От «Сталінца» до «Зары»: путь Бешенковичской районной газеты

Актуально Новости района Общество

12 жніўня ў нашай «Зары» — юбілей, споўніцца 90 гадоў са дня выхаду ў свет яе першага нумара. У далёкім 1932 годзе бешанковіцкая раённая газета насіла назву «Сталінец».

За дзевяць дзесяцігоддяў многае змянілася ў свеце і ў нашай краіне, вырасла не адно пакаленне людзей. А летапісец Прыдзвіння, як і раней, працягвае сваю важную справу, занатоўвае ў газетных радках жыццё раёна, услаўляе лепшых працаўнікоў роднай зямлі, ушчувае за пра лікі, раіць, дапамагае, падтрымлівае, расказвае пра значныя і не вельмі падзеі. Пра ўсё адметнае, цікавае, што адбываецца ў раёне і краіне ў цэлым. Пад назвай «Сталінец» Бешанковіцкая раённая газета выдавалася да 1956 года. У 1956-м-пачатку 1957-га года насіла назву «За Радзіму». З лютага 1957 года бешанковіцкая раёнка стала называцца «Зара».

Зараз ужо і не падлічыш, колькі людзей працавала ў газеце і мясцовай друкарні на працягу ўсіх гэтых гадоў. Кожны пакінуў пасля сябе свой адметны след, аддаў газеце вопыт і ўменне, здольнасці і прафесійны талент. Цяжэй за ўсіх, напэўна, было яе першым журналістам і друкарам, першым рэдактарам, асобным з якіх даводзілася выпускаць газету ў гады ваеннага ліхалецця, пасляваенны час. Першым рэдактарам газеты быў зацверджаны Якаў Шылянкоў. Потым — Сцяпан Арсенцьевіч Яловік, Фёдар Нічыпаравіч Шаірка, Міхаіл Раманавіч Сямёнаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны друкаваны орган падпольнага райкама КП(б)Б і партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь» выдавалі Анісся Фамінічна Мацулевіч і Ганна Піліпаўна Шалахава. У пасляваенны час газету рэдагавалі Станіслаў Мікалаевіч Саўрыцкі, Абрам Вульфавіч Глікман, Сяргей Несцеравіч Карась, Дзмітрый Сямёнавіч Тарасевіч, Л. Ц. Ушаў, Іван Сямёнавіч Конаш, Барыс Іванавіч Сувораў, Уладзімір Арцёмавіч Ганковіч, Міхаіл Несцеравіч Прыгожы, Рыгор Дмітрыевіч Галкоўскі, пасля смерці якога ўзначаліць калектыў даверылі мне.

Мне пашчасціла ведаць асабіста (а то і працаваць разам) Рыгора Дзмітрыевіча Галкоўскага, Уладзіміра Арцёмавіча Ганковіча, які ўжо знаходзіўся на пенсіі, але часта заязджаў у рэдакцыю, а таксама Тамару Паўлаўну Семчанку, Віктара Піліпавіча Семяніду, Барыса Паўлавіча Беляжэнку, Сяргея Васільевіча Рублеўскага, Міхаіла Несцеравіча Прыгожага і іншых журналістаў, чый лёс звязаны з «Зарой». Анатоль Вячаслававіч Крачкоўскі і Леанід Мікалаевіч Акулёнак і сёння не парываюць сувязяў з газетай, якой аддадзены не гады, дзесяцігоддзі жыцця. Звесткі пра рэдактараў «Зары» — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — ёсць у раённым гісторыка- раязнаўчым музеі. Можа, матэрыялы, звязаныя з гісторыяй газеты, ёсць і ў вас, паважаныя чытачы. Падзяліцеся імі, а таксама сваімі ўспамінамі з намі.
Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *