Аляксандр Лукашэнка пра II Гульні краін СНД: галоўнае — гэта будучыня

Важное

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што Гульні краін СНД нацэлены на будучыню. Аб гэтым ён заявіў у размове з работнікамі арганізацый у Нацыянальным аэрапорце Мінск, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўніка дзяржавы спыталі аб выступленні айчынных спартсменаў на II Гульнях краін СНД і ці не з’яўляецца боязь канкурэнцыі ў міжнародным спорце адной з прычын санкцый у адносінах да беларускага спорту і атлетаў.

«Яны (на Захадзе. — Заўвага БЕЛТА) баяцца канкурэнцыі, паказваюць свой нораў, яны хочуць нас нахіліць, як заўсёды, яны змагаюцца за сусветнае панаванне. І гэта толькі элемент. Таму спорт стаў даўно вялікай палітыкай. Таму націскаюць па ўсіх напрамках. Яны вытрымалі, выстаялі, і нашы хлопцы і дзяўчаты па ўсіх відах спорту выступаюць і выдаюць добрыя вынікі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў асноўным на Гульнях выступаюць маладыя спартсмены, якім яшчэ трэба будзе ў перспектыве сябе праявіць: «Некаторыя гавораць: «Ну чаго, там жа няма алімпійскіх нейкіх чэмпіёнаў і гэтак далей…» Дык вось галоўнае — гэта будучыня. І тое, што мы такую вялікую колькасць медалёў заваявалі, — гэта добра».

Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт існуючага меркавання, што ў адсутнасць міжнародных спаборніцтваў можа ўпасці ўзровень спартсменаў. «А чаго ён упадзе? Я вельмі проста сказаў: калі вы (беларускія спартсмены. — Заўвага БЕЛТА) будзеце выйграваць у адной краіны — Расіі. Выйграеце ў Расіі — мы будзем у шакаладзе, і мы вам будзем плаціць, будзем вас падтрымліваць і гэтак далей, — расказаў кіраўнік дзяржавы. — І расіяне для нас сёння — асноўныя канкурэнты. І мы пакуль да іх не дацягнуліся. Яны на першым месцы і залатых медалёў у іх у два або тры разы больш. Таму няма ніякіх праблем для спартсменаў. Ідзіце, трэніруйцеся і выйгравайце».

У гэтым плане Беларусь і Расія супрацоўнічаюць у спартыўнай сферы. Арганізаваны ўдзел беларускіх атлетаў ва ўнутраных спаборніцтвах у Расіі, а расіяне, наадварот, удзельнічаюць у спаборніцтвах у Беларусі.

А на санкцыі Прэзідэнт параіў не звяртаць увагі. І гэта датычыцца не толькі спорту: «Мы на гэта не павінны звяртаць увагі. Калі толькі (чалавечая ж галава такая) загрузіў сябе гэтымі санкцыямі, тады і працаваць не трэба. Можна спасылацца, што ў нас санкцыі, цяжка і гэтак далей. А што, ад гэтага вам лягчэй будзе? Таму ніякіх санкцый! Так, няпроста, так, складана. А калі нам было лягчэй? Заўсёды было складана. Таму што мы — канкурэнты».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не бачыць ніякіх праблем з падрыхтоўкай спартсменаў. «Рана ці позна вымушаны будуць нас вярнуць у міжнародны чэмпіянат», — упэўнены ён.

Прэзідэнт таксама адзначыў ініцыятыву аб правядзенні Гульняў краін БРІКС, што абмяркоўваў і з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. «Я яго падтрымаў і пахваліў за тое, што ён ініцыюе спаборніцтвы БРІКС». Члены гэтага аб’яднання — Бразілія, Расія, ПАР, Кітай і Індыя — вялікія сусветныя дзяржавы з вялізным насельніцтвам.

«Калі толькі ў БРІКС (будуць арганізаваны спаборніцтвы. — Заўвага БЕЛТА), мы адразу далучымся да гэтых спаборніцтваў. І многія краіны далучацца. І алімпійскі рух, які ёсць цяпер (Бах узначальвае), разваліцца. Таму што ўсе змагаюцца за грошы — рэклама. А чым больш гледачоў — па паўтара мільярда ў Індыі і Кітаі, — вось вам і рэклама, вось вам і грошы. Таму яны таксама там (у Міжнародным алімпійскім камітэце. — Заўвага БЕЛТА) не дурні. Яны разумеюць, што яшчэ такіх некалькі крокаў і яны разваляць гэты рух», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Вяртаючыся да тэмы II Гульняў краін СНД, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз акцэнтаваў увагу на важнасці выступленняў перспектыўных спартсменаў на такой міжнароднай пляцоўцы, хоць ёсць і пэўныя прэтэнзіі па некаторых відах спорту. Вынікі асобна падвядуць пасля заканчэння Гульняў. «Спорту быць. Спорт — гэта здароўе. Спорт высокіх дасягненняў цягне масавы спорт за сабой. А гэта наша з вамі здароўе. Вытрымалі мы не такі націск», — рэзюмаваў беларускі лідар.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *