Аляксандр Лукашэнка патрабуе развіваць Нацыянальны аэрапорт Мінск з улікам перспектывы

Главное

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе развіваць Нацыянальны аэрапорт Мінск з улікам перспектывы. Аб гэтым ён заявіў пры наведванні аэрапорта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб развіцці інфраструктуры Нацыянальнага аэрапорта Мінск, перспектыўных планах. У тым ліку аб транспартных зносінах са сталіцай па чыгунцы, паркінгах.

Размова ішла і пра будаўніцтва новага пасажырскага тэрмінала. Ён неабходны на перспектыву ў сувязі з ростам пасажырапатоку, які ў Нацыянальным аэрапорце пераадольваў ужо планку 5 млн чалавек у год. Калі гаварыць пра далейшыя планы, то, зразумела, для зручнасці дастаўкі ў аэрапорт большай колькасці пасажыраў у далейшым спатрэбяцца і прадуманыя рашэнні ў транспартных зносінах са сталіцай па чыгунцы. Пры гэтым важна рацыянальна падысці да справы. «Каб мы не будавалі дубліруючых, паралельных нейкіх шляхоў, а выкарыстоўвалі тое, што ёсць», — заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка даручыў падрыхтаваць адпаведны праект па рэканструкцыі аэрапорта з будаўніцтвам тэрмінала і чыгуначнай веткі, каб дэталёва яго разгледзець: «Давайце дамовімся: калі будзе гатовы праект, мы асобна яго разгледзім».

Прынцыповы падыход — планаваць і рабіць на перспектыву.

«Мы ж усё на перспектыву робім. Калі сёння з-за існуючых абставін нешта не патрэбна, то трэба разумець, што гэта заўтра будзе запатрабавана», — арыентуе Прэзідэнт.

Асобнае даручэнне Прэзідэнта датычыцца старой узлётна-пасадачнай паласы аэрапорта. Другую пабудавалі ў 2019 годзе. Па зразумелых прычынах цяпер транспартны паток не такі, як у ранейшыя гады, але Аляксандр Лукашэнка патрабуе не забываць пра першую паласу. Як далажылі кіраўніку дзяржавы, на ёй выконваецца бягучы рамонт.

«Майце на ўвазе, што гэта паласа павінна быць у рабочым стане. Нармальным стане. Пабудавалі другую. Гэта не павінна быць кінута. Паласа павінна быць у ідэальным стане. Трэба ў любых абставінах рабіць гэта», — даручыў кіраўнік дзяржавы.

У цэлым, як было даложана Прэзідэнту, аэрапорт, нягледзячы на складанасці з-за ўведзеных санкцый, вырашае ўзнікаючыя праблемы і цяпер стабільна працуе, не мае праблем у забеспячэнні матэрыяламі і абсталяваннем. Па асобных пазіцыях наладжана вытворчасць на айчынных прадпрыемствах, па некаторых — пастаўкі з дружалюбных краін, напрыклад, Кітая.

Аляксандр Лукашэнка на аўтобусе агледзеў тэрыторыю аэрапорта і наведаў ААТ «Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі нумар 407», дзе азнаёміўся з тэхнічным абслугоўваннем і рамонтам паветраных суднаў, работай прадпрыемства.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *