Евгений Бурак, ученик 10 класса СШ №2 г.п.Бешенковичи, занял первое место в спринтерской гонке в областном этапе республиканских соревнований среди детей и подростков по биатлону «Cнежный снайпер»

Актуально Мы -- молодые

Яўген Бурак, вучань 10 класа СШ №2 г. п. Бешанковічы, заняў першае месца ў спрынтарскай гонцы ў абласным этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Cнежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ў сваёй узроставай групе (юнакі 2004 года нараджэння) і ўключаны ў склад зборнай каманды вобласці для ўдзелу ў фінальным этапе спабор-
ніцтваў.

Каманда Бешанковіцкага раёна заваявала трэцяе месца ў змешанай эстафеце (старэйшая група). Усяго ў абласным этапе спаборніцтваў, па інфармацыі аддзела па адукацыі раённага выканаўчага камітэта, прымала ўдзел 25 каманд з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны. Зборная нашага раёна заняла 13 месца, што значна лепш, чым у папярэднія гады.

— Для нашай школы,— кажа намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №2 г. п. Бешанковічы Л. П. Казлова,— гэта першая вялікая перамога ў «Снежным снайперы» за апошні час. У склад каманды Бешанковіцкага раёна, якая стала трэцяй у змешанай эстафеце, акрамя Яўгена Бурака ўваходзілі яшчэ двое нашых вучняў: Ала Апатава (10 клас) і Уладзіслаў Раманчук (8 клас). Дзеці проста малайцы, Жэня — у асаблівасці!

Пераможцам абласнога этапа спаборніцтваў «Снежны снайпер» Яўген Бурак ужо быў два гады таму, калі вучыўся ў гімназіі. Тады ён заняў другое месца і таксама
быў уключаны ў склад каманды вобласці для ўдзелу ў спаборніцтвах на ўзроўні рэспублікі. Сваю перамогу юнак падзяляе з настаўнікам фізічнай культуры Мікалаем Віктаравічам Ружынскім, які здолеў разгледзець тады яшчэ ў пяцікласніка Бешанковіцкай гімназіі спартыўныя дадзеныя для заняткаў лыжным спортам, адчуў яго волю да перамогі, прывёў свайго выхаванца да цяперашняга выніку. Мікалай Віктаравіч трэніруе Жэню ўжо больш за пяць гадоў. Калі закрылі
гімназію, яны разам перайшлі працаваць і вучыцца ў другую школу райцэнтра.

— Ты жывеш у Вярхоўі, на заняткі і назад дабіраешся на школьным аўтобусе, калі знаходзіш час на трэніроўкі? — пытаюся ў дзесяцікласніка.
— У такія дні я адпраўляюся дадому апошнім рэйсам,— адказвае Жэня.— Абласныя, а тым больш рэспубліканскія спаборніцтвы ў корані адрозніваюцца ад раённых. Там разам з табой на старт выходзяць годныя супернікі, самаўпэўненасць, калі яна ёсць, знікае ўмомант…

Такі адказ толькі пацвярджае сур’ёзнае стаўленне юнака да заняткаў фізічнай культурай і спортам, жаданне дасягаць пастаўленай мэты і, напэўна, самае галоўнае — не падвесці таго, хто верыць у яго,— свайго настаўніка. Пра Мікалая Віктаравіча Ружынскага Жэня гаворыць з цеплынёй, адзначаючы лепшыя прафесійныя і чалавечыя якасці педагога. Кажа, што ён вельмі добры трэнер, граматны, вопытны, цудоўны чалавек, добры і строгі адначасова. Калі заслужыў, абавязкова пахваліць, ёсць недахопы — пакажа на іх, каб не было пралікаў у будучым.

За поспехамі Яўгена сочаць мама Жанна Валер’еўна і браты, іх у Жэні трое. Рады перамозе свайго выхаванца ў школе. Шчыра павіншавалі юнака аднакласнікі, сябры. Права прадстаўляць родную Віцебшчыну на рэспубліканскім этапе спаборніцтваў — вялікае дасягненне і яшчэ большая адказнасць. Сёлета ўдзельнікам «Снежнага снайпера» пашанцавала з надвор’ем — трэніравацца можна ў сапраўдную зіму. За ўзнагароды ў рэспубліканскім фінале будуць змагацца самыя трапныя і самыя хуткія, таму наперадзе юнака і яго педагога чакаюць новыя трэніроўкі, новыя арыенціры. І хоць у дарослым жыцці Жэня плануе стаць інжынерам-будаўніком, вучыцца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, за-няткі спортам кідаць не збіраецца. Моду на фізічнае здароўе ніхто не адмяняў, у
любой навучальнай установе будуць рады такому студэнту.

Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *