Почему автобусы не ходят строго по расписанию?

Актуально Общество

Такія словы не адзін раз прамаўляеш, калі спяшаешся на прыпыначны пункт. Адна з нашых чытачак, напрыклад, кожны дзень карыстаецца паслугамі прыгарадных аўтобусаў, каб дабрацца да работы. На прыпынак яна прыходзіць заўсёды роўна да часу адпраўлення аўтобуса. Аднойчы жанчына сутыкнулася з сітуацыяй, калі транспарт адправіўся на дзве хвіліны раней. «Чаму аўтобусы не ходзяць строга па раскладзе?» – з такім пытаннем яна і патэлефанавала да нас у рэдакцыю. У пошуках адказу мы звярнуліся да начальніка ўчастка Бешанковічы філіяла «Аўтобусны парк №1 г. Віцебска» ААТ «Віцебскаблаўтатранс» А. С. Гушчы.

– Асноўным нарматыўным прававым актам, які рэгламентуе працэс ажыццяўлення аўтамабільных перавозак пасажыраў у Рэспубліцы Беларусь, з’яўляюцца «Правілы аўтамабільных перавозак пасажыраў», зацверджаныя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №972 ад 30 чэрвеня 2008 года (у рэдакцыі пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №636 ад 31 жніўня 2018 года), – растлумачыў Аркадзь Станіслававіч. – У пункце 227 дадзенага дакумента прапісана, што аўтамабільны перавозчык пры выкананні аўтамабільных перавозак пасажыраў абавязаны своечасова падаваць транспартны сродак у рэгулярных зносінах пры гарадскіх і прыгарадных аўтамабільных перавозках пасажыраў не раней чым за 3 хвіліны і не пазней чым на 5 хвілін адносна часу па раскладзе. Такім чынам, апераджэнне графіка руху на перыяд да трох хвілін і спазненне на перыяд да пяці хвілін не з’яўляюцца парушэннем патрабаванняў заканадаўства, гэта значыць, дадзеныя адхіленні дапушчальныя.

Трэба адзначыць, што выкананне графіка руху вадзіцелямі кантралюецца аўтаматызаванай сістэмай маніторынгу транспарту «Азімут» (спадарожнікавай сістэмай навігацыі). А. С. Гушча паказаў нам прынцып работы сістэмы. Калі сцісла, кожны маршрут аўтобуса апісваецца «карткай маршруту», дзе задаецца расклад руху паміж кантрольнымі кропкамі, якіх на маршруце можа быць любая колькасць. Улічваюцца перастаноўкі транспарту з маршруту на маршрут, сходы з маршруту, нулявыя прабегі і г. д. У выніку выканання руху фармулюецца шэраг галіновых справаздач, дастатковых для кантролю якасці работы транспарту. Ні вадзіцелі аўтобусаў, ні нават работнікі прадпрыемства-праваўладальніка сістэмы не маюць фізічнай магчымасці ўнесці якія-небудзь карэкціроўкі ва ўліковыя дадзеныя сістэмы.

– Кожны з вадзіцеляў прыкладае намаганні для няўхільнага выканання раскладу руху кожнага канкрэтнага рэйса, паколькі ў выпадку прызнання праграмным комплексам аўтаматызаванай сістэмы дыспетчарскага кіравання рэйса нерэгулярным (спазненне больш за 5 хвілін і апярэджанне больш за 3 хвіліны ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства), вадзіцель аўтаматычна пазбаўляецца часткі прэміі за парушэнне графіка руху, – удакладніў Аркадзь Станіслававіч.

Між тым дабіцца таго, каб кожны аўтобус прыбываў на кожны прыпыначны пункт «секунда ў секунду» фізічна немагчыма, паколькі на час пераадолення адлегласці ад аднаго прыпыначнага пункта да наступнага ўплывае шэраг аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў: інтэнсіўнасць транспартных патокаў, узровень пасажырапатоку (ён уплывае на час пасадкі на канкрэтным прыпыначным пункце), час сутак, стан праезнай часткі, пагодна-кліматычныя ўмовы і г. д.

Але і стаяць на прыпыначным пункце, чакаючы час, нелагічна. Па словах Аркадзя Станіслававіча, гэта справакуе незадаволенасць ўжо тых пасажыраў, што знаходзяцца ў аўтобусе.

Святлана ВАРОШКА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *