Бешенковичский богатырь — Андрей Ясинский

Наш бешенковичский край

Такое меркаванне ў мяне склалася пра нашых цяжкаатлетаў падчас чарговых спаборніцтваў. Заўсёды з цікавасцю назіраю за імі. Бывае, гледзячы збоку, здаецца, што штангі яны паднімаюць, нібы пух. Калі так, то што
для іх ёсць спорт, чым жывуць асілкі? Пра гэта і многае іншае расказаў мясцовы волат, неаднаразовы пераможца і прызёр спартыўных спаборніцтваў раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў Андрэй Іванавіч Ясінскі.


– Усё ж я не лічу сябе прафесіянальным спартсменам, – сціпла заўважае мужчына. – Яны працуюць на вынік, а для мяне гэта хутчэй хобі. Жыць, нічым не захапляючыся, нецікава, але і на чымсьці адным нельга спыняцца, таму шэсць гадоў назад захапіўся сілавымі відамі спорту. Люблю футбол, але ў асноўным займаюся паўэрліфтынгам, паважаю цяжкую атлетыку, а таксама гіравы спорт, бо гэта – класіка жанру. Зімой да пераліку захапленняў дадаюцца лыжы. Чаму пачаў хадзіць у трэнажорную залу? Ведаеце, жыццё ўвогуле поўнае розных стрэсавых сітуацый, часта стамляешся на працы, штодзень адно і тое ж: праца – дом – праца. Графік звыклы. Аднойчы прыйшла думка: трэба ратаваць сябе. Яна ж і завяла мяне ў ФСК «Дзвіна». Пасля заняткаў адчуваў прыліў сіл, павысілася стрэсаўстойлівасць і жыццё зайграла новымі фарбамі.


Дасягненняў у Андрэя Іванавіча шмат. Першыя спробы ў спорце былі ў школьныя гады: у Паставах, адкуль мужчына родам, займаўся каратэ ў клубе «Азімут». Яшчэ тады трэнер Сяргей Генадзьевіч Сядых, дарэчы, прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў, чэмпіянату свету па каратэ, навучыў формуле поспеху, што запомнілася назаўсёды: жаданне + цярпенне + практыкаванні = поспех і перамога. Яе мой субяседнік прытрымліваецца і цяпер. Да нас мужчына трапіў пасля заканчэння ВДУ імя П. М. Машэрава, ды так і застаўся, ажаніўся, мае цудоўных дзяцей: дачка ўжо студэнтка, а сыну хоць і чатыры гады, але ён ужо з задавальненнем гуляе з бацькам у тэніс.


– У ФСК «Дзвіна» я сустрэў аднадумцаў, якія таксама ў захапленні ад спорту, – расказвае цяжкаатлет. – Лічу, што мне пашанцавала, бо тут я пазнаёміўся з Сяргеем Маціеўскім, які адкрыў для мяне прыгажосць спорту і, акрамя таго, стаў сябрам. Памятаю самае першае яго пытанне: «А для чаго ты прыйшоў?» Адны ідуць, каб потым на пляжы пакрасавацца, паказаць прыгожыя «кубікі» на жываце, а што жадаю я? Займацца проста так – сумна, таму пачалі рыхтавацца да спаборніцтваў. Сяргей падказваў, з якіх нагрузак пачынаць, які рэжым харчавання весці і навучыў мяне вызначаць мэту і дасягаць яе. Спачатку два гады я хадзіў у залу, прызвычайваўся да нагрузак, потым пачаў удзельнічаць у раённых спаборніцтвах, дзе неаднаразова быў у ліку прызёраў.


У 2014 годзе Андрэй Іванавіч паспрабаваў сябе на ХХІІ чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па цяжкай атлетыцы сярод ветэранаў і ўзяў «золата». Гэта было самае першае сур’ёзнае спаборніцтва. Адбылося яно ў Наваполацку, а ў снежні 2014-га – другое месца ў першынстве раёна па гіравым спорце. 2015 год – самы багаты на спаборніцтвы. Наш асілак паехаў у Брэст, дзе прыняў удзел у адкрытым чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па цяжкай атлетыцы. І зноў – «золата». Яшчэ адна з самых запамінальных перамог – другое месца ў спаборніцтвах па гіравым спорце ў праграме абласной спартакіяды сярод сельскіх жыхароў «Сельскія гульні-2016».


– Для мяне галоўнае – не перамагчы, а адчуць дух барацьбы, вялікі душэўны ўздым, – адзначае Андрэй Іванавіч. – Спаборнічаць цікава. Асабліва, калі сапернікі падрыхтаваны не на жарты. Тут і падтрымлівае наяўнасць мэты. Прыкладам настойлівасці ў яе дасягненні з’яўляецца Аляксандр Ерашоў, для якога спорт – любімая справа. Адчуваць боль у мышцах – цяпер звыкла і прыемна, здаецца, менавіта гэтага не хапала.


Станавая цяга з вынікам 210 кг, жым штангі – 140 (на трэніроўцы плюс 5 кг), прысяданне са штангай – 170 кг – і на гэтым не спыняцца. Трэніроўкі праз дзень па гадзіне ці крыху больш, да спаборніцтваў падрыхтоўка – за паўтара-два месяцы. Рэжым харчавання адпаведны: тры-чатыры разы з нязменнай кашай раніцай. Цікаўлюся, ці не надакучыла, а ў адказ чую, што гэта ўжо склад жыцця і варта ўсіх перажыванняў.


– Яшчэ на размінцы адчуваеш хваляванне, але потым – толькі радасць і прыліў адрэналіну, і хочацца нечага новага, складаеш план на будучыню, – дзеліцца думкамі атлет. – Хацелася паходзіць на мясцовых спартсменаў, дасягнуць такіх жа вынікаў. Увогуле хочацца, каб людзі знаходзілі час для заняткаў спортам. Усім кажу: усяго тры гадзіны на тыдзень, а адчуваеш сябе лепш і духоўна, і фізічна. Я зараз не ўяўляю жыццё без паходаў у трэнажорную залу, без парад тых, хто там займаецца. Упэўненасць і надзея, сіла волі – і кілаграмы жалеза для вас – гэта нішто. Кажыце сабе: ты годна выступіш і дакажаш, што можаш многае, бо ў цябе ёсць мэта.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *