Как отмечали Крещенье на Бешенковиччине

Событие

Яшчэ не ўлягліся душэўныя і радасныя перажыванні з нагоды вялікага свята Божага Нараджэння, як Праваслаўная Царква зноў склікала вернікаў у храмы для малітвы ў дзень Вадохрышча.


Святым Богаяўленнем гэтае свята называюць яшчэ і таму, што падчас Хрышчэння Госпада аб’явілася свету Найсвяцейшая Тройца, пра што захаваліся надзвычай яркія сведчанні ва ўсіх чатырох Евангеллях.


Пачынаецца гэтае свята ўвечары васямнаццатага студзеня. Вечарам нашы продкі гатавалі трэцюю за Каляды галодную куццю. Пасля есці можна было толькі раніцай, найперш прычасціўшыся асвячонай вадою.


На Богаяўленне адбываецца Вялікае вадасвяцце. З гэтай нагоды ў Свята-Ільінскай царкве ў Бешанковічах адслужылі ўрачысты малебен і здзейснілі чын вялікага асвячэння вады. Сапраўднае паломніцтва вернікаў назіралася ў храме ў святочны дзень.


Людзі ішлі сюды, каб запасціся «святой» вадой. Лічыцца, што валодае яна такой жа цудатворнай сілай, як і воды Іардана, у якія ўваходзіў Іісус Хрыстос. Разам з царкоўнымі свечкамі, купленымі ў гэты дзень, яе захоўваюць у доме, каб яна падтрымлівала ў ім святло і цеплыню ўвесь год.


Вадохрышча славіцца яшчэ і тым, што ў гэтае свята праваслаўныя купаюцца так, як калісьці хрысціліся людзі ў водах ракі Іардан. Для такой цырымоніі рыхтуюць спецыяльныя купелі. Для бешанкавічан купанне на Вадохрышча стала ўжо традыцыйным.


Сёлета «іардань» была высечана супрацоўнікамі РАНС, як і заўжды, на рацэ Хмельнічанцы. Асвяціў яе настаяцель Свята-Ільінскай царквы протаіерэй Віталь Кісель. Тут было арганізавана дзяжурства выратавальнікаў РАНС, «хуткай дапамогі» і таварыства выраватавання на вадзе.


Нягледзячы на вадохрышчанскія маразы, смельчакоў акунуцца ў палонку, каб выпрабаваць сябе на трываласць ў ледзяной вадзе, было дастаткова. Да асвечанай «іардані» людзі прыходзілі сем’ямі, дружнымі кампаніямі і па адным. Сюды іх прыводзіла жаданне здабыць унутраную чысціню і спакой. Многія ахвотна дзяліліся сваім вопытам і запэўнівалі, што вада ў вадохрышчанскай палонцы цяплейшая, чым паветра, таму змерзнуць немагчыма, і нават наадварот, пасля купання скура «гарыць агнём».


Адным словам, асвечаная на Вадохрышча вада вылечвае цела і душу, а таксама прыбірае негатыў з жылля, калі яго акрапіць вадой пасля асвячэння.