На гэтым тыдні ў раёне працавала здымачная група першага нацыянальнага тэлеканала.
У межах праекта БТ “Зямля беларуская” здымалася кароткаметражная стужка пра бешанковіцкі край. Трынаццаціхвілінны фільм раскажа пра легенду паходжання назвы і першае ўпамінанне Бешанковічаў, гістарычнае мінулае і жывапісную прыроду нашага краю, будаўніцтва Свята-Ільінскай царквы і радзіму мастака Івана Хруцкага, а таксама пра наш рэгіянальны масленічны абрад “Цяганне калодкі”, які захаваўся са старажытных часоў.
– Праект “Зямля беларуская”, – паведаміла “Зары” аўтар фільма Алена Панцюхова, – задуманы як серыя кароткіх, недзе па 13 хвілін, фільмаў пра кожны з раёнаў Беларусі. Кожны куток нашай краіны мае свой каларыт, свае легенды, гісторыю… Загадзя мы наладжваем сувязі з мясцовымі краязнаўцамі, гісторыкамі, музеямі, збіраем літаратуру, інфармацыю пра тую мясціну, у якую накіроўваемся. У фільме пра Бешанковіцкі раён мы зробім інсцэніроўку легенды пра паходжанне назвы “Бешанковічы” і інсцэніроўку абрада “Цяганне калодкі”, пра які нам расказала дырэктар раённага Дома культуры Вольга Паўлаўна Качанава. Таксама ў стужцы будуць адлюстраваны старонкі гісторыі краю розных часоў.
Продолжить чтение