Какие мероприятия ко дню родного языка проводят библиотеки Бешенковичского района?

Актуально Общество

Штогод 21 лютага ў розных краінах свету адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта свята было абвешчана ў лістападзе 1999 года на 30-й сесіі ЮНЕСКА з мэтай захавання моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрымкі нацыянальных моў і культур і забеспячэння права кожнага чалавека карыстацца роднай мовай.

Мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы, традыцыйна ­праводзіць і ДУК «Бешанковіцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма». Сёлета, напрыклад, у рамках абласнога марафону «Размаўляй і натхняй», з 19 па 25 лютага ў бібліятэках раёна арганізаваны шэраг выстаў, праходзяць сацыякультурныя мерапрыемствы.

Так, цэнтральная раённая бібліятэка прапаноўвае сваім чытачам выставу-параду «Таямніцы беларускіх слоў», выставу-агляд «Майстры беларускага слова», а таксама дзень роднай мовы «Мая родная мова — мілагучнае, звонкае, спеўнае слова». Кніжны хіт-парад «Як даўні скарб, як спадчына, нам даравана мова матчына» падрыхтаваны сектарам па абслугоўванні дзіцячага чытача ЦРБ. Куток беларускай кнігі «Мы дзеці мовы беларускай» працуе ў філіяле «Палітаддзельская сельская бібліятэка». Выставу кніг «Слова роднае — вечнасці след» падрыхтавалі вярхоўскія бібліятэкары. 21 лютага тут правядуць фальклорнае падарожжа «Беларускі скарб» і акцыю «Размаўляй са мной па-беларуску».

Пазнавальна-гульнявую праграму «Старонкі з моўнай скарбонкі» прадставяць увазе чытачоў у бібліятэцы аграгарадка Астроўна, гадзіну роднай мовы «Роднай мовы ветлівыя словы» — у Уле. Літаратурная хвілінка «Гучы, роднае слова!» пройдзе ў бібліятэцы аграгарадка Ржаўка, літаратурная гадзіна «Родная мова — у марах, у песнях, у снах» — у Сокараве. Віктарыну «Таямніцы беларускіх слоў» аматарам друкаванага слова прапануюць у філіяле «Задарожская сельская бібліятэка», паэтычны марафон «Струменіць беларускай мовы ручаёк» — у філіяле «Бачэйкаўская сельская бібліятэка імя Б. П. Беляжэнкі», літаратурна-гульнявую кампазіцыю «Сэрцам роднага слова краніся» — у філіяле «Драздоўская сельская бібліятэка».

Актыўны ўдзел у святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы прымуць таксама ўстановы адукацыі раёна, бо менавіта мова забяспечвае непарыўную сувязь паміж носьбітамі, паміж мінулым, сапраўдным і будучыняй.

Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *