Лидерами жатвы на Бешенковиччине по-прежнему остаются хлеборобы ЗАО АСБ-Агро Новатор

Заботы сельские

Жніво блізіцца да завяршэння. Нават нягледзячы на тое, што тэрміны ўборкі ўраджаю сёлета ў сілу ўмоў надвор’я ссунуліся на два-тры тыдні, а з-за праліўных дажджоў у канцы жніўня некалькі дзён камбайны нават не маглі выйсці ў поле, валавы збор збожжа па раёне ўжо склаў каля 32 тысяч тон.


А ў лідарах па-ранейшаму хлебаробы ЗАТ «ААБ-Агра Наватар». І, здаецца, наватарцы аддаваць п’едэстал не збіраюцца. У мінулы аўторак у гаспадарцы ўшаноўвалі яшчэ два экіпажы-тысячнікі. На поле ва ўрочышчы Казінцы з ганаровай місіяй прыехалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В. М. Долгі і вядучы спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» Я. С. Фіешка.


Рубеж ў тысячу тон хлеба скарыўся Уладзіміру Валер’евічу Пяхоту і яго маладому памочніку Дзмітрыю Андрэевічу Міхайленку. Такую ж працоўную перамогу святкуе і экіпаж у складзе Аляксея Мікалаевіча Гарлана і Леаніда Сяргеевіча Духовіча. Дарэчы, для наватарскіх хлебаробаў гэта жніво ўжо далёка не першае і намалот у тысячу тон ужо стаў звыклай справай.


– Мой напарнік хай і навічок у камбайнерскім рамястве, але чалавек надзейны. Разумее тэхніку і адчувае поле. Лепшага кампаньёна і не трэба. Мы размаўляем на адной мове. Без лішніх слоў і тлумачэнняў. Што такое жніво? Асаблівы час, усяго некалькі тыдняў, калі трэба ўсё рабіць па максімуме: якасна рыхтаваць тэхніку, працаваць з поўнай аддачай… Як у спартсменаў Алімпіяда, так у хлебароба – уборачная. Рана ўстаў, позна лёг – тады можаш разлічваць на вынік. І мы абодва гэта разумеем, – падкрэсліў у размове У. В. Пяхота.


В. М. Долгі павіншаваў лідараў жніва, уручыў ім майкі і кепкі з лагатыпам Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, а таксама Падзячныя лісты і вымпелы пераможцаў.


– Вашы дасягненні – гэта паказчык прафесіяналізму, дысцыпліны, вялікай адказнасці і добрасумленнасці, – адзначыў Вячаслаў Міхайлавіч. – У вашых руках харчовая бяспека краіны і дабрабыт народа. Хай далейшым вашым поспехам спрыяюць сучасныя тэхналогіі, надзейная тэхніка, урадлівыя палі! Моцнага вам здароўя, дабрабыту, невычэрпнай энергіі, а вашым блізкім – дастатку і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.


Да віншаванняў далучылася і Я. С. Фіешка. Яўгенія Сцяпанаўна ўручыла экіпажам-тысячнікам Ганаровыя граматы ад кіраўніцтва гаспадаркі, а да зарплаты камбайнеры і іх памочнікі атрымаюць прыбаўку ў выглядзе прэміі. Галоўнае, што маладому пакаленню аграрыяў ёсць у каго вучыцца прамудрасцям хлебаробскай справы і на каго раўняцца.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *