Чудеса из пластилина Галины Халабузарь из Бешенкович

Актуально Они живут рядом

Прыдумляць і рэалізоўваць – гэта пра яе. Для нашай субяседніцы пластылінаграфія – бы глыток свежага паветра. Галіна Рыгораўна Халабузар ужо год, як стварае карціны, хоць і марыла пра іх з юнацтва. Упершыню ўбачыла такі від творчасці і захапілася ім яшчэ ў летнім лагеры, але ўзяцца за справу самой ўсё не хапала часу: праца, камсамольскія даручэнні, сям’я… Гады імчалі, а мара так і заставалася няздзейсненай.

Жыццё прымусіла павандраваць, але ж у выніку лёс зноў прывёў на бешанковіцкую зямлю. Працавала Г. Р. Халабузар на пасадзе дырэктара камбіната бытавога абслугоўвання. Адсюль і пайшла на заслужаны адпачынак. Сядзець склаўшы рукі не стала (не ў яе характары гэта). Шахматы, вышыванне і вязанне заўсёды былі ў ліку хобі, імі і занялася. Акрамя таго, майстар любіць ствараць кулінарныя шэдэўры. Неўзабаве пачала наведваць аддзяленне для пажылых грамадзян ТЦСАН і падзялілася запаветным жаданнем з кіраўніком гуртка. Так разам і асвоілі пластылінавы жывапіс.

– Першай маёй работай быў партрэт Аляксандра Пушкіна. Затым Міхаіла Лермантава, Сяргея Ясеніна,Уладзіміра Маякоўскага, Мікалая Гогаля… Усяго каля двух дзясяткаў карцін будзе, – адзначае Г. Р. Халабузар. – Вядома, не ўсё атрымлівалася адразу, але тэхніка вельмі мне падабаецца. Невялікія квадраты наклейваюцца на падрыхтаваны загадзя фон з контурам ці без яго і пакрываюцца лакам. Памылкі выправіць тут зусім лёгка.

Сярод работ Галіны Рыгораўны – партрэты паэтаў і пісьменнікаў, знакамітых палітыкаў. Ёсць карціны царкоўнай тэматыкі і цудоўныя пейзажы. Колькі на гэта патрэбна часу? Майстар прызналася, што ўсё залежыць ад настрою і натхнення. Адзін такі шэдэўр яна можа стварыць і за тыдзень. Спалучэнне колераў і адценняў у яе работах захапляе: такое тонкае адчуванне гармоніі колеру і формы. Не дзіва, што яны карыстаюцца папулярнасцю падчас выстаў-кірмашоў (у тым ліку і на Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – і арт-тэрапія, і цікавае баўленне часу. Аднак патрабуе цярпення, канцэнтрацыі ўвагі і засяроджанасці. Затое настрой падтрымлівае бадзёры, як ніколі адчуваеш радасць жыцця. Зараз жанчына плануе прыступіць да стварэння партрэта Юрыя Гагарына, а ўвогуле планаў шмат. Ліст кардону, сюжэт і каляровы пластылін – усё, што трэба, галоўнае толькі, каб здароўе не падводзіла.

Марыя САНЬКО.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *