце, дзейнасці прэзідыума і становішчы спраў на тэрыторыі раёна выступіў старшыня райсавета дэпутатаў Г. М. Шведаў.

Як адзначыў у сваім дакладзе Генадзь Міхайлавіч, дзейнасць раённага Савета дэпутатаў, як і кожнага дэпутата, накіравана на ўмацаванне ўзаемадзеяння з выканаўчымі органамі ўлады, працоўнымі калектывамі ў пытаннях жыццядзейнасці насельніцтва. Пры гэтым, як і раней, канчатковай мэтай работы дэпутацкага корпуса раёна застаецца рост дабрабыту, павышэнне ўзроўню і якасці жыцця прыдзвінцаў. На працягу года на асаблівым кантролі райсавета дэпутатаў, прэзідыума, пастаянных камісій знаходзіліся пытанні выканання дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў, паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, выкананне бюджэту, добраўпарадкаванне населеных пунктаў і многія іншыя.
Асноўнай арганізацыйна-прававой формай работы Савета з’яўляецца сесійная. Дэпутатамі 28-га склікання праведзена 35 сесій, на якіх разгледжана 91 пытанне, прыняты адпаведныя рашэнні. У перыяд паміж сесіямі работу Саветаў дэпутатаў накіроўвае і каардынуе прэзідыум, дзейнасць якога мае выяўленую сацыяльную накіраванасць і кранае найважнейшыя сферы эканомікі і жыцця грамадзян.

Важным напрамкам у дзейнасці дэпутацкага корпуса з’яўляецца арганізацыя работы з насельніцтвам. Дайсці да кожнага чалавека, зразумець, як ён жыве, што яго хвалюе, выслухаць і дапамагчы – гэта галоўныя падыходы ў рабоце дэпутатаў усіх узроўняў. У першым паўгоддзі 2020 года з удзелам дэпутатаў разгледжана больш за 60 пытанняў. Сярод формаў работы з насельніцтвам, акрамя прыёмаў грамадзян, сустрэч у працоўных калектывах, раённы Савет дэпутатаў актыўна выкарыстоўваў сельскія сходы, адзіныя дні інфармавання. Усе абгрунтаваныя просьбы і прапановы людзей, выказаныя на сходах, бяруцца на кантроль, вядзецца работа па іх рэалізацыі. Гэта дапамагае райсавету дэпутатаў сумесна з выканаўчай уладай выяўляць і вырашаць шматлікія праблемы і карэктаваць сваю дзейнасць.

– Як вядома, дэпутат – гэта той, хто найбольш блізкі да сваіх выбаршчыкаў, да іх патрэб і праблем, – адзначыў Г. М. Шведаў. – Пачуццём высокай адказнасці, стараннасці і настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэтаў адрозніваюцца дэпутаты райсавета дэпутатаў Аляксандр Антонавіч Пашкевіч, Ігар Георгіевіч Слівец, Аляксандр Іванавіч Камовіч, Любоў Дзмітрыеўна Грыгаровіч, Сяргей Аляксандравіч Рэўцкі, Андрэй Мікалаевіч Ганковіч, Вольга Уладзіміраўна Невельская. Падзякі заслугоўваюць дэпутаты першаснага ўзроўню Віктар Паўлавіч Протас, Марына Мікалаеўна Дыбаль, Таццяна Анатольеўна Лоская, Вольга Анатольеўна Аўчыннікава, Аксана Дзмітрыеўна Лахціна, Рыгор Валянцінавіч Вахляеў, Людміла Пятроўна Мамойка і іншыя.

Вядома, галоўнымі памочнікамі дэпутатаў застаюцца старэйшыны, якіх у раёне 86. Іх аператыўная сувязь з сельскімі Саветамі дэпутатаў дазваляе хутчэй вырашаць пытанні па навядзенні парадку на вуліцах, прыдамавых тэрыторыях, супрацьпажарнай бяспецы, працы з нядобранадзейнымі сем’ямі, паляпшэнні сацыяльна-культурнага абслугоўвання насельніцтва. Г. М. Шведаў адзначыў працу старэйшын Іны Уладзіміраўны Паліўкінай (аг. Камоскі Бешанковіцкага сельсавета), Святланы Уладзіміраўны Шаўковіч (в. Малы Двор Астровенскага сельсавета), Алены Аляксееўны Банадысенка (в. Горкі і в. Таўсцюкі Астровенскага сельсавета).

У комплексе мер па падтрымцы сельскага насельніцтва раённы Савет дэпутатаў сумесна з сельскімі Саветамі дэпутатаў, упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, сельскагаспадарчымі арганізацыямі праводзіць работу па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асабістых падсобных гаспадарках грамадзян».
– Практыка паказвае, што сельскія жыхары не заўсёды могуць самастойна справіцца з вядзеннем асабістых падсобных гаспадарак, – канстатаваў старшыня райсавета дэпутатаў. – Таму значная дапамога вяскоўцам аказваецца ў апрацоўцы зямель, уборцы ўраджаю, дастаўцы дроў і торфабрыкета, нарыхтоўцы грубых кармоў. Вяскоўцам выдзяляюцца сенажаці і пашы, рэалізуецца насенне, запатрабаваныя і паслугі па прадухіленні захворванняў і лячэнні сельскагаспадарчых жывёл і птушкі, па асемяненні кароў і іншыя.

Асаблівае месца ў сістэме вядзення асабістых падсобных гаспадарак займае закуп малака ў насельніцтва. За 8 месяцаў 2020 года ўжо закуплена 1149 тон малака, або 108,2% да ўзроўню 2019 года. Лепшым малаказборшчыкам па выніках мінулага года прызнаны Аляксандр Сяргеевіч Крэйбель, які працуе на тэрыторыі Вярхоўскага сельсавета. Лепшымі малакасдатчыкамі па выніках 8 месяцаў 2020 года сталі Людміла Сяргееўна Казак (здала дзяржаве амаль 53 тоны малака) і Святлана Васільеўна Радкевіч (больш за 27 тон).

– Вытворчасць і рэалізацыя грамадзянамі сваёй сельскагаспадарчай прадукцыі – адна з крыніц даходаў насельніцтва ў сельскай мясцовасці, – падкрэсліў Г. М. Шведаў. – Задача органаў мясцовай улады, спажывецкай кааперацыі, сельгасарганізацый – стварыць для развіцця асабістых падсобных гаспадарак усе неабходныя ўмовы. Нам трэба замацаваць і ўдасканальваць існуючы станоўчы вопыт у падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак, максімальна ўцягваць прысядзібныя ўчасткі ў севазварот, інфармаваць жыхароў аб магчымасці льготнага крэдытавання пры вядзенні асабістай падсобнай гаспадаркі.

Адным з прыярытэтных напрамкаў у працы Саветаў дэпутатаў з’яўляецца дзейнасць па забеспячэнні грамадскай бяспекі і дысцыпліны, прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў. На жаль, людзі працягваюць гінуць па розных прычынах, у асноўным у стане алкагольнага ап’янення. Генадзь Міхайлавіч заклікаў старэйшын і дэпутатаў праяўляць больш увагі аднавяскоўцам, асабліва пажылым людзям, бо на вёсцы кожны чалавек на ўвазе, і не бачыць негатыўныя праявы як з боку асобных грамадзян, так і ў сем’ях, проста немагчыма.
Немалаважнае значэнне ў працы дэпутацкага корпуса адводзіцца арганізацыі мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі.

– Прыемна, што псіхалогія людзей мяняецца, на вёсцы становіцца ўсё больш дагледжаных, узорных сядзіб, да ўзроўню якіх падцягваюцца і іншыя, – заўважыў Г. М. Шведаў. – Разам з тым, з года ў год мы гаворым аб праблемах пустуючых і старых дамоў, зарослых зямельных участкаў, недагледжаных, захламленых дваровых тэрыторый, кантэйнерных пляцовак. Сельскаму актыву сумесна з дэпутацкім корпусам неабходна актывізаваць працу ў гэтым накірунку. І яна павінна быць комплекснай, прадугледжваць не толькі выкошванне вуліц, грамадскіх тэрыторый, навядзенне парадку на прыватных падворках, але і прывядзенне ў належны выгляд фасадаў будынкаў і прылеглых тэрыторый аб’ектаў сацыяльнай сферы, вытворчых аб’ектаў, дарог, вадаёмаў і месцаў адпачынку, аўтобусных прыпынкаў…
Велізарная праца праведзена ў плане добраўпарадкавання сельскіх могілак, але, перакананы Г. М. Шведаў, трэба зрабіць яшчэ больш. Па ініцыятыве старшыні райвыканкама, сёлета прынята праграма па навядзенні парадку на ўсіх могілках з удзелам сельвыканкамаў, замацаваных арганізацый і саміх жыхароў населеных пунктаў. Яе рэалізацыя павінна даць станоўчы вынік.

Сярод прыярытэтных напрамкаў работы дэпутацкага корпуса былі названы таксама інфармаванне насельніцтва, тлумачэнне нарматыўна-прававых актаў, законаў, правоў і абавязкаў, садзейнічанне занятасці насельніцтва, захаванні працоўных месцаў, адказнага выканання службовых абавязкаў. Дэпутат абавязаны прапагандаваць пачуццё гаспадара – на зямлі, на працоўным месцы, у сваім доме. Немалаважнай павінна быць праца па духоўна-маральным выхаванні, прапагандзе здаровага ладу жыцця. І ў гэтым усім дэпутат павінен сам быць прыкладам.

Словы падзякі за выніковасць працы па паляпшэнні жыццезабеспячэння насельніцтва ў адрас дэпутацкага корпуса рэгіёна выказала старшыня райвыканкама Г. У. Унуковіч. Галіна Уладзіміраўна адзначыла, што праца дэпутата – гэта, перш за ўсё, праца з людзьмі. Дэпутаты з’яўляюцца свайго роду злучальным звяном паміж уладай і народам, і ў гэтым вялікая адказнасць народных выбраннікаў перад грамадствам і дзяржавай. Важнай задачай для дэпутатаў усіх узроўняў з’яўляецца прыцягненне грамадзян да вырашэння існуючых праблем. Людзі павінны ведаць, што іх меркаванне будзе пачута, і што ім трэба прыкласці ўласныя намаганні для рэалізацыі тых сацыяльных праектаў, якія неабходны для жыццезабеспячэння насельніцтва.

Пасля таго, як былі заслуханы ўсе садакладчыкі (да дадатковых пытанняў, вынесеных на разгляд сесіі, мы абавязкова вернемся ў бліжэйшых нумарах «Зары»), адбылося ўзнагароджанне актыўных прадстаўнікоў органаў мясцовага самакіравання. Ім уручаны Граматы райсавета дэпутатаў за плённую працу і значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Бешанковіччыны.

Святлана ВАРОШКА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *