Воины-интернационалисты из Бешенковичского района навестили маму погибшего в Афганистане солдата

Они живут рядом

Усё далей адыходзяць у гісторыю афганскія падзеі, але іх удзельнікі, якія маладымі хлопцамі прайшлі тымі вогненнымі дарогамі, і сёння памятаюць кожную атаку, кожны стрэл, кожную смерць сяброў. Не часта яны могуць сустрэцца, пасядзець, пагутарыць, успомніць баявых таварышаў. Але штогод 15 лютага, у Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, адкладваюць усе свае справы і збіраюцца разам.


Вось і сёлета па традыцыі баявыя сябры на чале са старшынёй ГА «Бела-
рускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» В. В. Сафонавым сабраліся ў ваенным камісарыяце Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў, а адтуль разам з ваенным камісарам А. М. Савічам, начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. М. Апанасёнак накіраваліся ў вёску Луг, дзе пражывае Роза Данілаўна Сухвал — матуля загінуўшага ў Афганістане нашага земляка Аляксандра Сухвала.


Са слязамі на вачах сустракала жанчына гасцей, да якіх далучылася і старшыня Вярхоўскага сельвыканкама З. І. Сляская, прымала кветкі, цукеркі і матэрыяльную дапамогу. На магіле воіна-інтэрнацыяналіста адбыўся міні-мітынг з ускладаннем вянкоў ад воінскага братэрства і мясцовай улады. Затым была хвіліна маўчання — цішыня вечнасці сярод жыццёвай мітусні. Колькі гора было ў ёй, колькі слёз і пакут…


Старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» В. В. Сафонаў адзначыў, што гэта вайна была сапраўднай школай мужнасці для нашых салдат. Гонар за подзвігі, гераізм воінаў неаддзельны ад светлай памяці пра тых, хто не вярнуўся з бою. І сёння мы не павінны забываць, што зрабілі гэтыя мужныя людзі.


Пасля вяртання ў Бешанковічы воіны-афганцы правялі агульны сход, абмеркавалі надзённыя праблемы, а ў другой палове дня ў райцэнтры адбыўся мітынг з ускладаннем вянкоў і кветак да памятнага знака, які ўстаноўлены на бульвары па вуліцы Маладзёжнай у гонар нашых землякоў, што праявілі мужнасць і самаахвярнасць у Афганістане, смела глядзелі смерці ў твар, зведалі цану чалавечага жыцця.


…Бітвы заканчваюцца, а гісторыя вечная. Афганская вайна будзе яшчэ доўга жыць у душах тых, хто ў ёй удзельнічаў. Сёння воіны-інтэрнацыяналісты знаходзяцца на перадавых пазіцыях у грамадстве, актыўна ўдзельнічаюць у грамадска-палітычным жыцці раёна і краіны, займаюцца патрыятычным выхаваннем маладых людзей, фарміруюць у падрастаючага пакалення гатоўнасць стаць на абарону суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны. Для падлеткаў гэтыя мужчыны з ордэнамі на грудзях — жывое ўвасабленне гераічнай гісторыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *