На Бешенковиччине состоялось перезахоронение неизвестного солдата

Событие

Напэўна, кожны з нас не раз чуў выказванне: «Вайна не закончыцца да таго часу, пакуль не будзе пахаваны апошні салдат, што аддаў сваё жыццё за Радзіму». І гэта сапраўды так. У панядзелак у райцэнтры адбылася цырымонія аддання зямлі рэштак невядомага воіна Чырвонай Арміі, які загінуў пры абароне Бешанковіч у далёкім 1941-м годзе.


У гэты сонечны летні дзень каля ваеннага камісарыята ўтварыўся своеасаблівы «жывы калідор» з ліку прадстаўнікоў мясцовай улады і неабыякавых да гісторыі сваёй малой радзімы прыдзвінцаў. Яны прыйшлі, каб адправіць у свой апошні шлях абаронцу Радзімы, бо ён павінен быць пахаваны так, як заслугоўвае кожны загінуўшы салдат. Пад гукі ваеннага аркестра труну з рэшткамі абаронцы Айчыны правезлі да брацкай магілы, што ў г. п. Бешанковічы. Ад імя раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, жыхароў раёна словы падзякі мясцовым краязнаўцам А. В. Трубецкаму і С. П. Леаненку, а таксама 52-у асобнаму спецыялізаванаму пошукаваму батальёну і тым, хто прыняў удзел у арганізацыі мерапрыемства, выказаў намеснік старшыні райвыканкама М. А. Заблоцкі.


– 75 гадоў прайшло з пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 72 – з даты вызвалення нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – адзначыў у сваім выступленні Мікалай Анатольевіч. – Але нават праз дзесяцігоддзі наша памяць жывая, а боль не прытупіўся. Ніколі не знікне наш гонар за тых, хто вызваляў Прыдзвінне ў далёкім 1944-м годзе, за тых, хто першым прыняў на сябе ўдар праціўніка ў самым пачатку вайны. Я вельмі ўдзячны ўсім неабыякавым жыхарам раёна, якія праз сем дзесяцігоддзяў аднаўляюць справядлівасць – увекавечваюць памяць абаронцаў Прыдзвіння ў далёкім 1941-м годзе. І хай мы не ведаем імя гэтага байца, нам невядома, дзе ён нарадзіўся і жыў, у якой сям’і рос, у якім палку ваяваў, але ў яго асобе сёння мы кажам шчырае «дзякуй» усім салдатам, якія абаранілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў нашу родную зямлю.


Вялікая Айчынная вайна пакінула нам цяжкую спадчыну. На тэрыторыі нашага раёна размешчана 41 пахаванне, дзе знайшлі свой апошні прыстанак больш за 2,5 тысячы вайскоўцаў, мірных жыхароў і партызан.


Сярод ганаровых гасцей жалобнага мерапрыемства быў намеснік старшыні Віцебскага абласнога Савета ветэранаў М. А. Ляшчынскі. Міхаіл Аляксандравіч таксама падзякаваў усім, хто прымаў удзел у перапахаванні невядомага воіна.


– Вельмі добра, што на сённяшнім мітынгу прысутнічаюць і дзеці, – падкрэсліў М. А. Ляшчынскі. – Сыходзіць, на жаль, пакаленне непасрэдных удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, тых, хто ваяваў за нашу Радзіму і перамог у крывавай бітве. Таму перадаць гэту эстафету памяці – наш святы абавязак.


На цырымоніі перапахавання прысутнічаў і А. В. Трубецкі. Ужо пасля мерапрыемства Андрэй Віктаравіч расказаў пра тое, як і дзе былі знойдзены рэшткі невядомага салдата.


– Пра масавае пахаванне ў гэтых месцах я ведаў яшчэ са школьнай парты, і як чалавек неабыякавы да гісторыі, проста не мог зрабіць інакш, – кажа краязнаўца. – Заручыўшыся падтрымкай Станіслава Пятровіча Леаненкі, разам з байцамі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна мы праводзілі работу па вызначэнні месцаў пахаванняў воінаў Чырвонай Арміі. Падчас гэтай работы на мяжы Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў былі выяўлены рэшткі невядомага вайскоўца. Баец быў пахаваны на месцы гібелі ў акопе ў 30-ці метрах ад мясцовых могілак на ворным полі. Пасля ўсіх працэдур было прынята рашэнне: пахаваць вайскоўца ў брацкай магіле, дзе ўжо знайшлі апошні прыстанак яго баявыя таварышы.


Таксама хочацца дадаць, што не зусім маюць рацыю тыя, хто лічыць, што патрыятызм – гэта памяць. На мой погляд, патрыятызм – гэта любоў. Любоў да сваёй Радзімы, сваёй роднай зямлі, гісторыі. Таму сучасную моладзь неабходна пераарыентаваць на вывучэнне гісторыі малой радзімы. Несумненна, ведаць гісторыю вялікай краіны – добра, але гісторыю таго месца, дзе ты жывеш, ведаць больш важна.


Брацкія магілы – самы яскравы напамін пра подзвіг нашага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Перапахаваннем рэшткаў воінаў, мы выконваем свой хрысціянскі абавязак перад пакаленнем герояў у імя выхавання і маральнага станаўлення дзяцей і моладзі. Тых, хто ў будучым будзе захоўваць памяць і падзяку за мірнае жыццё і незалежнасць.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *