К 90-летию «Зары»: один из ответственных редакторов «Сталинца»

В трудовых коллективах

Абрам Вульфавіч Глікман, як сведчаць матэрыялы раённага гісторыка-краязнаўчага музея, адказным рэдактарам Бешанковіцкай раённай газеты «Сталінец» быў прызначаны ў лютым 1946 года. Скончылася Вялікая Айчынная вайна, краіне патрэбны былі граматныя кіраўнікі. А ён да гэтага часу ўжо меў багаты вопыт палітычнай работы, кіравання людзьмі.

Нарадзіўся А. В. Глікман 11 студзеня 1905 года ў Віцебску. Каб мець кавалак хлеба, які ўсе дзеці таго часу, стаў рана працаваць: быў вучнем-нарыхтоўшчыкам у прыватніка, нарыхтоўшчыкам на Віцебскай абутковай фабрыцы імя Леккерта, пасвіў кароў у Лёзненскім раёне, быў чорнарабочым «Белдзяржбуда» г. Віцебска.

Восенню 1927 года Абрама Вульфавіча прызвалі ў войска. Служыў чырвонаармеец у 81-м стралковым палку 27-й стралковай дывізіі. Праз два гады вярнуўся дадому, уладкаваўся гарбаром гарбарнага завода імя Еўсцігнеева. У 1927-м уступіў у рады Усесаюзнай камуністычнай партыі бальшавікоў, у 1930 годзе скончыў 3 курсы індустрыяльна-педагагічнага рабфака. І ўжо ў 1932-м стаў загадваць магазінам, пазней узначаліў калгас «Трактар» Бешанковіцкага нацсавета, працаваў інструктарам аргінструктарскага аддзела Бешанковіцкага райкама партыі. У 1939 годзе А. В. Глікмана накіравалі палітруком у 22-ю танкавую брыгаду, а напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны прызначылі загадчыкам аргінстуктарскага аддзела райкама партыі.

На фронт Абрам Вульфавіч пайшоў у першыя дні вайны. Ужо ў чэрвені 1941 года быў прызначаны палітруком 56 корпуснага артылерыйскага палка, затым — камісарам батарэі 27 запаснога артылерыйскага палка Заходняга фронту. Пазней служыў намеснікам камандзіра роты па палітчастцы 95 танкавай брыгады.

Перспектыўнага палітработніка накіравалі на курсы ўдасканалення афіцэрскага складу Паўднёва-Уральскай ваеннай акругі, затым на курсы малодшых лейтэнантаў. У чэрвені 1944 года Глікман быў залічаны ў рэзерв 21 асобнага палка рэзерву афіцэрскага складу, а ўжо ў верасні афіцэр быў прызначаны камандзірам узвода аўтаматчыкаў 32 Заходняга стралковага палка 12 Заходняй стралковай дывізіі, дзе служыў да снежня 1945 года. Звольніўся па ўзросце ў званні старшага лейтэнанта. Узнагароджаны медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»

У Бешанковічы Абрам Вульфавіч вярнуўся ў пачатку 1946-га, дзе яму даверылі не менш адказны ўчастак — рэдагаваць раённую газету. У рэдакцыі Глікман працаваў да лютага 1952 года. Ад займаемай пасады быў вызвалены ў сувязі з пераводам на іншае месца працы — старшынёй раённага аргкамітэта добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту.

А. В. Глікману заўсёды давяралі а дказныя ў часткі работы, ён быў загадчыкам цэнтральнай ашчаднай касай Бешанковіцкага раёна, інструктарам райкама партыі, інжынерам па дарогах і мастах Бешанковіцкага раёна, дзе працаваў да выхаду на пенсію. Але і на заслужаным адпачынку не сядзеў, склаўшы рукі, стараўся прыносіць карысць дзяржаве няхай і на менш адказных пасадах: загадваў складам у Бешанковіцкай міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі, быў прыёмшчыкам-нарыхтоўшчыкам, рабочым шорнага ўчастка, вартаўніком у райваенкамаце. Апошні запіс у працоўнай кніжцы Абрама Вульфавіча датаваны сакавіком 1975 года, калі мужчыне ўжо ішоў 71 год…

У раённым гісторыка-краязнаў чым музеі разам з іншымі дакументамі захоўваецца Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР, якой Абрам Вульфавіч Глікман указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 15 снежня 1978 года ўзнагароджаны за актыўную грамадска-палітычную дзейнасць і ў сувязі з 60-годдзем Беларускай ССР і Кампартыі Беларусі. І гэта толькі адна з заслужаных узнагарод чалавека, што прысвяціў сваё жыццё служэнню Радзіме, свайму народу.
Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *