Придвинцы отмечают День почты

Человек и его дело

Бывае, чалавеку дрэнна жыць сярод іншых людзей, але і зусім без іх ён не можа. Людзі цягнуцца адзін да другога, будуюць паселішчы і вялікія гарады. Раней, пакуль не вынайшлі камп’ютар і тэлэфон, сябры і родныя пісалі лісты, з якіх даведваліся пра жыццё, здароўе, працу ці адпачынак. Цяпер жа, у эпоху тэхналогій, мала хто ведае, як развівалася паштовая сувязь. Адным гэта не цікава, у іншых не хапае часу. Аднак гісторыя – рэч на дзіва захапляльная.


Першабытныя людзі для перадачы інфармацыі выкарыстоўвалі голас, полымя і дым, барабанныя гукі. Далей з’явіліся пасланцы, спачатку пешыя, потым на конях. Дасылалі паведамленні і праз паштовых галубоў. Пошта марская, сухапутная, агульнадзяржаўная. Некалі людзі, атрымаўшы доўгачаканы канверт, адкрывалі яго ашчадна, стаіўшы дыханне.


Зараз, калі хочам даведацца, як справы ў каго-небудзь з родных, мы аддаём перавагу тэлефону ці перапісцы ў сацыяльных сетках. Толькі вось атрымліваць папяровы ліст, хвалявацца ў яго чаканні – больш прыемна. У гэтым ёсць нейкая своеасаблівая рамантыка. Тэлефоннае ж паведамленне можна выпадкова сцерці, а сам апарат згубіць або купіць новы. Лісты ж некаторыя людзі захоўваюць усё жыццё. Кожны радок нагадвае падзеі мінулага і застаецца ў сэрцы назаўсёды.


Цікава, што на сённяшні дзень у нашым раёне16 паштовых аддзяленняў: 14 сельскіх, 1 гарадское і 1 перасоўнае, так званая «пошта на колах». Пасля рэарганізацыі, якая адбылася 1 сакавіка 2014 года, раённы вузел паштовай сувязі ператварыўся ва ўчастак паштовай сувязі. Усяго 51 чалавек працуе ў паштовых аддзяленнях раёна. Напярэдадні Сусветнага дня пошты карэспандэнт «Зары» накіравалася на ўчастак паштовай сувязі райцэнтра, дзе сустрэлася з аператарам сувязі першага класа Вольгай Пятроўнай Качан.


Далёкі 1986 год Вольга Пятроўна памятае так, як сённяшні дзень, бо менавіта тады, 19 сакавіка, пачала працаваць аператарам на галоўнай касе.


– Ужо амаль 30 гадоў прайшло, – узгадвае Вольга Пятроўна. – Нават і самой не верыцца, што ўсё жыццё мела справу з грашыма. Спачатку было цяжка, хвалявалася, бо на маіх плячах была вялікая адказнасць за кожную лічбу. Нават бюлетэнь ніколі не брала. Аднак працу сваю я люблю. Мне заўсёды аднолькава падабалася і на камп’ютары працаваць, і з лістамі, і з пасылкамі.


Вольга Пятроўна – актыўная, жыццярадасная, светлая жанчына. Любіць падзяліцца ўражаннямі. Мае Ганаровую грамату, пабудавала дом, выхавала траіх дзетак, пасадзіла дрэва (і не адно).


– Зараз мая галоўная мара – унукі, – гаворыць жанчына.– Калі яны з’явяцца, буду самай шчаслівай на свеце.


Калі выдаецца вольны час, бавіць яго Вольга Пятроўна на кухні. Кожны раз гатуе нешта новенькае. Выпечка гэта ці пельмені – дзецям усё падабаецца.


– Яшчэ люблю глядзець тэлевізар, – прызнаецца Вольга Пятроўна. – Асабліва падабаюцца старыя фільмы і дэтэктывы. Бывае, некалькі разоў пераглядаю іх. Толькі фантастыку не люблю. Зрэдку кнігі чытаю. Летам жа мяне поўнасцю захапляе сад і агарод.


Чалавек не можа быць шчаслівы, калі ў яго жыцці не было аднаго цікавага пачуцця, імклівага і незабыўнага. Каханне. Яно прыносіць хвіліны і гора, і радасці. Ад яго палахліва б’ецца сэрца. Лёс дазволіў жанчыне спазнаць гэтыя імгненні.


– Аднойчы зімою, яшчэ ў школьныя часы, – узгадвае жанчына, – пад вокнамі я заўважыла санкі, а на іх – ружы. Аказалася, так выказваў свае пачуцці аднакласнік Міхаіл, які потым і стаў маім мужам. Як бы там ні паварочвала жыццё, але ён заўсёды дарыў шакалад і кветкі.


Напарэдадні прафесійнага свята жанчына віншуе ўсіх сваіх калег:


– Дарагія мае, сёння наш дзень! Жадаю моцнага здароўя, шчасця! Будзьце ўважлівымі да тых, хто побач. Беражыце кожнае імгненне жыцця!


Паважаная Вольга Пятроўна! Няхай дні прыносяць Вам толькі задавальненне, няўдачы абмінаюць, а на жыццёвым шляху сустракаюцца заўсёды добрыя, шчырыя, светлыя людзі. Са святам вас!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *