Бешенковичский народный клуб мастеров «Скарбонка» отметил 25-летний юбилей.

Важное Культура Творчество наших земляков

Народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў «Скарбонка» адзначыў
25-гадовы юбілей. З гэтай нагоды ў Бешанковіцкім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстава «25 год творчага шляху».

«Скарбонка» аб’яднала таленавітых людзей розных прафесій і ўзростаў, якія на аснове традыцыйнага рамяства ствараюць сапраўдныя шэдэўры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У сваёй творчасці майстры імкнуцца адрадзіць і захаваць традыцыі продкаў.
  Вочы проста разбягаліся ад прыгажосці, створанай умельцамі. Тут і паясы, і тканыя ручнікі, і вырабы з саломы і гліны… Сярод шматлікіх экспанатаў – работы кіраўніка клуба А. А. Пагарэльскай. Створаныя з саломы, яны пакаралі сваёй непаўторнасцю, вытанчанасцю і ў той жа час прастатой і пяшчотай.
  У сваім вітальным звароце да прысутных Алена Анатольеўна ўзгадала заснавальніка і ранейшых кіраўнікоў клуба. Таксама майстар падзякавала за шматгадовае супрацоўніцтва сваім калегам-умельцам (на дадзены момант іх 19), якія займаюцца рознымі відамі творчасці і заўсёды поўныя свежымі ідэямі. Напрыклад, неверагоднай прыгажосці лялькі ў панчошнай тэхніцы атрымліваюцца ў І. В. Мельнік, разьбой па дрэве займаюцца А. Ф. Пятроўскі і В. А. Пагарэльскі, батыкам – В. В. Аўчыннікава. Лапікавым шыццём, стварэннем ручнікоў, лялек і многім іншым славіцца М. І. Калкова. «Ажывілі» гліну і робяць з яе шэдэўры А. І. Аўчыннікава, В. Н. Стажык, Г. М. Гудоўская. Дарэчы, Ганна Мікалаеўна – выдатны ганчар, майстар па выцінанцы і роспісе па дрэве, увогуле, майстар-універсал. Шмат цёплых слоў прагучала ў адрас Г. М. Ханяк. Народная ўмеліца праславілася вырабам лапікавых коўдраў, лялек у нацыянальных беларускіх касцюмах і ткацтвам паясоў, яна таксама аднавіла вясельнае ульскае ўбранне. У ліку маладых творцаў – А. М. Лейчанка. Дзяўчына – майстар па ткацтве.
   Цёпла павіншавала ўдзельнікаў клуба галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама М. А. Пясецкая. Марына Анатольеўна акцэнтавала ўвагу на тым, што «Скарбонка» даўно вядомая не толькі за межамі раёна ці вобласці, але і рэспублікі, пажадала майстрам поспехаў і натхнення, а ў якасці падарунка прынесла вялікі і смачны імянінны пірог.
Дырэктар раённага Дома рамёстваў А. І. Аўчыннікава запрасіла прысутных зрабіць на доўгую памяць абярэг для клуба – гаршчочак пажаданняў і віншаванняў. Майстар-клас правяла Г. М. Гудоўская. Паўдзельнічаць у стварэнні глінянага посуду запрасілі М. А. Пясецкую. У гэты час Г. М. Ханяк заканчвала ткаць нацыянальны пояс. Пачэсная місія – зацягнуць завяршальную нітку на вырабе – была даручана дырэктару РЦК В. П. Качанавай.
  А. І. Аўчыннікава суправаджала ўсе працэсы стварэння рэчаў тлумачэннямі. Напрыклад, пояс для беларуса быў неад’емным сімвалам жыцця. Існавала і шмат традыцый адносна розных паясоў. Толькі па ўзоры ўжо можна было шмат даведацца пра чалавека (сямейнае становішча або статус у грамадстве). Выкарыстоўвалі іх на вяселлі, радзінах або хрэсьбінах, іншых мерапрыемствах. Нявесце да вяселля неабходна было саткаць 100 паясоў…
    Напрыканцы сустрэчы ўмельцы клуба «Скарбонка» прэзентавалі ў фонды музея некалькі відаў бешанковіцкай свістулькі. Дарэчы, у гэтым годзе наша свістулька прызнана нематэрыяльнай культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь.
Скончыўся юбілей чаяваннем.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *