Кубок по мини-футболу

Новости района

Развіццё гарадоў і індустрыі патрабавала аператыўнасці ў перамяшчэнні людзей. Хутка пачала ўзнікаць новая тэхніка. Безумоўна, першыя аўтамабілі адрозніваюцца ад сучасных. Аднак і тады, і цяпер асвоіць гэтае тэхнічнае дзіва маглі толькі прафесіянальныя спецыялісты. Так узнікла прафесія вадзіцель.


Зараз цяжка ўявіць, што б мы рабілі, каб не было дарог, машын, вадзіцеляў? Як бы знаходзілі шлях да родных і сяброў? Нітачкі дарог злучаюць увесь свет, нібы абдымаючы яго. Амаль кожны можа сесці ў машыну і адправіцца ў вандроўку. Неабавязкова ў другую краіну. Можна наведаць суседнія гарады і вёсачкі.


Аднак кіраваць аўтамабілем не так проста. У народзе жартуюць, што ў вадзіцеля галава павінна паварочвацца на 360 градусаў, каб усё заўважаць. Трэба, бо ад кожнага дзеяння залежыць яго і нечае іншае жыццё.


Штогод у апошнюю нядзелю кастрычніка краіна адзначае Дзень аўтамабіліста і дарожніка. Гэта свята – усенароднае прызнанне заслуг транспартнікаў у развіцці Беларусі. Напярэдадні важнай падзеі хочацца расказаць пра людзей, што на сваім жыццёвым шляху выбралі няспыннае падарожжа. Мы наведалі супрацоўнікаў транспартнага аддзела Бешанковіцкага райпа. Менавіта ад іх працы залежыць, калі мы атрымаем тыя ці іншыя тавары, наколькі якаснай будзе сама дастаўка.


Сваю назву транспартны аддзел набыў толькі 26 чэрвеня 2003 года. Ранейшыя назвы – аўтабаза Віцебскага аблспажыўсаюза, аўтакамбінат №4 Віцебскага аблспажыўсаюза, аўтабаза Бешанковіцкага райпа і іншыя. Кіраўнік аддзела Аляксандр Леанідавіч Маскаленка з задавальненнем расказвае пра свой дружны калектыў, дзе працуюць уважлівыя, адказныя, прыемныя людзі.


– Наш калектыў пераважна мужчынскі: 33 вадзіцеля і 1 трактарыст, – паведамляе Аляксандр Леанідавіч. – Аднак працуюць і дзве жанчыны: статыстык і аператар дыспетчарскага пункта. На абслугоўванні насельніцтва – 8 аўтамагазінаў. Ёсць 7 хлебных фургонаў, 2 трактары, 1 самазвал (заняты ў нарыхтоўчай галіне). Астатнія машыны дастаўляюць тавар у гандлёвыя прадпрыемствы раёна. За два гады маёй працы ніякіх праблем не было. Самі прыбіраем тэрыторыю, рамонтныя зоны. Калі нешта няспраўна, думаем, як хутчэй адрамантаваць. Усе супрацоўнікі – прафесіяналы. Да тэхнікі адносяцца добрасумленна. Падчас разгрузкі тавару ніхто з іх не сядзіць у кабіне, не адмаўляецца дапамагчы жанчынам.


На думку Аляксандра Леанідавіча, праца пачынаецца з вадзіцеля. Ён прыходзіць, бярэ дарожны ліст, жартуе, загружае машыну, а потым адпраўляецца ў рэйс. Акуратна і аператыўна, якасна вязе тавар да месца прызначэння.


Пакуль знаёміліся з тэрыторыяй, мне пашчасціла сустрэцца і з вадзіцелямі. Пагаварылі з кожным, узгадалі незабыўныя моманты: уручэнне пасведчання, першы дарожны ліст.


Аляксандр Анатольевіч Бірукоў, які мае 4-ы разрад, расказаў, як упершыню сеў за руль:


– Было гэта ў школьныя гады. Хросны бацька пакатаў, а потым дазволіў пасядзець на месцы вадзіцеля. З таго часу і ўзнікла мая мара.


Вадзіцель 5-га разраду Віктар Анатольевіч Макараў прызнаўся, што яго заўсёды прыцягвала разнастайнасць.


– Аднойчы дзіцячая любоў да тэхнікі і вечны рух перамаглі, – кажа Віктар Анатольевіч. – Зараз жа, праз 30 (а ў некага і больш) гадоў, прыемна адчуваць радасць здзейсненай мары.


Вадзіцель 5-га разраду Рыгор Іванавіч Мамойка з-за павышанай увагі спачатку збянтэжыўся, але потым паведаміў пра свае працоўныя будні. За 10 гадоў, што працуе ў райпа, давялося шмат дзе пабываць. Былі камандзіроўкі ў Гомель, Ліду, Мінск. Але заўсёды сэрца імкнулася дадому, да любімых жонкі Алены і дачкі Ксеніі. Дарэчы, мужчына прыгадаў і гісторыю сустрэчы з каханай, якую заўважыў задоўга да знаёмства, яшчэ падчас вучобы ў школе.


– Сэнсам жыцця лічу сям’ю, – заўважае Рыгор Іванавіч. – Хочацца, каб у родных усё было добра.


Зараз Рыгор Іванавіч хвалюецца за тое, каб дачка выбрала прафесію па душы, скончыла ўніверсітэт, а ў будучым пацешыла бацькоў унукамі. Пакуль жа мужчына цікавіцца рыбнай лоўляй і займаецца трусагадоўляй.


Вадзіцелі – каралі дарог – вясёлы, добры, уважлівы народ. Яны такія розныя, але кожны з іх любіць дарогу. Па-свойму, з лагодай адносіцца да машыны. Калі трэба, заменіць супрацоўніка.


– Такім мужчынам не страшна даверыць аўтамабіль! – з гонарам адзначае Аляксандр Леанідавіч. – Прафесіяналізм – наша крэда!


Са святам вас, паважаныя аўтамабілісты! Цікавых дарог і шчаслівага вяртання дадому!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *