Соглашение о сотрудничестве между Смоленском и Бешенковичами подписано в райисполкоме

Важное Год народного единства Общество

Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Смаленскай вобласці цесна супрацоўнічае з Віцебскай вобласцю — сваёй даўняй і самай блізкай суседкай. У мінулую пятніцу расійскую дэлегацыю сустракалі на гасціннай бешанковіцкай зямлі.
    Яшчэ пры ўездзе ў г. п. Бешанковічы як добрых сяброў суседзяў віталі традыцыйным хлебам-соллю і беларускай песняй у выкананні народнага ансамбля народнай песні «Ульяначка» Ульскага СДК. Затым у раённым выканаўчым камітэце прайшло афіцыйнае двухбаковае пасяджэнне. З расійскай дэлегацыяй, у складзе якой былі С. Р. Крыўко, старшыня нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Смаленскай вобласці, намеснік старшыні Федэральнай НКА беларусаў Расіі, С. М. Кашырын, старшыня Смаленскага рэгіянальнага грамадскага руху «Землякі», М. А. Захараў, галоўны рэдактар выдання «Смаленская народная газета», і А. Я. Бутылін, намеснік старшыні НКА беларусаў г. Смаленска, працавалі старшыня райвыканкама Г. У. Унуковіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Г. М. Шведаў. На пасяджэнні прысутнічалі таксама намеснікі старшыні раённага выканаўчага камітэта С. Г. Акуневіч, Т. І. Ждановіч, В. Э. Грышан, Г. А. Філіпенка, кіраўнікі аддзелаў і службаў, ад якіх у многім будзе ­залежыць далейшае супрацоўніцтва: узаемныя візіты афіцыйных дэлегацый, наведванне і знаёмства расіян з сацыяльна-культурным і эканамічным патэнцыялам нашага раёна, рэалізацыя сумесных праектаў.
    Кіраўнік нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Смаленскай вобласці С. Р. Крыўко мае беларускія карані. У вёсцы Крыўкі Шаркаўшчынскага раёна пахаваны яго бацька, родныя і блізкія. Беларусь ён лічыць сваёй Радзімай, часта бывае ў нашай краіне. Добра знаёмы яшчэ па Глыбоцкім раёне з Г. У. Унуковіч, па Віцебскім — з Г. А. Філіпенкам, меў зносіны з іншымі прадстаўнікамі раённай улады, таму сустрэча праходзіла ў цёплай і сяброўскай атмасферы.

Бешанкавічанам цікава было паслухаць пра дзейнасць гасцей і адначасова расказаць пра наш рэгіён, знайсці першыя кропкі судакранання. Як высветлілася, іх можа быць вельмі многа. Беларусы замежжа не губляюць сувязь з радзімай, падтрымліваюць эканамічныя, культурныя, сацыяльныя праекты. А любы інтэграцыйны працэс ідзе хутчэй, калі зацікаўленыя бакі ­сустрэліся, абмеркавалі праблему. Тут, як заўважылі ўсе ўдзельнікі размовы, надыходзіць ужо момант асабістай адказнасці.
    Аўтаномія яшчэ дастаткова маладая, але зроблена шмат. Гэта дапамога беларусам у смаленскім рэгіёне, а смалянам — у Беларусі. У брацкіх краінах розныя законы, якія неабходна выконваць, перасякаючы мяжу. Не ўсе валодаюць неабходнай інфармацыяй, як правільна паводзіць сябе на тэрыторыі іншай дзяржавы, калі спатрэбіцца, скажам, дапамога медыкаў, паліцыі, якія правілы існуюць. Даводзіцца, расказвалі госці, вырашаць і пытанні, якія тычацца побыту, агульначалавечых адносін беларусаў, што навучаюцца ў расійскіх вну, многія іншыя.
     Каранавірусная інфекцыя ўнесла змены ў рэалізацыю многіх запланаваных мерапрыемстваў, аднак работа па ўстанаўленні цесных двухбаковых адносін працягваецца. НКА беларусаў Смаленскай вобласці дапамагае рэгіёнам Віцебшчыны ў наладжванні эканамічных сувязяў, арганізацыі сустрэч з кіраўніцтвам Смаленскай вобласці, іншымі зацікаўленымі бакамі. Сельская гаспадарка, будаўніцтва, бізнес, выкарыстанне земляў, турыстычная дзейнасць, сферы адукацыі, культуры — праектаў, якія пры жаданні двух бакоў ­могуць быць рэалізаваны на практыцы для агульнай карысці, шмат. У бліжэйшы час і наш раён дакладна вызначыцца з канкрэтнымі прапановамі, якія могуць зацікавіць расіян. Дэлегацыю з Бешанковіч, запэўніў С. Р. Крыўко, у Смаленску прымуць з радасцю, дапамогуць знайсці партнёраў, наладзіць узаемаразуменне для рэальнага развіцця.
     Сувязі на ўзроўні народнай дыпламатыі самыя моцныя, а агульныя мерапрыемствы рэальна дапамагаюць развіццю сяброўства паміж двума братэрскімі народамі. Чаго толькі каштуе захаванне агульнай гістарычнай памяці, правядзенне міжнародных патрыятычных аўтапрабегаў «Дарогі вайны. Дарогі свету. Дарогі памяці», праект «Атлас памяці» да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, маршруты якіх былі пракладзены па месцах самых жорсткіх баёў. Іх сутнасць у тым, каб не проста наведаць палі бітваў, але і нанесці інфармацыю пра іх на навігацыйныя карты. Мемарыялы і брацкія магілы, размешчаныя ля трас, маюць адрас і GPS-каардынаты. «Атлас памяці» існуе ў папяровых выпусках і электронным выглядзе. Дадзеныя аб памятных месцах з дапамогай «Яндэкс.Карты» і іншых навігацыйных сэрвісаў дадаюцца ў сістэму GPS-дадзеных — і любы чалавек, дзякуючы навігатару, можа спыніцца і наведаць памятнае месца, аддаць даніну павагі загінуўшым героям. Сёлета такая ўвага будзе нададзена праекту «Атлас памяці. Партызанскі рубеж».
    Госці перадалі раёну навуковыя зборнікі «Белоруссия в годы Великой Отечественной войны» і «Республика-партизанка», якія Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расіі сумесна з гістарычным факультэтам МДУ імя М. В. Ламаносава, іншымі партнёрамі выпусціла да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Тут сабрана багата матэрыялаў, але пошукавая работа працягваецца.
    Падчас візіту падпісана Пагадненне аб супрацоўнiцтве паміж Смаленскім рэгіянальным грамадскім рухам развіцця інстытутаў грамадзянскай супольнасці «Землякі» і Бешанковіцкім раённым выканаўчым камітэтам па рэалізацыі праекта «Пошукава-даследчая патрыятычная экспедыцыя «Атлас памяці. Партызанскі рубеж », які праводзіцца ў 2021 годзе пры падтрымцы Фонду прэзідэнцкіх грантаў Расійскай Федэрацыі.
     Наш раён стаў сёмым на Віцебшчыне, хто падпісаў пагадненне, выказаў гатоўнасць аб’яднаць агульныя намаганні для падтрымкі і развіцця асноў грамадзянскага і патрыятычнага выхавання, захавання гістарычнай памяці, правядзення мерапрыемстваў па ажыццяўленні сувязі пакаленняў і народнай дыпламатыі, а таксама выканання і рэалізацыі палажэнняў гранта Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі на развіццё грамадзянскай супольнасці.
     Напрыканцы пасяджэння кіраўнік раёна Г. У. Унуковіч у знак узаемнага супрацоўніцтва і на добрую памяць уручыла кіраўніку і членам расійскай дэлегацыі сімвалічныя падарункі ад нашых майстроў. Сябры са Смаленска павезлі дадому сімвалы Бешанковіч, вышыванку, капялюш (ад С. Г. Акуневіча), ляльку-матанку, што лічыцца абярэгам, іншыя сувеніры, якія будуць доўга ­нагадваць ім пра Бешанковіччыну.
      Затым удзельнікі сустрэчы разам з вучнямі СШ № 2 г. п. Бешанковічы наведалі мерапрыемства «Крокі да Вялікай Перамогі» ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, прайшлі з экскурсіяй па залах, якія захоўваюць памяць пра Вялікую Айчынную вайну. Перадалі музею і раённаму савету ветэранаў кнігі пра нашу агульную незабыўную гісторыю з надзеяй на новыя сустрэчы. Смаленшчына і Віцебшчына знітаваны паміж сабой вельмі шчыльна. Няма сумнення ў тым, што дасягнутыя дамоўленасці будуць садзейнічаць развіццю руху параднёных гарадоў Беларусі і Расіі, а таксама інтэграцыйным працэсам у саюзнай дзяржаве.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *